Дзедаўская прылада: конскія путы?
15:33 / 09.10.2025
Першай адгукнулася Ларыса Гаваноўская:
«Гэта путы для каня. Конь – не карова, яго за шыю не навяжаш – сарвецца! – сказала жанчына, трохі засмучаная, што ў мінулы раз не ўгадала матавіла: «Калі б быў такі здымак, як у Аляксандры Працуты, я, вядома, пазнала б».
«Удзень коні працавалі, а ўночы іх пасвілі. Каб конь не сышоў далёка ці цыганы не ўкралі, надзявалі на іх путы. Спутаныя жывёліны рабілі толькі невялікія крокі, дробна пераступалі, каб паскубаць траву, а пабегчы не маглі. У калгасе некалі было шмат коней, на іх уся работа трымалася – і аралі, і сенавалі, і торф вазілі, і гной. Жалезных путаў не хапала, то рабілі вяровачныя. Але ў табуне заўсёды быў лідар, на яго надзявалі моцныя, каваныя, бо як ён сарвецца і пабяжыць, то і ўвесь табун за ім», – расказала, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю, Леанарда Якель.
Генрых Лукашэвіч паведаміў, што былі не толькі жалезныя і вяровачныя путы, але і скураныя. І нават фота прыслаў адных і другіх. Ён паведаміў, што памер мяккіх путаў рабілі па дыяметры шыі каня. Вельмі зручна: распутаў, павесіў жарэбчыку на шыю і паскакаў, куды трэба. Сам у маладосці не раз так на танцы ездзіў. А потым коніка злёгку галінкай скіруеш – ён і пойдзе назад. Разумная жывёліна!
Замок на жалезных путах быў хітры, з сакрэтам, яго не кожны мог адкрыць. Пётр Станкевіч расказаў, што путы рабілі з калёнага жалеза, каб нельга было перапілаваць.
Некаторых коней не толькі путалі, але і трыножылі: да звязаных пярэдніх ног прымацоўвалі яшчэ і адну заднюю. Так коням яшчэ цяжэй рухацца. Бедныя жывёліны! Нездарма Наталлі Блахіной, па яе словах, жалезныя конскія путы, якія віселі ў дзедавым хляве, нагадвалі кайданы, у якія закоўвалі рабоў і злачынцаў – дзяўчынка іх вельмі баялася. Уявіце сабе стан каня: паспрабуй пахадзіць з такімі кайданамі ўсю ноч! Дык яны ж яшчэ і муляюць… Таму некаторыя, як расказала Таццяна Бразевіч, рабілі для жалезных путаў спецыяльныя мяккія ўкладышы, каб не траўміраваць жывёліну.
Таццяна Бразевіч, якая, да нашай радасці, зноў вярнулася ў конкурс, расказала шмат цікавага і займальнага пра гэтую дзедаўскую прыладу. Аказваецца, путы выкарыстоўваліся яшчэ ў Сярэднявеччы, яны былі незаменным атрыбутам у любой гаспадарцы, дзе ўтрымлівалі коней. На пашы яшчэ можна было абысціся без іх, асабліва калі вартаўнікамі і пастухамі ў начное адпраўляліся гаспадары, а пры транспарціроўцы, правядзенні ветэрынарных маніпуляцый, пры ўтрыманні вялікіх табуноў, асабліва баявых коней, без гэтага, бясспрэчна, негуманнага сродку стрымлівання актыўнасці жывёліны было не абысціся.
Таццяна Бразевіч і Аляксандра Працута даслалі даўнейшыя прэйскуранты на конскія путы і замкі для іх.
Некаторыя канкурсанты падзяліліся прыказкамі і прымаўкамі пра путы, і не толькі конскія.
Таццяна Бразевіч узгадала даўнюю традыцыю «пераразаць путы» паміж ножкамі дзіцяці, якое рабіла першыя крокі: бацькі ці бабулі-дзядулі сімвалічна нажом «крыжавалі» шлях перад малым: лічылася, што пасля гэтага дзіцятка пойдзе хутчэй і не будзе падаць.
Паўтаруся: на гэты раз усе адказы былі правільнымі. Толькі ў некаторых удзельнікаў – разгорнутыя і падрабязныя, у іншых – аднасказныя. Таму і колькасць балаў няроўная.
Таццяна Бразевіч на гэтым этапе конкурсу атрымлівае 6 балаў. Аляксандра Працута, Ірына Яновіч і Генрых Лукашэвіч – па 4, Леанарда Якель, Ларыса Гаваноўская, Наталля Блахіна і Рэгіна Дрэма – па 3, Пётр Станкевіч – 2, Паліна Андралойць і Сабіна – па адным.
Фота Ірыны Яновіч.