У рэспубліканскім балі выпускнікоў вну прымае ўдзел астраўчанін Мікалай Севасцьян
У сённяшнім рэспубліканскім свяце выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў прымае ўдзел астраўчанін Мікалай Севасцьян. У 2019 годзе юнак закончыў гімназію №1 г.Астраўца, сёння ён – выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Напярэдадні свята мы адарвалі Мікалая ад прыемных клопатаў і задалі некалькі пытанняў.
– Мікалай, за якія заслугі вас дэлегіравалі прадстаўляць адну з самых прэстыжных вну краіны на свяце самых актыўных, таленавітых, крэатыўных выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў?
– Думаю, што па сукупнасці многіх фактараў. Найперш – за актыўную навуковую дзейнасць. Пачынаючы з другога курса, пісаў навуковыя работы па педыятрыі, якія публікаваліся ў нашай краіне і за мяжой. У 2023 годзе ўдзельнічаў у ІV Маскоўскім педыятрычным форуме, выступаў з дакладам. Летась прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, уключаны ў банк адоранай моладзі краіны. Ну і ў спартыўным жыцці ўніверсітэта прымаў удзел. Усё гэта, напэўна, і адыграла сваю ролю.
З міністрам адукацыі Андрэем Іванцом
– Вы ўжо ведаеце, дзе і на якім рабочым месцы пачнецца ваша працоўная дзейнасць?
– Так. 1 жніўня я прыйду на работу ў Мінскую абласную дзіцячую бальніцу анестэзіёлагам.
– Хвалюецеся?
– Ёсць такое… Буду набірацца вопыту ў калег – спадзяюся, што ў калектыве, дзе пройдзе інтэрнатура, паставяцца з разуменнем да маладых спецыялістаў, дапамогуць і падкажуць.
– Чаму выбралі менавіта гэтую спецыялізацыю?
– За час вучобы ва ўніверсітэце паспрабаваў многае – тэрапію, хірургію… Зразумеў, што хачу быць у аперацыйнай – але не хірургам. Анестэзіёлаг, рэаніматолаг – гэта тое, што падабаецца найбольш. Урачы анестэзіёлагі-рэаніматолагі, што працуюць у Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы, прафесіяналы і проста людзі высокіх душэўных якасцей, пераканалі нас на сваім прыкладзе: гэта тое, да чаго варта імкнуцца. Да таго ж бацька і стрыечны брат рэаніматолагі, падкажуць, параяць у выпадку чаго.
А педыятрыя гэта, лічу, самае важнае і высакароднае, што ёсць у медыцыне.
Выступленне на Маскоўскім педыятрычным форуме
– З якім настроем едзеце на баль выпускнікоў?
– З цудоўным! Цікава пазнаёміцца з іншымі аднагодкамі, пастасавацца з добрымі знаёмымі – некаторыя мае сябры таксама запрошаны на баль – і знайсці новых. Вельмі хацелася б паслухаць мудрыя наказы кіраўніка дзяржавы. Ды і ўвогуле прыемна і весела адпачыць!
–Таго вам і жадаем! І спадзяёмся, што вы падзеліцеся ўражаннямі пасля балю.
– З задавальненнем!