У цёплае душэўнае свята выліўся канцэрт “Мудрасць восені – шчаслівае імгненне”

16:17 / 02.10.2025

У Дзень мудрых людзей прапанавала перайменаваць свята, якое адзначаецца 1 кастрычніка, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталля Баніцэвіч. І ў гэтым нешта ёсць…

Зрэшты, справа не ў назве. І ў слове “пажылыя” няма нічога ганебнага ці зневажальнага. Так, пажылі… Нажылі вопыт, мудрасць, некаторыя – павагу і пашану. І пры тым захавалі – зноў жа не ўсе – свежасць пачуццяў, яснасць розуму, адкрытасць душы.

Менавіта іх, заўжды маладых душой, у Дзень пажылых людзей, запрасілі на свята “Мудрасць восені – шчаслівае імгненне”.


На ўваходзе гасцей сустракала выстава дзіцячых малюнкаў “Дзень бабуль і дзядуль”. Зрабіць здымак на памяць можна было ў святочнай фотазоне. А яшчэ – бясплатна наведаць раённы музей.



Віншаванні, словы захаплення, падзякі, павагі, прызнання – усё ў гэты дзень прызначалася ім, тым, каму за… Хоць, ловячы гуллівыя позіркі і вясёлыя ўсмешкі, міжволі адзначаючы яркую памаду і высокія абцасы, часам адольвалі сумненні: а ці іх гэта свята? Ці не памыляецца пашпарт?


Старшыня раённага Савета дэпутатаў дэпутатаў Генадзь Бычко, віншуючы са святам, нагадаў словы аднаго мудрага святара, які сказаў, што сталы ўзрост – гэта падарунак Бога, які даецца далёка не кожнаму. А пра тое, што “гады – не бяда, калі душа маладая”, сведчыць актыўнасць нашых людзей сталага веку, без удзелу якіх не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства. Ён уручыў Падзячны ліст старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Локцевай.


Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Баяровіч ўручыла Падзячны ліст старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктару Ермаку, а раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” адзначыла падзякай і падарункам за актыўную жыццёвую пазіцыю Дануту Чарнушэвіч.


– Людзі сярэбранага ўзросту – гэта нашы бацькі, бабулі і дзядулі. На жаль, маладым не заўсёды хапае часу, каб пагаварыць з імі па душах, падзякаваць за ўсё. Але ведайце: мы вас любім, шануем, цэнім. Няхай ваша жыццёвая дарога будзе доўгай і шчаслівай, – сказала Вольга Віктараўна.


Раённы камітэт БРСМ адзначыў граматай былога камсамольскага лідара, заўжды маладога душой Сяргея Шэіна.

Старшыня раённай арганізацыі ГА БСЖ уручыла падзяку і падарунак сваёй актывістцы Святлане Сінкевіч, якая, да слова, тут жа і прадэманстравала сваю актыўнасць: Святлана Пятроўна – ўдзельніца танцавальнага калектыву “Чаромушкі”, які ў той дзень выйшаў на сцэну, каб падарыць гледачам добры настрой.

Далучыліся да гэтага агульнага падарунка лепшыя творчыя сілы раёна: ансамбль “Світанак” і яго кіраўнік і салістка Ганна Ткачук, Аляксандр Юргялянец, Ганна Уласік, Юрый Інаровіч, Алена Якубцэвіч і іншыя.




Цёплай, душэўнай, яркай атрымалася віншавальная праграма. Гледачы пакідалі залу ўзнёслыя і акрыленыя. Шчырыя цёплыя словы, добрая песня, стасункі з сябрамі – усё гэта дазваляе адчуць сябе патрэбным і шчаслівым у любым узросце. А для герояў свята гэта асабліва важна.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.

Фото: Нина Рыбик, Елена Войтехович