«Працую для людзей і пра сябе часам забываюся», – Анжэла Янкоўская пра сваю сельскую бібліятэку

11:32 / 12.09.2025

У Мальскай сельскай бібліятэцы ёсць захавальнік. Чалавек, які кожны дзень прыходзіць і ажыўляе гэтае месца сваёй прысутнасцю. Гэта бібліятэкар – Анжэла Янкоўская.

Яе гісторыя – не проста аповед пра работу, а сапраўдная аповесць пра бібліятэку, чытачоў, кнігі, мерапрыемствы і новыя ідэі.

Анжэла працуе тут ужо 23 гады. І яе шлях у прафесію пачаўся не з асабістага выбару, а з настаўніцтва цёткі Марыны, якая сама працавала ў дзіцячай бібліятэцы.

Менавіта яна прывіла пляменніцы любоў да чытання і параіла паступаць у каледж. І хоць гэта быў не зусім уласны выбар, з цягам часу бібліятэчная справа для Анжэлы стала не проста заняткам, а сапраўдным пакліканнем:

– Цяпер я жыву сваёй працай, – з усмешкай кажа жанчына.

Сёння, калі любую кнігу можна знайсці ў інтэрнэце – прачытаць з экрана смартфона або праслухаць, Анжэла аддае перавагу традыцыйнаму фармату. Для яе кніга – не проста тэкст. Гэта асаблівы працэс, калі гартаеш старонкі.

– Колькі пытаюся ў моладзі пра кнігі, усім больш падабаюцца папяровыя, а не іх лічбавыя аналагі. І для мяне выданне заўсёды павінна быць такім, якое ёсць, – разважае бібліятэкар.

Літаратуру жанчына чытае самую розную, але перавагу аддае мастацкім творам.

– Раней на чытанне было значна больш часу, цяпер працоўныя будні настолькі насычаныя, што на захапленне яго амаль не застаецца. Клопаты, сустрэчы і мерапрыемствы цалкам паглынаюць, бо працую для людзей і пра сябе часам забываюся.

Галоўныя прынцыпы ў яе рабоце – якасць і карысць. Анжэла ўпэўнена: калі нешта робіш, гэта павінна быць правільна. Добры работнік – той, хто не проста выконвае свае абавязкі, а робіць гэта з душой, з клопатам аб кожным наведвальніку.

Бібліятэкар пераканана, што жыццё мае сэнс толькі тады, калі ты прыносіш карысць іншым. Гэта тычыцца і яе асабістага ўкладу, і работы з чытачамі, і правядзення мерапрыемстваў. Яна імкнецца, каб кожнае дзіця, якое прыйшло на сустрэчу, вынесла нешта каштоўнае для сябе, каб гэта хоць трохі змяніла яго да лепшага.

– Калі працаваць, то якасна і правільна, каб падабалася людзям, – падкрэслівае жанчына. – Сваім дасягненнем лічу прыцягненне тых чытачоў, якія раней у бібліятэку не прыходзілі, а цяпер бяруць кнігі часта і шмат чытаюць.

З асаблівым цяплом яна ўспамінае цяжкіх падлеткаў, якія стаяць на ўліку. Звычайна іх лічаць складанымі, але для жанчыны яны – лепшыя.

– У бібліятэцы гэтыя дзеці паводзяць сябе інакш: я бачу, як яны мяняюцца, як раскрываецца іх патэнцыял. Яны добрыя і мая задача – паказаць ім гэта, – з упэўненасцю гаворыць бібліятэкар.

Запыты чытачоў Анжэла задавальняе хутка: патрэбная кніга выдаецца на месцы, альбо прывозіцца з цэнтральнай бібліятэкі. Ёсць і людзі, якім выданні вязуць на дом. Але часта ў жанчыны просяць аб сустрэчы, каб пагутарыць, – “заходзьце часцей і затрымлівайцеся даўжэй”.

Сярод яе пастаянных наведвальнікаў ёсць незвычайныя людзі. Напрыклад, чытачка Валянціна, якая любіць кветкі, і яе 85-гадовая мама. Яны так шмат чытаюць, што бібліятэкар ледзь паспявае падвозіць ім новыя кнігі. Гэтая гісторыя – яскравы прыклад таго, што літаратура жыццёва неабходная, незалежна ад узросту.

Па словах жанчыны, бібліятэка амаль не змянілася. Але чытачоў з кожным годам тут усё больш. Бываюць дні, калі адна жанчына прыходзіць, таму што тут знаходзіцца яе сяброўка. Тады яны разам сядаюць за стол і размаўляюць пра свае захапленні – ад сакрэтаў мыцця да рэцэптаў пірагоў.

Анжэла не лічыць сваю бібліятэку асаблівай: усе яны падобныя, і людзі ходзяць туды за адным і тым жа. Аднак яе ўласнае стаўленне і энергія прыцягваюць чытачоў з усяго раёна. Людзі прыязджаюць па кнігі нават з Астраўца.

– Як жартуе мой муж: “Ты не паспееш прыйсці – яны да цябе самі прыйдуць”. І ён мае рацыю. Чытачы прыходзяць нават калі ў бібліятэцы ідзе рамонт, – дзеліцца жанчына.

Кожны чытач нясе з сабой унікальную гісторыю. Анжэла адзначае, што ўсе яны па-свойму цікавыя, і кожная сустрэча – гэта новы сюжэт.

Асаблівая падзея – праект па патрыятызме, які Мальская бібліятэка сумесна с сярэдняй школай №1 распачалі летась. У рамках гэтай ін іцыятывы дзеці паглыбляюцца ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны: размаўляюць пра вайну, праводзяць квэст-гульні, экскурсіі і зімовыя паход ы.

А тым, хто даўно не быў у бібліятэцы, Анжэла раіць проста туды прыйсці. Бібліятэкар абавязкова падкажа ўсё, што захочацца даведацца, і “ўцягне” ў свет кніг.


Бліц-апытанне

Калі б ваша бібліятэка была чалавекам, то які б характар у яе быў?

– Цвёрды. Я вельмі люблю дысцыпліну, каб усё было раскладзена па палічках, і кожны наведвальнік мог адразу знайсці тое, што яму трэба.

Якія дзве кнігі вы б узялі з сабой на бязлюдны востраў?

– Кніга па выжыванні мне не патрэбна – што-небудзь прыдумала б, бо шмат чытала раней. Можа, раман Воранавай для адпачынку і Біблію. Бо ўсё ніяк не магу прачытаць яе цалкам, а на востраве, я б яе дакладна адужала.

– Ці ёсць у вас любімае месца для разважанняў?

– Гэта лецішча. Люблю пасядзець на верандзе – заварваю гарбату і атрымліваю асалоду ад цішыні.

Текст: Елена Войтехович
Фото: Елена Войтехович