Раённыя бібліятэкары выдалі ўнікальную кнігу
14:00 / 06.09.2025
Назва простая і мала пра што скажа чытачу: «Мой востраў радасці – Астравеччына» (у адрэдагаваным варыянце, на мой погляд, крыху лепш, хоць таксама не зусім арыгінальна: «Край натхнення майго – Астравеччына»).
Унікальнай яе можна назваць па некалькіх прычынах. Па-першае, яна існуе ў адзіным экзэмпляры. Па-другое, гэта самвыдат: кнігу падрыхтавалі, надрукавалі і выдалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі, якія неаднойчы здзіўлялі і радавалі сваім крэатыўным падыходам да розных форм стварэння, папулярызацыі, распаўсюджвання кнігі. Трэцяй і галоўнай яе адметнасцю з’яўляецца тое, што гэта першая і пакуль што адзіная спроба сабраць пад адной вокладкай літаратурную спадчыну Астравеччыны: біяграфіі і творы літаратараў, якія тым ці іншым чынам звязаны з нашым краем.
Нехта, як Рычард Бялячыц, Станіслаў Валодзька, Лілія Бандарэвіч-Чарненка, Інэса Багдзевіч, Алена Пяшко-Базюк, Людміла Маркоўская, тут нарадзіліся і, хоць жывуць цяпер у іншых гарадах і краінах, нясуць у сваіх сэрцах і творах цяпло і святло малой радзімы.
Для некага – Ганны Чакур, Алёны Гануліч, Людмілы Валадзько, Людмілы Кухарэвіч, Іаланты Валуевіч, Таццяны Граблеўскай, Дзіяны Аляксандравай, Станіслава Курылы, Часлава Навіцкага, Вольгі Саковіч, Аляксандра Харытонава – Астравеччына стала калыскай, якая ўзлюляла не толькі іх талент, але і характар, стала месцам сілы.
Нехта – Валянціна Коўтун, Артур Цяжкі, Алёна Рыбік, Антон Мальшэўскі – жылі ці працавалі тут пэўны час: месяцы ці гады, і прысвяцілі Астравеччыне і яе людзям нямала ўзнёслых радкоў.
Але незалежна ад таго, пражылі аўтары на Астравеччыне некалькі месяцаў ці ўсё жыццё, наш край стаў для іх крыніцай натхнення.
Укладальнікі не сталі падзяляць літаратараў на знакамітых і малавядомых і размясцілі 39 творцаў у алфавітным парадку. І ў гэтым яшчэ адна вартасць кнігі: кожны з іх апяваў наш край у меру свайго таленту – і кожнага памятае і кожным ганарыцца радзіма.
Як узнікла ідэя такой кнігі? І чаму толькі цяпер?
« На працягу многіх дзесяцігоддзяў нашы супрацоўнікі займаліся грунтоўнай пошукавай дзейнасцю па выяўленні літаратараў і іх твораў, звязаных з Астравеччынай», – гаворыць дырэктар раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава.
– З 1996 па 2001 пры раённай бібліятэцы дзейнічаў літаратурны клуб «Парасткі», дзе збіраліся пісьменнікі і чытачы. У 2011 годзе пры рэдакцыі «Астравецкай праўды» было створана літаратурнае аб’яднанне «Астравецкай зямлі галасы», якое пазней перайшло пад крыло бібліятэкі. Да таго ж бібліятэкары сочаць за ўсёй перыёдыкай, пачынаючы ад раённай газеты і заканчваючы спецыялізаванымі літаратурнымі выданнямі – газетай «Літаратура і мастацтва», часопісамі «Полымя», «Маладосць», «Нёман» і іншымі. Калі там друкуюцца творы нашых землякоў, мы, што называецца, бяром гэта на заметку. Апошнім часам шмат дапамагаюць сацыяльныя сеткі, – расказвае Наталля Ачарэтава.
«Словам, у нас назапасіўся багаты матэрыял і прыйшоў час сабраць усіх літаратараў Астравеччыны пад адной вокладкай. Форма была простая: змясцілі фотаздымак і кароткую біяграфію кожнага з іх і найбольш удалыя, на нашу думку, творы. Пры іх выбары арыентаваліся на тэматыку: хацелася, каб яна найперш была прысвечана нашаму краю. Тым больш што выданне прымеркавалі да 555-годдзя Астраўца: такім быў наш падарунак гораду».
«Гэтую кнігу мы рабілі найперш для ўласнага карыстання. Пагадзіцеся, вельмі зручна мець пад рукой усіх аўтараў і асноўныя іх творы, змешчаныя ў адным выданні, а не шукаць па каталогах і ў падшыўках «Астравецкай праўды» скажам, апавяданні Артура Цяжкага ці байкі Часлава Навіцкага», – гаворыць Галіна Францкевіч.
Кнігу ад пачатку да канца зрабілі супрацоўнікі бібліятэкі. Алена Мінкевіч шукала біяграфіі і творы, набірала тэксты. Вольга Тварагаль рэдагавала. Ніна Голуб рабіла вокладку. Галіна Францкевіч вярстала, на ёй жа было і, так бы мовіць, «паліграфічнае выкананне».
«Так бы мовіць» – не фігура мовы. У бібліятэкі да таго быў вопыт выдання невялікіх папяровых зборнічкаў мясцовых аўтараў. Так, яны сабралі ў асобных брашурах лепшыя творы Іаланты Валуевіч, Святланы Бацюлевай, Капіталіны Пятроўскай, Станіслава Курылы і іншых паэтаў і краязнаўцаў. Але кніга ў цвёрдай вокладцы патрабавала іншага абсталявання і ўменняў.
– Дык цяпер жа ёсць усеагульны настаўнік – інтэрнэт, – смяецца Галіна Францкевіч. – Адкрылі «Ютуб», паглядзелі відэаўрокі… Вядома, атрымалася не так, як у друкарні, але што змаглі…
Так, пры ўсім захапленні той працай, якую зрабілі бібліятэкары для захавання літаратурнай спадчыны роднага краю, самвыдатаўскія карані гэтай кнігі бачны няўзброеным вокам. Але няхай вока прадузятага крытыка заўважыць і адзначыць не толькі хібы, але і цеплыню і беражлівасць, з якой укладальнікі і самавучкі-«паліграфісты» паставіліся да аўтараў і іх твораў.
Калі адкінуць знешні бок справы і паглядзець на яе сутнасць, то нельга не адзначыць: праца астравецкіх бібліятэкараў неацэнная! І яна патрэбна не толькі супрацоўнікам бібліятэкі «для ўнутранага карыстання», а і ўсім чытачам – жыхарам Астравеччыны і не толькі… Каб ведаць, памятаць, натхняцца.
Таму не проста пажадана, а неабходна, каб гэтая самаробная кніга выйшла ў свет у дастойным паліграфічным выкананні, вартым яе зместу тыражом.
У яе ёсць усе шансы стаць бестселерам – прынамсі, на Астравеччыне.