Развагі з нагоды: любіш сабачку – любі і чысціню
08:00 / 31.08.2025
…Успамінаю Астравец пачатку 90-х, калі толькі пераехала сюды з Гомельшчыны. На ўвесь гарадскі пасёлак – дзве-тры чыгунныя сметніцы ў цэнтры горада, якія лёгка пераварочваліся ад дотыку рукі ці нагі – і хуліганы гэтай іх уласцівасцю ахвотна карыстаюцца. На тратуарах, калі іх можна было так назваць, валяецца смецце. Дворнікі сяк-так прыбіраюць плошчу і цэнтральныя вуліцы, у мікрараёне іх не пабачыш.
Тады не лічылася за сорам кінуць пад ногі паперку ад цукеркі: па-першае, сметніцу яшчэ пашукаць трэба, па-другое, не я першы – не я апошні, вунь іх колькі валяецца.
Час ішоў, мяняліся адносіны да чысціні і парадку ў краіне ў цэлым і ў Астраўцы ў прыватнасці. Прычым працэс гэты ішоў у двух сустрэчных накірунках у адпаведнасці з двума вядомымі супярэчлівымі афарызмамі.
Адны сцвярджалі, што не трэба змагацца за чысціню – трэба падмятаць: і дворнікі (цяпер ужо прыбіральшчыкі тэрыторыі), якіх станавілася ўсё больш, бясконца і нястомна прыбіралі, падмяталі, падграбалі.
А гараджане ў адпаведнасці з выказваннем, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць, станавіліся, калі можна сказаць, больш цывілізаванымі. Неяк незаўважна мы прывыклі не проста выкідваць смецце, а сарціраваць яго; калі не аказалася на шляху сметніцы, класці паперку ў кішэню ці сумачку і несці дахаты.
І нават сабак навучыліся выгульваць у спецыяльна адведзеных для таго месцах і выводзіць іх на прагулку, як і ў той самай Еўропе, на якую часам любім ківаць, з саўком і пакецікам, каб, калі што, прыбраць за хатнім любімцам экскрэменты.
Дык што – ура!? Цывілізаваліся?
На жаль, не зусім. І не ўсе…
«…Малюнак з натуры, пра які паведаміла наша чытачка – і нават фатаабвінавачванне даслала, каб, як яна сказала, «радзіма ведала сваіх герояў у твар» (у дадзеным выпадку – антыгерояў). Белым днём жанчына выгульвала сабаку каля дзіцячага садка №5. Той на вачах у дзяцей зрабіў сваю справу, а гаспадыня, дачакаўшыся яе заканчэння, прадоўжыла прагулку, нібыта і не здарылася нічога. Сляды жыццядзейнасці гадаванца засталіся там, дзе ён іх пакінуў. Дзеці, якія якраз былі на прагулцы, за ўсім назіралі. Такія вось урокі выхавання…»
Дарэчы, аўтар здымка ці хто іншы, назіраючы падобную сітуацыю, мог не хапацца за смартфон, а зрабіць даме з сабачкам заўвагу – магчыма, гэта было б больш дзейсна. Але, напэўна, як кажуць у Астраўцы, не хацелася звягі і таму пераадрасавалі гэтую місію рэдакцыі.
Фота «антыгераіні» друкаваць мы, вядома, не станем у спадзяванні, што яна прачытае гэты артыкул, паглядзіць на сябе чужымі вачамі, ёй стане сорамна і надалей яна на прагулку абавязкова захопіць з сабой пакет і савок.
Тым не менш, гэты прыватны факт, нам здаецца, варты ўвагі хоць бы таму, што ён не адзінкавы.
Так, усе мы любім хадзіць па чыстых вуліцах і тратуарах. Усе ганарымся, што горад наш добраўпарадкуецца і прыгажэе дзень пры дні. І нікому не хочацца адмываць свой ці дзіцячы абутак ад «мін», што застаюцца пасля сабачых прагулак. Думаю, «даме з сабачкам» – таксама.
То давайце паважаць адзін аднаго.
А найперш – сябе. Бо той сабачка пакінуў след не толькі на тратуары, а найперш – на рэпутацыі сваёй гаспадыні.
І яго прыбраць не так лёгка, як з пешаходнай дарожкі.