Мікалай Севасцьян, Аліна Міхно і Яна Кавалеўская дзеляцца ўражаннямі ад рэспубліканскага балю выпускнікоў вну
У мінулую пятніцу адбылося рэспубліканскае свята выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, у якім прынялі ўдзел і выхадцы з Астравеччыны былыя вучні гімназіі №1, выпускнікі Гродзенcкага медыцынскага ўніверсітэта Мікалай Севасцьян, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аліна Міхно і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Яна Кавалеўская. Мы парасілі расказаць, як і чаму яны трапілі на гэтае свята і пра свае ўражанні ад яго.
Мікалай Севасцьян:
Рэспубліканскае свята выпускнікоў вну атрымалася маштабным, у ім прымала ўдзел каля трох тысяч выпускнікоў учарашніх студэнтаў, якія вызначыліся сваёй вучобай, навуковай ці грамадскай дзейнасцю, спартыўнымі дасягненнямі – словам, актыўна ўдзельнічалі ў жыцці сваіх навучальных устаноў.
Нас прывітаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, павіншаваў з завяршэннем вучобы і пажадаў плённай прафесійнай дзейнасці.
Свята было цудоўна арганізавана. Для нас выступалі зоркі беларускай і расійскай эстрады, якія стараліся сагрэць сваім талентам і шчырасцю. Гэта, дарэчы, аказалася зусім не лішнім, бо ў пятніцу было холадна, а свята адбывалася на адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту на праспекце Незалежнасці.
Але надвор’е не сапсавала добры настрой. Наша шматгадовая вучоба завяршылася прыгожай запамінальнай кропкай. Наперадзе – працоўнае жыццё. Аліна Міхно:
– Чатыры гады таму я закончыла астравецкую гімназію. Прафесію маркетолага-праграміста абрала свядома. Было некалькі варыянтаў, дзе яе набыць: Баранавічы, Полацк. Але на сямейным савеце вырашылі штурмаваць самую прэстыжную ў галіне інфарматыкі вну – БДУІР. Праўда, набраных на цэнтралізаваным тэсціраванні балаў не хапіла, каб паступіць на бюджэт, таму вучылася на платным. Але набытыя веды сёння дапамагаюць праходзіць стажыроўку ў адной са сталічных кампаній, спадзяюся, што неўзабаве стану яе паўнавартасным супрацоўнікам.
З першага дня вучобы і да апошняга была актыўным удзельнікам студэнцкага жыцця. Мяне абралі старастай групы, займалася навуковай дзейнасцю. Люблю танцаваць, таму яшчэ на першым курсе запісалася ў ансамбль эстраднага танца, прымала ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, фестывалях. Напэўна, гэта і стала прычынай, што мяне дэлегіравалі на баль выпускнікоў вну.
Свята атрымалася цудоўным. Многія скардзіліся на дрэннае надвор’е, а я, па праўдзе кажучы, не заўважыла ні холаду, ні дажджу. Напэўна, атмасфера сагравала. (Смяецца.) Усё было на вышэйшым узроўні: арганізацыя, музыка, артысты. А самым яркім момантам стаў карабель пад пунсовымі ветразямі, які праплыў па Свіслачы на фоне яркага светавога шоу і салютаў. Незабыўнае ўражанне!
Было радасна, узнёсла і разам з тым крышку сумна, бо гэтае прыгожае свята – завяршэнне студэнцкага жыцця, якое больш ніколі не паўторыцца…
Яна Кавалеўская:
– Дзевяць класаў я закончыла ў астравецкай гімназіі №1. Удзельнічала ў прадметных алімпіядах, найбольш паспяхова – па рускай мове і літаратуры: перамагала на раённых этапах, выходзіла на вобласць. У дзявятым класе атрымала Дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскай алімпіядзе – гэта дазволіла паступіць без экзаменаў у ліцэй БДУ. Вельмі рада, што мы з бацькамі ў свой час прынялі такое рашэнне: гады вучобы ў ліцэі былі самымі лепшымі ў маім жыцці.
У 2020 годзе пасля заканчэння ліцэя паступіла на перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта – прахадны бал у той “ковідны” год быў высокі – 382, я набрала на 2 балы болей.
Студэнцкае жыццё атрымалася цікавым і насычаным. Удзельнічала ў мностве самых розных акцый і мерапрыемстваў, якія праводзілі прафсаюзная арганізацыя ўніверсітэта, БРСМ, у конкурсах вуснага і пісьмовага перакладаў, у археалагічных раскопках у Гарадзішчах пад Мінскам. Словам, было цікава.
Мая актыўнасць, ды яшчэ высокі сярэдні бал атэстата – ён перавышае “дзявятку” – напэўна, і паспрыялі таму, што мяне запрасілі да ўдзелу ў рэспубліканскім свяце выпускнікоў вну. Яно запомніцца халодным надвор’ем і цёплай атмасферай, цудоўным канцэртам, пунсовымі ветразямі на фоне феерычнага салюта.
У пятніцу мы атрымаем дыпломы, а ў наступны панядзелак пачнецца новы працоўны тыдзень. Ужо год працую ў адной з маркетынгавых кампаній перакладчыкам, туды ж і размеркавалася. Работа мне падабаецца, так што пераход ад студэнцкага жыцця да працоўнага, думаю, пройдзе бязбольна.
А гэты баль запомніцца як развітанне са студэнцкім юнацтвам.