Ресурсный логопедический центр работает в островецкой СШ №2
11:00 / 24.06.2025
Для даведкі
- Кіраўнік рэсурснага цэнтра: настаўнік-дэфектолаг Наталля Дземяшкевіч;
- Мэтавая аўдыторыя: лагапеды, дэфектолагі, настаўнікі пачатковых класаў, бацькі выхаванцаў;
- Аб’ект увагі: дзіця.
Школа маладога спецыяліста
Аб’яднанне наведваюць не толькі маладыя настаўнікі, нядаўнія студэнты, але і педагогі, якія прайшлі перападрыхтоўку і робяць першыя крокі ў новым прафесійным накірунку.– Працуем, зыходзячы з тэм, якія хвалююць педагогаў: арыентуюся на запыты ўдзельнікаў, кіруюся ўласным вопытам – хоць прайшло шмат часу, а помню цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца па першым часе, – усміхаецца настаўнік. – Вучымся афармленню дакументацыі, планаванню і правядзенню карэкцыйных заняткаў, абследаванню навучэнцаў; папярэджваем магчымыя памылкі, разбіраем розныя выпадкі…
Блог
У сваім блогу Наталля змяшчае напрацоўкі па карэкцыі маўлення. Імі могуць карыстацца ўсе зацікаўленыя: і настаўнікі, і бацькі вучняў.– Шмат нагляднага матэрыялу раблю сама – гэта тое, чаго мне не хапае для работы. Так, сёння штосьці знайсці не складае праблемы, але зручней зрабіць такія дапаможнікі, з якімі выхаванцам будзе цікавей працаваць, – тлумачыць педагог.
– Такім чынам у выхаванца фарміруецца індывідуальны трэнажор, гартаючы які, ён замацоўвае пройдзены матэрыял, – зазначае Наталля.
– Зрабіла шмат дапаможнікаў па пастаноўцы гукаў, карэкцыі дысграфіі. Мае распрацоўкі прайшлі апрабацыю – паспяхова выкарыстоўваю іх на занятках. Артыкуляцыйная гімнастыка, заданні для дыстанцыйнага навучання, флэш-гульні, інтэрактыўныя практыкаванні, матэрыялы па аўтаматызацыі розных гукаў, рэкамендацыі, лагапедычны слоўнік для бацькоў і іншыя закладкі – усё гэта можна знайсці ў маім блогу, – расказвае кіраўнік рэсурснага цэнтра. – Дыдактычны матэрыял размяшчаю і на сваёй старонцы на інтэрнэт-платформе «Пінтэрэст».
Іван Палугадкоў, выхаванец:
– Год як займаюся ў Наталлі Мар’янаўны: вучуся гаварыць правільна. Цяжэй за ўсё з гукам «р», а вось «л» і «ш» ужо атрымліваюцца. Калі робіш спецыяльныя практыкаванні, ведаеш, як трэба язык ставіць, і выконваеш усе дамашнія заданні, то навучышся з гукамі сябраваць. Гэта ўсё і складана, і цікава адначасова.
За добра выкананае заданне ў сшытку настаўнік піша «малайчына» – гэта як «дзясятка», а калі добра працаваў на ўроку, то і «зорачку» атрымаеш. У мяне такіх адзнак шмат, бо старанны.
Асвета
Яшчэ адзін накірунак работы цэнтра – лагапедычная асвета.– У першую чаргу гэта тычыцца бацькоў. Калі дзіцяці выстаўляюць маўленчае парушэнне, у некаторых страх выклікае ўжо сама назва, і яны пачынаюць «накручваць» сябе. Не дзіўна, бо невядомае палохае. Тлумачу простай мовай, што ўяўляе з сябе парушэнне; расказваю, як будзем працаваць – ад падтрымкі мам і тат, у тым ліку выканання з дзіцям дамашніх заданняў, залежыць эфектыўнасць карэкцыі, – гаворыць Наталля.
Наталля Дземяшкевіч, кіраўнік рэсурснага цэнтра:
– Галоўная задача нашага цэнтра – распаўсюдзіць эфектыўны вопыт работы. Усё, што мы робім, чаму вучым, аб чым расказваем, у канчатковым выніку павінна дапамагчы дзіцяці. У тандэме з настаўнікамі і бацькамі выхаванцаў, канешне, эфект будзе большы і хутчэйшы.
А ведаеце, якая самая вялікая радасць для спецыяліста майго профілю? Чуць вынікі працы. Неяк прыйшла на ранішнік, а там вядучы – хлопчык, ды так прыгожа гаворыць! А некалі гэтае дзіця займалася ў мяне – шмат гукаў давялося яму «ставіць».
Меркаванне
Вікторыя Каралёва, выпускніца школы маладога спецыяліста:
– Такая форма падтрымкі педагогаў, якія толькі пачынаюць рабіць крокі ў прафесію, неацэнная. Пасля ўніверсітэта мы прыходзім добра адукаваныя тэарэтычна, ведаем, як сістэма павінна працаваць у ідэале, а на практыцы так не атрымліваецца. Таму прафесійныя падказкі вопытных калег вельмі дарэчы. У школе маладога спецыяліста абмяркоўваем турбуючыя пытанні, кіраўнік дае карысныя падказкі, дзеліцца напрацоўкамі, праводзіць майстар-класы па пастаноўцы гукаў, паказваючы рэальную работу з дзецьмі.