Зерно – до нужной кондиции, или Как работает самый новый зерносушильный комплекс в КСУП “Гудогай”

16:00 / 18.08.2025
Вынесенымі ў загаловак словамі сёлета кіруюцца без выключэння ўсе сельгаспрадпрыемствы. З кожным годам у нашай краіне ўборачная кампанія набывае ўсё больш тэхналагічную і зладжаную структуру. Раней фокус увагі звычайна цэнтралізаваўся на тэхніцы – камбайнах, трактарах і аўтамабілях, цяпер у прыярытэце не толькі ўборка збожжа, але і яго своечасовая і граматная дапрацоўка, якая немагчыма без сучаснага абсталявання. 

З пачаткам масавага жніва ў КСУП «Гуда­гай», якая з’яўляецца адзінай у раёне насенняводчай гаспадаркай, у Малях увялі ў эксплуатацыю новы зернесушыльны комплекс «ГрэйнКлаб». Карэспандэнт пабываў на аб’екце, і ўпэўніўся, што падчас жніва тут віруе жыццё. 

«Можна сказаць, што сушылка толькі прайшла «абкатку». Яе нашай гаспадарцы паставіў вядучы ў Беларусі вытворца іна­вацыйнага сельскагас­падарчага абсталявання, насенных ліній і зернесушыльных комплексаў, барысаўскае прадпрыемства «ГрэйнКлаб», – расказала загадчык зернесклада «Малі» Таццяна Даўляш. – Комплекс лічыцца мабільным, але ў нас ён стацыянарны. І за гэты кароткі тэрмін зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку». 

Як патлумачыла спецыяліст, пра­дукцыйнасць сушыльнага аг­рэ­­гата ў першую чаргу залежыць ад вільготнасці паступаючага з палёў збожжа.
 
– Сёлета яна больш высокая, чым у мінулыя сезоны, гэта крыху замаруджвае працэс, – працяг­ну­ла Таццяна Іванаўна. – Калі збожжа вільготнасцю 15-16% ідзе, як мы кажам, «патокам», танаж адпаведна павялічваецца. Напрык­лад, за апошнія 2 з паловай дні на «ГрэйнКлабе» «прагналі» 416 тон. Паўтару, асноўная ўмова для такіх аб’ёмаў дапрацоўкі – каб была адносна роўная віль­готнасць зярнят, без вялікіх перападаў. 

На тэрыторыі мальскага зернесклада «ГрэйнКлаб» – другі пасля «ЛідАрай» зернесушыльны комп­лекс. І па характарыстыках «навічок» нічым не саступае свайму больш узроставаму «калегу».

– У маркіроўцы і аднаго, і другога ЗСК стаіць «трыццатка» – гэта значыць, што іх прапускная здоль­насць складае 30 тон зерня ў гадзіну. Толькі «ЛідАрай», мне здаецца, змяшчае больш збожжа, – патлумачыла загадчык зернесклада

Прынцып работы абедзвюх сушылак з большага тыповы. Зерне трапляе ў яму, па транспарцёры з прыгожай назвай «лорыя» яно па ленце з коўшыкамі паступае далей. 

– «ЛідАрай» шахтнага тыпу: калі казаць простымі словамі, то туды збожжа загружаецца, як у бочку. У «ГрэйнКлабе» крыху іншы прынцып: тут варта ўявіць двух’­ярусны процівень. Але лепш вам усё пакажу, – з усмешкай прапанавала гаспадыня мальскага зернесклада і па дарозе пра­доўжыла: – На новым комп­лексе першы сезон працуюць людзі, таму, вядома ўзнікаюць, пэў­ныя нюансы: хлопцам таксама трэба налаўчыцца і на­біць руку. Мак­сіму Сліжэўскаму, якога сюды перавялі з будаўнічай бры­гады, дапамагае Віталь Кава­­­леў­скі. На «ЛідАрай» не пер­шы год – Міхаіл Грымбоўскі і Вік­тар Янкойць. Яны неадна­ра­зова траплялі ў лік перамож­цаў пра­­цоўнага спаборніцтва сярод апе­ратараў зернесушыльных комп­­лексаў. І ў гэтым годзе сталі 3-мі «двухтысячнікамі» раё­на. Спра­цаваны дуэт – нічога не ска­жу. Прапаноўвалі кожнаму з іх стаць старшым на сушылках і ўзяць сабе ў памочнікі іншага – не пага­дзіліся. 

Хоць па тэхнічных характарыстыках сушылкі раўназначныя, візуальна па памерах «ГрэйнКлаб» саступае «ЛідАрай». Тут таксама працуюць 2 аператары. 

– Сушылка добрая. З Віталем кантралюем увесь працэс ад засыпкі зярнят да іх выгрузкі. Тут, напрыклад, прасушылі ўсю партыю аўса – 600 тон, – рас­ка­заў Максім Сліжэўскі


Таццяна Даўляш прызналася, што на новы зернесушыльны комплекс ускладаюць вялікія спадзяванні, таму што і плошчы, і ўраджайнасць, адпаведна і валавы намалот у КСУП «Гудагай» па традыцыі самыя вялікія ў раёне. 

Адзначыла для сябе, што на тэры­торыі зернесклада няма значных залежаў збожжа. Відаць, усе стараюцца, каб яно не ляжала і не траціла сваіх якасцей.

Што і на якім сушыльным агрэ­гаце дапрацоўваюць, вырашаюць аграномы, да слова, не без удзелу дырэктара Эдуарда Садоўскага. 

– Зразумела, што істотнай роз­ніцы няма, але калі не пераскокваеш з культуры на культуру, – прасцей. Таксама не траціцца час на ачыстку і выключаецца верагоднасць змешвання культур, – зазначыла суразмоўца.

Дарэчы, жыццё на зернетоку пачынаецца ў 8 гадзін раніцы. Акрамя загадчыка зернесклада Таццяны Даўляш, агранома-насеннявода Марыі Ждановіч і ме­ха­нізатара пагрузчыка Віталя Мілаша штораніцу тут з дзясятак людзей. 

На перыяд уборкі спецыяльныя дзяжурствы на сушылках па чарзе нясуць спецыялісты з адміністрацыйнага будынку КСУП «Гудагай», якія фіксуюць кожны рэйс і танаж. Падчас майго візіту запісы вяла «кадравік» Наталля Налівайка. Перш чым трапіць на тэрыторыю зернесклада, кожная машына праязджае праз вагі – на электронным табло імгненна выбіваюцца тоны і кілаграмы.

Акрамя брыгадных паляводаў, падтрымліваць чысціню на тэры­торыі дапамагаюць старшаклас­нікі (у асноўным хлопцы ста­рэй­шыя за 16-ць гадоў), якія летам вырашылі зарабіць уласную капейчыну. Цяпер 7 юнакоў працуюць у 2 змены па 6 гадзін. 

– У асноўным ўсю так званую «чор­ную работу» цягнуць пад­леткі: чысцяць тэрыторыю, пры патрэбе «падлапачваюць» зерне. Падмятання вельмі шмат, лік ідзе на квадратныя кіламетры за дзень – адзін від збожжа насыпалі, другі прыбралі, а трэба падрыхтаваць пляцоўку пад наступную партыю, – расказала Таццяна Даўляш, якая, да таго ж, з’яўляецца куратарам маладых людзей.

Напрыклад, Ягор Калпак на зер­нетоку другое лета. За не­каль­кі тыдняў, па меркаванні хлопца, можна няблага зарабіць. 

«Пра падпрацоўку на зернескладзе летась падказалі бацькі – яны спецыялісты ў КСУП «Гудагай», – падзяліўся памагаты аграрыяў. – Нас забяспечылі спецвопраткай, акрамя гэтага, кормяць два разы на дзень. За абед вылічваюць сімвалічныя 1,50 рубля, а за вячэру і таго менш – 50 капеек. У мінулым годзе за 20-ць дзён зарабіў каля 700-800 рублёй. Думаю, што і сёлета атрымаю не менш».

...На развітанне пацікавілася ў загадчыцы мальскага зернесклада, што для яе – жніво.

«Не толькі работа, але і жыццё. Тут я больш за 20 гадоў. Памятаю, напачатку прыйду на зернесклад, а паўсюль кучы збожжа: авёс, ячмень, жыта… Хоць і вучыла, і тлумачыла тагачасны аграном Раіса Гайдановіч, а адрозніць пшаніцу ад трыцікале ніяк не магла. Набяру збожжа ў жмені, гляджу на іх і думаю: вы ж аднолькавыя. А потым разуменне само прыйшло. У кожнай культуры зярняты свайго адметнага колеру і нават адценню, маюць унікальную форму. Цяпер мне і браць іх у рукі не трэба, нават здалёк глянуўшы, магу сказаць, што там ляжыць пшаніца, – паказваючы на невялікі насып сказала Таццяна Даўляш. – Нашы хлопцы, – камбайнеры, вадзіцелі, прэсоўшчыкі – на перадавой, а мы, работнікі зернескладаў і комплексаў, – іх надзейны тыл. Усё ўбяром і перасушым!»
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич