Чым касілі збожжа ім траву нашы продкі
14:00 / 17.07.2025
Некаторыя канкурсанты, у прыватнасці, Генрых Лукашэвіч, Ірына Яновіч, Наталля Блахіна правільна заўважылі, што на здымку – мадэрнізаваны варыянт касілкі, які прычапляўся да трактара, а не да коней. Многія ўспомнілі, што такімі ж былі і жняяркі. Напачатку і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яны моцна аблягчалі працу селяніна: шырыня пракосу ў такой касілкі, як паведамляе Анастасія Юшкявічус, – 1,1 метра: паспрабуй ручной касой ці сярпом столькі скасіць ці зжаць!
Таццяна Бразевіч да пераваг такіх касілак аднесла іх экалагічнасць, нізкі кошт эксплуатацыі, магчымасць працаваць на складаных рэльефах і цяжкадаступных месцах (для работы на невялікіх палянках, балоцістых ці ўзгорыстых мясцінах конную касілку выкарыстоўвалі яшчэ і на памяці некаторых нашых канкурсантаў, у прыватнасці, Ларысы Гаваноўскай).
Вядома, былі ў яе і недахопы, пра якія таксама нагадала Таццяна. Асноўны з іх – абмежаваная прадукцыйнасць у параўнанні з сучаснымі машынамі.
Аляксандра Працута не толькі падрабязна расказала пра прынцып дзейнасці механізма (гэта зрабіла большасць канкурсантаў), але і даслала малюнак, дзе касілка паказана ў «разабраным» выглядзе. А яшчэ паведаміла гісторыю яе эвалюцыі.
Дзякуючы Аляксандры, мы даведаліся, што ў Расіі першую сенакасілку прыдумаў селянін Андрэй Хітрын. Попыт на гэтыя механізмы асабліва ўзрос пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе.
Канструкцыя касілак з цягам часу ўдасканальвалася, але прынцыпова не мянялася ажно пакуль коней не замянілі трактары: тады знікла сядушка для возчыка і прыстасаванні для запрагання.
У СССР конныя касілкі з 1936 года выпускаліся на «Растсельмашы», а з 1949 года – на Любярэцкім заводзе імя Ухтомскага.
Прынцып работы касілкі быў максімальна просты. Чалавек, які сядзеў на сядушцы, адначасова кіраваў коньмі і касілкай: апускаў, падымаў ці зусім адключаў нажы, якія прыводзіліся ў дзеянне ад кручэння колаў. У нерабочым стане, калі касілка пераязджала з месца на месца, нажы падымалі, на полі апускалі і, пакуль касілка рухалася, зразалася трава ці збожжа.
«Я ўжо і прызабылася трохі, але здымак нагадаў, – расказала Леанарда Якель. – Запрагалі ў каня, садзіўся возчык, ехаў – і нажом касілкі зразалася трава і клалася ў пракосы. Гэтак жа касілі і збожжа. Мне было гадоў 14, калі ў калгасе за жняяркай звязвалі жыта ў снапочкі. На такую работу хадзілі мы са старэйшай сястрой. А яшчэ раней сярпамі жалі. Памятаю, брыгадзір ушчуваў, што надта высокае іржышча пакідаем, смяяўся, што мяне, малодшай, нават не відаць, а сястра адказала, што знарок так робіць, каб людзям яшчэ было што касіць. Некалі ж іржышча касілі, гэта цяпер і трава нікому непатрэбна».
Пра тое, як працавалі касілкі і як ім самім часам шанцавала пасядзець на сядушцы, успомнілі Генрых Лукашэвіч і Рэгіна Дрэма, а Аляксандры Працуце расказаў пра свае дзіцячыя ўспаміны бацька.
Прыемна, што сярод нашых канкурсантаў людзі не толькі сталага веку, якія самі карысталіся дзедаўскімі прыладамі ці, па меншай меры, бачылі іх і тое, як з імі ўпраўляліся старэйшыя, але і людзі маладыя, нават школьнікі, як, да прыкладу, Мацвей Сакалоўскі. Для іх гэта лішняя нагода распытаць бабуль і дзядуль пра ранейшае жыццё-быццё ці пашукаць у інтэрнэце адказы на пытанні і больш даведацца пра мінуўшчыну.
У гэтым этапе конкурсу найбольшую колькасць балаў – 5 – атрымала Аляксандра Працута, якая даслала падрабязны адказ і нават праілюстравала яго. Я ўжо маўчу пра тое, як Аляксандра афармляе свае адказы на пытанні: гэта заслугоўвае дадатковага заахвочвання.
Чатыры балы мы аддалі Таццяне Бразевіч за яе падрабязны адказ. Па тры балы атрымалі Генрых Лукашэвіч, Анастасія Юшкявічус, Наталля Блахіна, Ірына Яновіч, Леанарда Якель, Рэгіна Дрэма; па 2 у Ларысы Гаваноўскай і Пятра Станкевіча, па аднаму – у Мацвея Сакалоўскага, Віктара Мізея і natali242 (у чарговы раз просім таямнічую Наталі паведаміць сваё прозвішча).