Як мяняецца мода і пры чым тут абарванец, разважае Станіслаў Курыла

16:00 / 24.06.2025


Маючы час на роздум, прыйшоў да высновы, што змянілася жыццё. Сучаснасць не параўнаць з тым, што давялося бачыць нашаму пакаленню. Не дзіва, што бацькі рабілі нам заўвагі наконт знешняга выгляду. Тады здавалася, што да ўсяго чапіліся: то валасы доўгія, то калашыны штаноў шырокія... Як гэта нас раздражняла!

Быў цэлы рытуал, калі збіраліся на танцы ці на вяселле да сябра. Касцюм і кашуля павінны быць добра адпрасаваныя. Абутак блішчэў, як люстэрка. І не давядзі божа, каб «свяцілася» якая дзірка ці гузік адляцеў. З хаты трэба было выйсці ў бездакорным выглядзе. У клуб пешшу ішлі, а перад уваходам старанна чысцілі ад пылу абутак і калашыны.

Ды ў вёсцы людзі стараліся глядзець за сабой. Калі хтосьці хадзіў у парваных портках, кашулі альбо манынарцы, казалі яму ўслед: «Абарванец». Жылі небагата, таму зашывалі дзіркі. І хадзілі хоць і ў залатаным, але ж не абарваныя.

А цяпер шмат падобных абарванцаў ходзіць сярод нас! Я і сам апранаю джынсы і ніколькі не засмучаюся, што яны з дзіркамі і з начосам. Некаторыя заўважаюць, што яны маднявыя. Я тады адказваю, што сам Кіркораў пазайздросціў бы! 

Гляджу на сучасную моладзь і ў мяне не ўзнікае жадання выказаць сваё незадавальненне іх знешнім выглядам. Некалі ж сам такі быў! 


Станіслаў КУРЫЛА.