Как трудятся на уборке нового урожая хлеборобы КСУП «Ворняны»

11:53 / 16.07.2025


Першым сярод культур на Астравеччыне даспеў азімы ячмень, і першымі ў раёне абмалочваць яго пачалі хлебаробы КСУП “Варняны”. Праўда, масавую ўборку літаральна на тыдзень перарвалі налётчыкі-дажджы. Напрыканцы мінулага тыдня ўсе гаспадаркі раёна распачалі жніўную кампанію.

Хто працуе на новым збожжаўборачным камбайне ў варнянскай гаспадарцы, з якім настроем распачалі жніво хлебаробы, хто ім дапамагае вазіць сабраны ўраджай – пра гэта і іншае карэспандэнт “раёнкі” даведаўся на месцы.

Нездарма кажуць, чалавек плануе, а Бог выракуе. Пасля залевы, якая накрыла раён напачатку мінулага тыдня, пра ўборку гаварыць не выпадала. За некалькі дзён хуткакрылы вецер на пару з сонцам прасушылі збажыну – і на трэці дзень пасля праліўных дажджоў па сля абеду караван тэхнікі выправіўся ў поле ўбіраць азімы ячмень.

Па распараджэнні кіраўніка краіны менавіта пад гэту культуру з восені сталі адводзіць больш плошчаў. Сёлета ён “прапісаўся” на 2 тысячах раённых гектарах, а 5 гадоў назад займаў толькі 75. “Варнянцам” давядзецца зжаць 320 гектараў азімага і 700 яравога ячменю.

Культура – добрая падтрымка для кармавой базы. Гэта першае збожжа і першая салома. Паколькі ён ранні, паспявае хутка сфарміраваць колас.

Сем камбайнаў налічыла на ніве ўздоўж дарогі, калі ехаць з Вароны на Рытань. Для сябе адзначыла, што ячмень вырас неблагі, улічваючы веснавыя паніжэнні тэмператур, якія негатыўна паўплывалі на расліны.

За працэсам уборкі ў полі сачыў і раз-пораз разграбаў валкі, каб праверыць яе якасць, галоўны аграном КСУП “Варняны” Іван Дзенюш.

– Першую жніўную “вылазку” зрабілі ў пазамінулую нядзелю, 6 ліпеня. Зжалі толькі 20 сотак, намалацілі пад 800 кілаграмаў зерня. У панядзелак ўжо ўзялі 110 тон. А потым надвор’е прынесла неспадзяванку: залева спыніла ўборку на некалькі дзён. Чакалі, калі распагодзіцца. У суботу, 12 ліпеня, пасля 15.00 пачалі масава жаць, – расказаў галоўны тэхнолаг варнянскіх палёў. – Цяпер вільготнасць збожжа дасягае 25%: яе трэба “збіць” амаль удвая. Першыя партыі ячменю дапрацоўвалі на зернесушыльным комплексе ў Вароне, а з гэтага поля возім збожжа на дасушку ў Варняны. З улікам кліматычных вясенніх умоў, лічу, што ўраджай сёлета нядрэнны. Канчаткова казаць, што ён харошы, можна будзе толькі пасля таго, як усё сабранае збожжа будзе ляжаць у засеках. Аб’язджалі ўсе пасевы, парадавала, што моцнай палёгліцы няма – толькі дзе-нідзе ачаговыя ўчасткі, дзе збажына прыбіта да зямлі.


Як патлумачыў Іван Дзенюш, хоць гібелі пасеваў з-за веснавых прымаразкаў не было, тым не менш такія “пагодныя арэлі” не самым лепшым чынам паўплывалі на збожжавыя.

– Днём, напрыклад, уносілі карбамідна-аміячную сумесь, а ноччу і раніцай слупок т эрмометра апускаўся ніжэй за нуль. А гэта адчувальны стрэс для раслін, на некаторых участках яны пачыналі жаўцець, але дзякаваць богу, выправіліся. Для разумення: такія сітуацыі змяншаюць ураджайнасць на 10%, – працягнуў аграном. – Хоць, канешне, рабіць прагнозы, асабліва ў раслінаводстве – справа няўдзячная, тым не менш, думаю, 7 600 тон намалоцім, летась было толькі 4 тысячы. За кошт чаго збіраемся нарасціць “валоўку”? Пад будучы ўраджай добра папрацавалі вясной і восенню: у тэрмін адсеяліся, пад патрэбу і своечасова ўнеслі мінеральныя ўгнаенні. Асаблівыя спадзяванні ўскладаю на пшаніцу: думаю, на круг возьмем 40 і больш цэнтнераў, летась яна сыпалася толькі за 30. Колас харошы – зярняты наліліся!


Жніўны клін КСУП “Варняны” адзін з самых невялікіх у раёне і складае крыху больш за 2 300 гектараў, з якіх 1 052 – азімыя, 1 258 – яравыя. Структура пасяўных плошчаў з большага не змянілася: праўда, вясной больш адвялі пад кукурузу. Жыта займае 35 гектараў, пшаніца – 740, трыцікале – без малога 200, авёс – 60, зернебабовыя – 250, у тым ліку гарох – 50 гектараў.

Запытала ў галоўнага агранома, што, на яго думку, самае галоўнае на старце масавага жніва?

– Старанна падрыхтаваць камбайны і правільна іх наладзіць. Механізатары ў нас усе выдатныя хлопцы: самі рамантавалі хлебаўборачныя машыны, – падзяліўся Іван Дзенюш. – Праўда, уборка азімага ячменю, у адрозненні ад іншых культур, мае сваю спецыфіку. Вільготная салома хутка забівае сіта, таму яго трэба часцей правяраць, каб не было страт ураджаю. Апошняе шмат у чым залежыць і ад хуткасці камбайна. Паглядзіце самі, як нетаропка нашы механізатары абмалочваюць збажыну.

Сапраўды, па полі яны ішлі размерана і не спяшаючыся – беражліва. І гэта невыпадкова: у такі няпросты для сельскай гаспадаркі год кожны каласок і зярнятка без перабольшвання на вагу золата.


Не толькі Іван Дзенюш, але і яго родныя браты Валерый і Эдуард працуюць у варнянскай гаспадарцы: першы – механізатарам, другі – вадзіцелем. Сёлета мужчыны разам шчыруюць на жніве: атрымаўся сямейны падрад.

– У мяне быў невялікі перапынак, але потым вярнуўся ў КСУП “Варняны”. З Эдзікам на ўборцы разам працавалі ў 2012 годзе. Колькі намалацілі, не ўзгадаю, але на “Лідзе” ў адзін з сезонаў браў тысячу тон, – расказаў Валерый.

– Настрой аптымістычны. Уборка толькі пачалася, таму асабліва каментаваць пакуль няма чаго – працаваць трэба, – патлумачыў Эдуард.

Зазначу, што абодва браты неаднойчы перамагалі ў працоўных спаборніцтвах райкама прафсаюза работнікаў АПК на вясенне-палявых работах і корманарыхтоўцы. Хто ведае, магчыма , і жніво ім сёлета ўсміхнецца?..


А вось мінулагодні прызёр жніўнага конкурсу Уладзіслаў Млынкоўскі, які, нагадаю, літаральна на некалькі гадзін саступіў першаму тысячніку раёна ў намалоце, не ўтойвае сваіх амбіцый і спадзяванняў.

– Настрой агонь! Здоўжыўся па жніву, настолькі люблю гэту справу, што, калі можна было б, не вылазіў з камбайна, – прызнаўся хлебароб.

Не сумняваюся ў шчырасці сказанага маладым механізатарам. У КСУП “Варняны”, як і ў астатніх гаспадарках, працуюць адданыя сваёй справе людзі. І Улад – адзін з іх. Прыкладам для вясковага хлапчука з дзяцінства быў бацька, які неаднойчы браў з сабой сына ў поле і вучыў працаваць на камбайне.

На трактарыста Млынкоўскі малодшы адвучыўся ў “варнянскай акадэміі” – так жартаўліва між сабой механізатары называюць мясцовы вучэбна-вытворчы камбінат.

– Некалькі гадоў на жніве дапамагаў тату, а калі той пайшоў на заслужаны адпачынак, стаў старшым камбайнерам. Сёлета мне дапамагае Алег Бусловіч. Ці хочацца стаць першым тысячнікам раёна? Безумоўна! А хто ж не хоча?


На новым збожжаўборачным камбайне айчыннай вытворчасці працуе бадай што адзін з самых вопытных хлебаробаў гаспадаркі Віктар Міхалоўскі.

– Стаж работы ў гэтым “калгасе” пад 30 гадоў набяжыць, – расказаў мужчына. – За плячыма 20 уборак: 6 сезонаў – на “Лідзе”, 14-ць – на “Палессі”. У гэтай хлебаўборачнай машыне ў параўнанні з больш старымі мадыфікацыямі КЗСа больш камфортна. Працую пакуль без памочніка, але спраўляюся. Ды і настрой харошы: новая тэхніка – ёсць новая…


Не першы сезон з вясны да восені вазіць траву, збожжа, кукурузу “варнянцам” дапамагае сямейны падрад Праўлуцкіх з Завельцаў.

– Некалі ў бацькоў была вялікая гаспадарка, потым жывёлу прадалі, а на выручаныя грошы тата купіў МАЗ. Некалькі сезонаў ён даў мне на ім папрацаваць, так я зарабіў на ўласны “дваццацітоннік”, – падзяліўся Максім. – Мы, як і хлебаробы, працуем з раніцы да вечара.


З дня на дзень на дапамогу “варнянцам” павінны прыйсці 3 МАЗы з сельгастэхнікі...

…Азімы ячмень распачаў іх дзень, а калі быць больш дакладнай: шлях да яго вялікасці Хлеба.

З першых вуснаў

Андрэй Стаповіч, дырэктар КСУП “Варняны”:

– Сёлета жніво пачалося пазней, чым летась. І ў мінулым, і ў гэтым годзе набылі праз прамагралізінг па адным камбайне. Да пачатку масавай уборкі атрымалася зэканоміць звыш 100 тон паліва. Да ўсіх задзейнічаных на жніве работнікаў даведзены расцэнкі аплаты, арганізавана харчаванне. Па шчырасці, чакаў, што ўраджай сёлета будзе лепшым – столькі сіл і намаганняў у яго ўклалі. Па вясне тры разы падкармілі пасевы, але надвор’е было не на нашым баку… Па ўсім бачна, што сёлета яравыя будуць больш ураджайнымі за азімыя.




Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич