Аляксандр Марозаў падзяліўся ўражаннямі ад Дня беларускага пісьменства ў Лідзе і перамогі ў паэтычным конкурсе

14:26 / 08.09.2025


На некалькі дзён Ліда ператварылася ў сталіцу беларускага пісьменства. На свяце працавалі шматлікія тэматычныя пляцоўкі, праходзілі майстар-класы. А яшчэ адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і дыпламантаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы зборнік сучаснай паэзіі імя паэта Валянціна Таўлая, якое зладзіла Гродзенскае абласное аддзяленне “Саюза пісьменнікаў Беларусі”. У іх ліку і Аляксандр Марозаў з кнігай “Страна, в которой я живу”, які атрымаў Дыплом І ступені. Па вяртанні на Астравеччыну літаратар падзяліўся ўражаннямі ад свята і конкурса:


– У Ліду на ўрачыстасць Дня беларускага пісьменства мая дарога праходзіла праз Гродна. Па запрашэнні калег па пяру спачатку прыехаў у абласны цэнтр, каб паўдзельнічаць у тэлепраграме “Вокны горада”, якая выходзіць на канале “Беларусь-4”. Выпуск быў тэматычным: паэты і празаікі Прынёмання расказвалі пра сваю творчасць і кнігі. Я не мог не ўзгадаць работу нашага літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”, аўтараў і тых, хто стаяў у вытокаў яго стварэння.


У суботу ў складзе абласной афіцыйнай дэлегацыі (каля 20-ці чалавек) у Лідзе мы прадстаўлялі Гродзенскае адзяленне. Дарэчы, там былі прадстаўлены літаратурныя пляцоўкі ўсіх абласцей краіны, дзе прысутнічала звыш ста пісьменнікаў і паэтаў. Асноўнай тэмай нашай лакацыі было 80-годдзе Вялікай Перамогі і ўспамін лётчыкаў, якія адводзячы самалёт ад населеннага пункта загінулі як героі ў 2021 годзе пад Баранавічамі.

Хоць вольнага часу было зусім мала, тым не менш атрымалася пастасавацца з калегамі па літаратурнай дзейнасці з іншых гарадоў, убачыць землякоў з Астравеччыны – біліятэкараў і рамеснікаў. На святочнай сцэне выступалі заслужаныя калектывы, было зачытана прывітанне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.


У доме-музеі Валянціна Таўлая віншавалі пераможцаў аднайменнага конкурса “Шляхі , пракладзеныя ў заўтра” на лепшы сучасны зборнік паэзіі. Да слова, на яго было пададзена звыш 50-ці кніг. Гучалі цёплыя словы ад першага намесніка старшыні “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Алены Стэльмах і кіраўніка Гродзенскага Людмілы Кебіч. Было прыемна чуць апладысменты, словы падтрымкі і віншаванні ад калег. Усцешаны, што майму зборніку прысудзілі 1-е месца – гэта стымулюе не зніжаць планку і надалей тварыць. Пад вокладкай зборніка “Страна, в которой я живу” сабраны вершы, у тым ліку і на беларускай мове, напісаныя за апошнія гады ў невялічкай вёсцы Філіпаны.

Праграма Дня пісьменства была вельмі насычанай. Мне даводзілася ўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах у Полацку і Гарадку, таму ёсць з чым параўноўваць. З ўпэўненасцю магу сказаць, што арганізацыя свята ў Лідзе заслугоўвае самых пахвальных водгукаў.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива героя