Сам худ, а галава з пуд

10:33 / 11.07.2025

bezmen.jpg

Першае заданне рэдакцыйнага конкурсу «Дзедаўская прылада» цяжкасцей у нашых чытачоў не выклікала: усе 18 чалавек, якія даслалі свае варыянты, правільна адказалі, што гэта бязмен, ці ручныя вагі, якімі карысталіся нашы продкі для ўзважвання розных гаспадарчых грузаў. 

Бязмен
Таццяна Бразевіч успамінае, што не­калі маці і бабуля хадзілі на базар са сваім бязменам, каб пераправяраць вагу набытых тавараў, найперш прадуктаў. І мера гэта была зусім не лішняй, бо на кірмашы, як вядома, двое хітрых: адзін хоча даражэй прадаць, а другі – дзешавей купіць. 
Рэгіна Дрэма расказала, што ў яе дзя­цінстве бязменам карысталіся вяс­ковыя жанчыны, калі пазычалі адна ў адной хлеб. Боханы ў розных гаспадынь былі неаднолькавыя, і, каб дакладна ведаць, колькі пазычыў і колькі трэба аддаць, узважвалі хлеб (а таксама збожжа, муку, соль і ўсё астатняе) бязменам. 
А яшчэ Рэгіна ў дзяцінстве з дапамогай гэтай прылады вызначала вагу… ката! Садзіла яго ў торбачку, а каб хатні гадаванец не ўцякаў, клала туды які-небудзь прысмак і ўзважвала жывы «тавар». Працэс кату так спадабаўся (вядома ж, найперш пачастунак), што ён, па словах жанчыны, убачыўшы ў яе руках бязмен, сам залазіў у торбачку.
Многія з удзельнікаў конкурсу падрабязна расказалі, як дзейнічае бязмен. Тут выкарыстоўваецца прынцып рычага. На стрыжань, найчасцей мета­ліч­ны, наносіцца шкала, адзнакі на якой пазначаюцца кружкамі ці кроп­ка­мі. З аднаго боку стрыжня – крук, на які падвешваецца груз, з другога – цяжкая балдавешка. Вагу вызначалі выключна ў фунтах (адзін фунт складае прыкладна паў­кілаграма, калі дакладна, то 453 грамы). Максі­мальна можна было ўзважыць 20 фунтаў. На крук падвешваўся груз, на бязмен надзявалася пятля – яна перамяшчалася па шкале, пакуль цяжкая балдавешка не ўраўнаважвалася з грузам на кручку. Па бліжэйшай да кропкі балансіроўкі адзнацы і вызначалася вага.
Таццяна Лавыш нават згледзела, што на здымку – латунны бязмен: латунь для яго вырабу выбіралі з-за трываласці металу, зробленага са сплаву медзі і цынку, яго даўгавечнасці і ўстойлівасці да карозіі, а яшчэ з-за прыгажосці: з гадамі латунь пакрываецца не іржой, а прыгожай пацінай.
Таццяна Бразевіч правяла цэлы экскурс у гісторыю бязмена. Яна расказала, што самыя першыя, прымітыўныя, выкарыстоўваліся ў Расійскай імперыі з ХІІІ стагоддзя. Называліся яны пудамі і рабіліся цалкам з дрэва, а рыскамі,  адзнакамі вагі, служылі ўбітыя ў патрэбных месцах цвікі. Пазней слова «пуд» стала вызначаць меру вагі, роўную 16-ці кілаграмам, а бязмен набыў сваю гістарычную назву. У Расіі цэлыя тэрыторыі вызначаліся тым, што кавалі і сталяры там выраблялі адмысловыя бязмены – у прыватнасці, такімі майстрамі славілася Калужская губернія. 
Тым не менш, у 1797 годзе бязмены ў Расійскай імперыі забаранілі з-за недакладнасці вымярэнняў: пагрэшнасць часам дасягала паловы фунта. Але сяляне ці то не ведалі пра тую забарону, ці то не звярталі ўвагі на такія «дробязі», карысталіся бязменамі яшчэ і ў ХХ стагоддзі, пра што сведчаць успаміны нашых канкурсантаў старэйшага ўзросту. 
Да таго ж у бязмена была і яшчэ адна немалаважная функцыя, пра якую нагадала ўсё тая ж Таццяна Бразевіч: пры нападзенні ліхога чалавека ці з’яўленні злодзея бязмен мог паслужыць важкім у прамым сэнсе слова сродкам абароны.
Таццяна Бразевіч прывяла ў сваім адказе на конкурснае заданне прыказкі і прымаўкі, прысвечаныя бязмену. Вось толькі адна з іх: «Хлеб-соль вадзіць – не з бязменам хадзіць» (маецца на ўвазе, што расціць хлеб нашмат цяжэй, чым прадаваць яго). А дасланую ёй загадку, думаецца, адгадае кожны, хто прачытаў гэты матэрыял: «Сам худы, а галава з пуд». 
Цікава аформіла свой адказ Аляк­сандра Працута. А галоўнае – ён дакладны і шматгранны!

bezmen1.jpg

Такім чынам, найбольш падрабязны і разнастайны адказ на першае конкурснае заданне далі Таццяна Бразевіч і Аляксанд­ра Працута: ім налічваецца па 5 балаў. Па 3 запісалі на свой рахунак Рэгіна Дрэма і Таццяна Лавыш, па 2 – Леанарда Якель, Любоў Падалянчык, Міраслава Якіменка, Ірына Яновіч, Маргарыта Счастная. Па аднаму балу атрымалі тыя ўдзельнікі конкурсу, якія толькі назвалі дзедаўскую прыладу: Святлана Ластоўская, Віталь Пятровіч, Віктар Мізей, Мацвей Сакалоўскі, Анастасія Юшкявічус, Аляксей Чапялевіч, Дана Вайцяхоўская. Яшчэ двое ўдзельнікаў далі правільныя адказы, але забыліся паведаміць свае імёны і прозвішчы, схаваўшыся за адрасамі электроннай пошты: natali242 і rimsha1992. Калі лас­ка, падпісвайцеся!  
Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Видео: Нина Рыбик