Аляксандр Марозаў стаў лаўрэатам прэстыжнага творчага конкурсу “Залатое пяро Русі-2025”

10:00 / 02.10.2025


Ураджайнай на літаратурныя ўзнагароды выдалася гэтая восень для Аляксандра Марозава з Філіпан. У верасні на Дні пісьменства ў Лідзе яго аб’явілі пераможцам конкурсу на лепшы зборнік сучаснай паэзіі імя паэта Валянціна Таўлая. А напрыканцы гэтага ж месяца стала вядома, што Аляксандр Іванавіч стаў лаўрэатарам ХХ Міжнароднага творчага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія “Залатое пяро-2025” у намінацыі “Мая малая радзіма”.

На працягу гэтага года ў аргкамітэт паступіла звыш 20-ці тысяч твораў з 53 краін. Журы вызначала пераможцаў і лаўрэатаў у некалькіх намінацыях “Камунікацыя”, “Публіцыстыка”, “Проза” і іншых. У катэгорыі “Мая маленькая радзіма” высока адзначылі падборку вершаў Аляксандра Марозава “Вёсачка”.

– Упершыню ўдзельнічаў у гэтым міжнародным конкурсе. Прыемна, што трапіў ў лік лаўрэатаў, тым больш што ў маёй намінацыі найвышэйшую адзнаку атрымаў зборнік “Поэзии связующая нить” (у ім аб’яднана культурная спадчына Расіі і Кітая) і ў ліку пераможцаў міністры замежных спраў РФ і КНР Сяргей Лаўроў і Ван І, – падзяліўся паэт. – На конкурс адправіў нізку вершаў са сваёй кнігі “Страна, в которой я живу”. Яны прысвечаны вёсачцы Філіпаны, у якой я жыву і якая стала для мяне роднай і любімай, а таксама Беларусі – яна, як сапраўдная маці, гасцінна прыняла нас з блізкімі мне людзьмі на сваёй зямлі. Усе творы нараджаюцца па натхненні, але гэтыя, відаць, асабліва ўразілі журы, таму што напісаны душой.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: из архива АП