Лаўкі «Тэрыторыя бяспекі» з’явіліся ў Астраўцы каля гімназіі №1

16:35 / 12.08.2025

Астравецкія выратавальнікі пастаянна вядуць работу па прафілактыцы пажараў і іншых надзвычайных сітуацый: выступаюць на бацькоўскіх сходах і ў працоўных калектывах, звяртаюцца да насельніцтва праз СМІ, нагадваюць правілы бяспекі падчас акцый ці ў спецыяльных відэароліках.

У нашым раёне прадстаўнікі МНС для прафілактыкі здарэнняў таксама выкарыстоўваюць арт-аб’екты. Напярэдадні новага навучнага года такія з’явіліся каля гімназіі №1. Выдатным дапаўненнем раённага рэсурснага цэнтра эфектыўных педагагічных практык «Школа бяспекі» сталі 2 тэматычныя лаўкі. На іх размешчаны нумары тэлефонаў службы выратавання 101 і 112, якія з’яўляюцца своеасаблівай падказкай, куды звяртацца ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.


– Аўтар – вядомы майстар, чые падобныя работы ўпрыгожваюць Астравец, Альфрэд Юруш. Ініцыятарамі выступілі адміністрацыя гімназіі і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, які аказвае нашай установе шэфскую дапамогу. Дарэчы, сяброўскія адносіны склаліся падчас службы на Астравеччыне начальніка РАНС Віталя Рыбака – пры яго падтрымцы адкрылі рэсурсны цэнтр, а пасля нарадзілася ідэя з лаўкамі, – расказала дырэктар Жанна Янцэвіч.

Аб’екты толькі з’явіліся, а дзеці, якія адпачывалі ў летнім лагеры на базе гімназіі, ужо прыдумалі прыкметы: калі на лаўках загадаць жаданне, яно абавязкова спраўдзіцца; калі проста пасядзець – у жыцці пачнуць адбывацца прыемныя падзеі. Хлопчыкі і дзяўчынкі кажуць, што гэта сапраўды працуе.

Верыцца, што ў новым навучальным годзе «бяспечны куток» стане папулярным месцам.



Фота з архіва гімназіі.

Текст: Светлана Фёдорова