Астравецкая дэлегацыя на абласных “Дажынках-2025” у Ваўкавыску: як гэта было (дапоўнена)

10:38 / 22.09.2025


У суботу Ваўкавыск пераўтварыўся ў “дажыначную” сталіцу Прынёмання, дзе цэлы дзень на вуліцах горада віравалі добры настрой, гучалі песні, у тым ліку ў выкананні “Кемяліны”, гасцей весела, смачна і з душой сустракалі на тэматычных падворках.

На абласным свяце-кірмашы працаўнікоў вёскі пабывала і астравецкая дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканама Сяргеем Мядзвецкасам.

У цэнтральным гарадскім скверы Ваўкавыска кожны жадаючы мог падзівіцца на снапы і караваі ўсіх 17-ці раёнаў Гродзеншчыны. Годна сярод іх выглядалі і астравецкія. Яны хоць і не вылучаліся вялікімі памерамі ў параўнанні з суседнімі, але былі, як па мне, асаблівымі: гарманічна адлюстроўвалі ўнікальнасць і адметнасць нашага краю. Астравеччына – атамная сталіца Беларусі з моцнымі сельскагаспадарчымі традыцыямі.

Умелыя рукі рамесніц уплялі ў сноп не толькі асноўныя збожжавыя культуры, якія вырошчваюцца на нашых нівах, але і самы пазнавальны сімвал Беларусі – зробленыя з саломкі васількі.

Акрамя традыцыйных кветак і каласкоў, астравецкі каравай упрыгожвалі бусел, карта раёна, поруч з трактарам – градзірні, а таксама выява стэлы, якую сёлета ўрачыста адкрылі на святкаванні дня горада.


Зазірнуўшы на каларытныя падворкі, можна было зрабіць міні-падарожжа па ўсіх раёнах Гродзеншчыны. Дарэчы, усе рыхтавалі свае лакацыі на акрэсленую тэматыку. Астраўчанам выпала “збожжа”. Здавалася б, што незвычайнага і асаблівага можна прыдумаць на традыцыйную для сельскай гаспадаркі тэму? Але не былі б гэта нашы землякі! Работнікі культуры і гаспадарак пастараліся на славу. Упэўнена, кожны госць пакідаў падворак з упэўненасцю, што астравецкі край – гэта збожжавы рай.

Пад вялізным белым шатром, які ўдала спалучаў некалькі лакацый, літаральна за 10-15 хвілін можна было пачуць і ўбачыць, які шлях робіць збожжа з поля да нашых сталоў.

Астравецкі падворак наведалі і ганаровыя госці: Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Гродзенскай вобласці Аляксандр Вальфовіч, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Шулейка, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.


Гасцей прывітаў гаспадар-беларус. Пшаніца, жыта, ячмень, грэчка, авёс – чаго толькі ні вырошчваюць на астравецкіх палях. У адмысловай лабараторыі, дзе ўвагу прысутных прыцягвалі не толькі колбачкі, але і вялізны мікраскоп, дзяўчаты-даследчыцы пільна правяралі зярняты і на “вытворчасць” прапускалі муку толькі вышэйшага гатунку. У сямейнай пякарні дружна мясілі цеста тата, мама і дачушка. А на апошняй лакацыі можна было пабачыць і пакаштаваць усё шматаблічча прадукцыі са збожжа: хлеб, булкі, багеты, пірагі, макароны, піва, квас. Кожнаму з членаў камісіі астраўчане ўручылі памятныя сувеніры, а старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыю Караеву – холст, на якім адлюстраваны момант наведвання губернатарам нашага раёна падчас жніва.






Адным з самых яркіх і хвалюючых імгненняў святкавання абласных “Дажынак” у Ваўкавыску стала ўрачыстае шэсце дэлегацый. Астраўчане былі пазнавальны здалёк. Поруч ішлі кіраўнікі раёнаў і хлебаробы, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў і вадзіцелі... Тыя людзі, хто кожны на сваім месцы адказна, старанна і з душой рабіў сваю справу і ўносіў часцінку свайго плёну ў агульны каравай і харчовую бяспеку краіны. А ганарыцца аграрыям Прынёмання ёсць чым: хлебаробы вобласці намалацілі звыш 1 мільёна 700 тысяч тон збожжа.



Шмат віншаванняў, цёплых слоў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання гучала ў адрас аграрыяў Прынёмання. Па традыцыі на свяце падвялі вынікі абласнога спаборніцтва сярод удзельнікаў жніўнай кампаніі. Акрамя гэтага, адзначылі работу іншых працаўнікоў, спецыялістаў і кіраўнікоў. Трэцяе месца сярод галоўных інжынераў у дасягненні высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых заняў Павел Гваздоў з КСУП “Гудагай”. Падзяку Прэм’ер-міністра атрымаў першы намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла, Падзяку главы адміністрацыі Прэзідэнта – дырэктар КСУП “Гудагай” Эдуард Садоўскі, падзяку Савета бяспекі – машыніст трылёвачнай машыны Астравецкага вопытнага лясгаса Аляксей Жусін, які сёлета ўбіраў нівы ў КСУП “Гервяты”. На абласным этапе рэспубліканскага агляда-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” лепшым сярод сельсаветаў прызнаны Гудагайскі (старшыня Уладзімір Барысевіч). Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу ўшанаваў механізатаў КСУП “Варняны” Эдуарда Мураўскага, які атрымаў юбілейны медаль “120 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”, РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Рамана Журэйку, вадзіцеля сельгастэхнікі Часлава Казлоўскага (апошнім уручылі пуцёўкі ў санаторый).




Не падвяла сваіх старэйшых калег і астравецкая моладзь: трэці год запар наша каманда стала абсалютным пераможцам “Сельскай эстафеты-2025”.

Гонар прымаць лепшых хлебаробаў вобласці на сваёй зямлі выпаў Карэліцкаму раёну. Верыцца, што і ў наступным годзе нашы аграрыі не раз падымуцца на святочную сцэну за заслужанымі ўзнагародамі.

З першых вуснаў

Сяргей Мядзвецкас, старшыня райвыканкама:

– Абласное свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі” – гэта падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага года, ушанаванне лепшых аграрыяў вобласці. Гэты сезон хоць і быў няпростым, у пэўнай ступені – складаным, тым не менш, ён радасны. Адметна, што і па збожжы, і па малаку мы сплюсавалі.

Увогуле сельская гаспадарка Астравецкага раёна дынамічна развіваецца, мы ўводзім у эксплуатацыю жывёлагадоўчыя аб'екты, абнаўляем тэхніку, да нас прыходзяць новыя маладыя кадры. Таму з радасцю і гонарам за нашых аграрыяў удзельнічаў у абласных “Дажынках” у Ваўкавыску.

Павел Гваздоў, галоўны інжынер КСУП “Гудагай”:

– Мне выпаў гонар падымацца на святочную сцэну за ўзнагародай. Лічу, што гэта не толькі мая перамога, але і ўсіх працаўнікоў, якія ў такіх напружаных умовах сёлета ўбіралі ўраджай. І з гэтай задачай мы справіліся годна. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич