Первый укос награды принёс, или Кого признали лидерами на косовице
Калі нашы продкі зазначалі: касі каса, пакуль раса, то сучасныя аграрыі працуюць па прынцыпе – трэба касіць, пакуль не дажджыць. Гэты лейтматыў без перабольшвання стаў слоганам сёлетняй касавіцы. Але з усімі выклікамі надвор’я нашы корманарыхтоўшчыкі годна справіліся і першым укосам паклалі травы на звыш 14-ці тысячах гектараў, адпаведна і ўзнагароды знайшлі сваіх герояў.
Хоць звычайна першынства прынята аддаваць жніву, тым не менш па значнасці корманарыхтоўка нічым не саступае, а, магчыма, і больш значная для сельскай гаспадаркі кампанія, чым уборка збожжавых.
У мінулыя сезоны касавіца была больш спакойнай, размеранай, упэўненай – да прыкладу ў 2024-м нашы аграрыі нарыхтавалі рэкордную колькасць сенажу і сіласу, дзякуючы чаму Астравецкі раён заняў 1-е месца ў вобласці па выніках корманарыхтоўкі.
Сёлета яна з разраду няпростых. Падчас падрыхтоўкі рэпартажаў на касавіцы, назіраючы за зладжанай, аператыўнай і хуткай работай корманарыхтоўчых звёнаў, неаднойчы лавіла сябе на думцы: якія малайцы нашы механізатары, вадзіцелі, трамбоўчыкі, брыгадзіры…
Калі з розных бакоў неба зацягваў цёмны гарсэт хмар і, здавалася, вось-вось улупіць дождж – яны настолькі паскараліся, што знікалі на вачах, у вялікіх прычэпах трактары і аўтамабілі на ўсіх парах везлі траву да траншэй…
Агульнымі намаганнямі падчас першага ўкосу ў раёне было нарыхтавана 76 775 тон сенажу ці 60% ад запланаванага. Раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвяла вынікі і вызначыла пераможцаў у розных відах работ. Забягаючы наперад зазначу, што інтрыгі не атрымалася: лідарамі сталі добра вядомыя на Астравеччыне механізатары і вадзіцелі.
Ініцыятар працоўнага конкурсу Юрый Адула сумесна з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іванам Карнілам выправіліся ў поле і павіншавалі лепшых корманарыхтоўшчыкаў, уручылі ім Дыпломы з грашовымі прэміямі.
У дзвюх намінацыях перамогу святкавалі два механізатары КСУП «Гудагай». Сярод камбайнераў кормаўборачных комплексаў найбольш вызначыўся Сяргей Урлік, які за 18 дзён «набіў» звыш 7 700 тон травы. Нагадаю, што гэта далёка не першая перамога маладога механізатара: у мінулыя гады Сяргея таксама прызнавалі лепшым корманарыхтоўшчыкам Астравеччыны і Прынёмання, яго партрэт быў змешчаны на раённую Дошку гонару. Найбольш памятным, у пэўнай ступені лёсавызначальным для працаўніка стаў 2007 год: тады Сяргей Урлік у пары з Віталем Мілэйшам занялі 3-е месца ў вобласці сярод маладзёжных экіпажаў – тая перамога для абодвух стала добрым стартам для новых перамог.
«Залаты» вадзіцель – інакш і не назавеш Валерыя Змітровіча. Думаю, што не адна я саб’юся, калі стану падлічваць яго «шафёрскія» перамогі – мужчына шмат разоў уваходзіў у тройку першых «тысячнікаў» Астравеччыны і не толькі. Падчас першага ўкосу МАЗам за 17 дзён ён перавёз крыху больш за 1 900 тон. Як зазначыў Іван Мар’янавіч, для такіх гаспадарак, як КСУП «Варняны» і «Міхалішкі» – гэта месячная патрэба кармоў. Юрый Аляксандравіч дадаў, што і па выкананай за дзень норме, і па агульнай колькасці Валерый Францавіч стаў абсалютным лідарам у раёне сярод вадзіцеляў аўтамабіляў.
Калі ў гаспадарках з палёў звесткі «сцякаюцца» ў дыспетчарскія, то ў райкам прафсаюза работнікаў АПК ад адказных за гэта работнікаў. Найбольшую аператыўнасць у гэтым накірунку прадэманстравала галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП «Гудагай» Вікторыя Юргелянец. У якасці падарунка за старанні яна атрымала пуцёўку ў санаторый.
На адвозе травы трактарам ніхто не абагнаў Анджэя Ясевіча з КСУП «Гервяты», які літаральна некалькі месяцаў назад атрымліваў ўзнагароду за перамогу ў працоўным прафсаюзным спаборніцтве па ўнясенні арганікі. І ў мінулыя гады прозвішча мужчыны значылася ў шэрагу перадавых механізатараў, а па выніках раённага конкурсу прафесійнага майстэрства яго прызнавалі лепшым аратым Астравеччыны. За 22 дні трактарам «Фэдт-1050» у гэтым сезоне мужчына перавёз рэкордныя 3 423 тоны.
Званне «Лепшы касец раёна» ў чарговы раз пацвердзіў Сяргей Сташко з КСУП «Міхалішкі», які модульнай ратацыйнай касілкай КМР-9 за 11 дзён паклаў травы ў пракосы на плошчы 810 гектараў. Да віншаванняў раённых гасцей далучыўся і дырэктар КСУП «Міхалішкі» Вадзім Саковіч, які пажадаў свайму работніку новых перамог.
***
На Астравеччыне актыўна працягваецца касавіца. На раніцу 9 ліпеня корманарыхтоўчыкі дасягнулі экватару і скасілі 5 445 гектараў з 11 104 запланаваных. Назапашана амаль 94 тысячы тон сенажу ці 73% ад запланаванага. На подступах – жніво, якое таксама вызначыць сваіх герояў!