Міхалішкаўская бібліятэка зноў перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»
Цудоўная навіна прыляцела на Астравеччыну: Міхалішкаўская бібліятэка ў чарговы раз трапіла ў лік пераможцаў рэспубліканскага конкурсу.
У ХХХІІІ конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» Міхалішкаўская бібліятэка ўдзельнічала ў намінацыі «За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем» і адзначана Дыпломам І ступені.
– На суд журы прадставілі вялікі альбом, у якім знайшлі адлюстраванне рознапланавыя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне сярод моладзі патрыятызму і адказнасці, а таксама на папулярызацыю кнігі. Сюды ўвайшлі такія праекты, як «Права для ўсіх», «Да роднай мовы крок зрабі», «Землякі». Частку работы склалі матэрыялы па сустрэчах і акцыях, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, генацыду беларускага народа і 80-годдзю вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – падзялілася бібліятэкар Вольга Багдановіч.
Міхалішкаўскія дзеці і падлеткі разам з Вольгай Аляксандраўнай знаёмяцца з гісторыяй роднага краю, узгадваюць землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай, вядуць пошукавую работу, ствараюць лэпбукі, здымаюць відэа. Напрыклад, у 2024 годзе з’явіўся цыкл відэаролікаў «Міхалішкі. Хронікі жыцця», дзе юныя чытачы расказвалі пра касцёл, мост, асаблівасць роднай вёскі як яўрэўскага мястэчка ў мінулым і іншае.
– Калі рыхтавалі альбом с, спадзяваліся на высокую адзнаку, але не разлічвалі на перамогу, бо немагчыма быць першымі кожны год, – з усмешкай адзначае бібліятэкар. – Канешне, вельмі рада выніку! Удзячна кожнаму наведвальніку – без іх падтрымкі не было б такіх перамог. Заўсёды прыемна чуць добрыя словы і пажаданнні ад маіх чытачоў – гэта падштурхоўвае працаваць яшчэ больш старанна і імкнуцца да новых вяршынь.
Фота з архіва Міхалішкаўскай бібліятэкі.