Островецкие водители о традициях и привычках

12:00 / 26.10.2025

Па вялікім рахунку, аўтамабілісты – гэта ўсе, хто мае машыну і водзіць яе. Пацікавіліся ў мясцовых вадзіцеляў, ці ёсць у іх звязаныя з аўтамабілем традыцыі і звычкі.

Аліна Змітровіч, г. Астравец (без фота):

– За рулём ужо 18 гадоў, і адзіная традыцыя, якую выконваем кожны год, – асвячаць машыну, каб яна служыла, як кажуць, верай і праўдай, і каб ездзіць без аварыйных сітуацый. Увогуле гэта больш мужа аўтамабіль – ён і даглядае яго, і любіць больш чым я. (Смяецца.) Да слова, менавіта муж абавязкова кладзе ў бардачок асвечаны кавалачак хлеба.

Яўген Кузьміцкі, п. Гудагай:

– Я сёння на рабочай машыне, ёсць і свая. Але традыцый ні з адной, ні з другой няма. Хіба што памаліцца перад далёкай дарогай – у асноўным езджу Мінск, Гродна ці да цёшчы ў Вілейскі раён. Перахрысціўся – і паехаў, каб лёгка прайшла дарога і туды, і назад. 

Андрэй Касцечка, г. Астравец:

– Замяніць асвяжальнік паветра, прыбраць машыну… Гэта раблю пастаянна, але традыцыямі не назавеш. Перад паездкай нічога не «шаманю» – аўто ў добрым стане, я ў ім упэўнены. Праязджаю 5 тысяч кіламетраў – правяраю масла. І ўсё нармальна. Часта выбіраюся ў сталіцу. І бяру з сабою бутэрброды і тэрмас з чаем. Во, гэта мая традыцыя! Вельмі зручна мець пад рукой, і заязджаць нікуды не трэба, каб перакусіць.  Гэта звычка засталася яшчэ з часоў, калі працаваў дальнабойшчыкам. Яшчэ люблю цукерачкамі паласавацца – часцяком таксама маю іх з сабой. Едзеш, руліш – і атрымліваеш асалоду…

Вадзім Рынгель, г. Астравец:

– Нічога асаблівага няма – сеў і паехаў. Больш таго, трэба глянуць, ці не скончылася страхоўка – адсочваць гэта таксама не стала традыцыяй. (Усміхаецца.) Жыццё настолькі сумбурнае… 

Я спакойны вадзіцель: правіл не парушаю, еду сабе ціхенька – таму не бачу сэнсу ў нейкіх дзеяннях: па капоце пастукаць ці панэль ад пылу працерці. І няма ў мяне звычкі перад тым, як кудысьці ехаць, нешта рамантаваць або наогул рабіць тэхабслугоўванне машыны. Карыстаюся ёй, каб перамяшчацца па маршруце  работа-дом. Нават мыю раз у паўгода. Наўрад ці і гэта можна аднесці да традыцыі.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович