День войск ПВО отмечают островецкие радиотехники и зенитчики
Пад пільным наглядам
– Наша асноўная тэхніка – радыёлакацыйныя станцыі, з дапамогай якіх кругласутачна вядзём разведку паветранай прасторы і прадстаўляем атрыманую інфармацыю на ўзаемадзеючыя падраздзяленні, – знаёміць са спецыфікай радыётэхнічнага цэнтра яго камандзір Міхаіл Пуня. Мы ведаем маршруты палётаў, паветраных суднаў і аб’ектаў, якія атрымалі на гэта дазвол, і назіраем за іх перамяшчэннем цягам усяго шляху па замацаванай за намі тэрыторыі. Калі зафіксуем адхіленне ад зададзенага маршруту альбо аб’ект-парушальнік, дакладваем пра гэта ў вышэйстаячы штаб, а там прымаюць суадносныя рашэнні аб далейшых дзеяннях.
Мінчанін Павел Чэпікаў прызначаны на пасаду начальніка радыёстанцыі. Юнак пайшоў у армію пасля заканчэння вну.
Малады чалавек расказвае, што працаваць з устаноўкай няцяжка, таму што мае тэхнічную спецыяльнасць – па адукацыі ён інжынер, сістэмны праграміст.
Пайшоў у армію – і знайшоў там сваё прафесійнае прызванне салігорскі юнак Іван Бань. Малады чалавек служыць начальнікам радыёвысокамера радыёлакацыйнага ўзвода.
Праз паўтара года службы ў цэнтры Іван застаўся ў арміі – заключыў кантракт.
– Адвучыўся ў школе прапаршчыкаў. Працую на той жа станцыі, што і падчас тэрміновай, толькі на іншай пасадзе. Цяпер мой галоўны абавязак – сачыць за боегатоўнасцю тэхнікі і рыхтаваць аператараў для работы з ёй, – знаёміць з асаблівасцямі прафесіі малады чалавек. – Да слова, мы не толькі эксплуатуем абсталяванне, калі неабходна, можам устараняць і непаладкі – гэта абавязковае патрабаванне да служачых на станцыі.
– Па-першае, гэта добрая нагода зразумець, ці хочаш звязаць прафесійнае жыццё з арміяй. Па-другое, цудоўны шанс вывучыць псіхалогію прызыўніка: цяжкасці, патрэбы, – гэта дапаможа хутчэй устанавіць кантакт з падначаленымі, бо ў свой час адчуваў тое ж, – падсумоўвае размову Іван.
У поўнай баявой
– Калі вочы і вушы супрацьпаветранай абароны – гэта радыётэхнікі, то мы – рукі. Наша задача заключаецца ў суправаджэнні і, у выпадку неабходнасці, знішчэнні цэлі. Па інфармацыі, якую атрымліваем ад калег, максімальна дэталёва ўдакладняем звесткі і сочым за перамяшчэннем аб’екта, каб папярэдзіць небяспеку, – тлумачыць камандзір 1146-га палка Мікалай Камчанкоў. Радыётэхнікі бачаць цэль на вялікай адлегласці, задоўга да таго, як яна наблізіцца да кантралюемага намі ўчастка, – гэта час для зенітчыкаў, каб перавесціся ў гатоўнасць №1 і падрыхтавацца да сустрэчы аб’екта.
Адзін з тых, хто стаіць на паветранай варце, наш зямляк Сямён Сямашка. Ён планшэтыст на камандным пункце. Хлопца прызвалі на тэрміновую службу восенню 2024-га.
– Адвучыўся на каменшчыка і газаэлектразваршчыка ў смаргонскім каледжы, нават крыху папрацаваць па спецыяльнасці паспеў перад арміяй, – расказвае астраўчанін. – Рад, што служу ў родным раёне, лічы, з дома і не выязджаў. (Усміхаецца.) Пасля праходжання пачатковай ваеннай падрыхтоўкі нас размеркавалі па падраздзяленнях – я трапіў у камандны пункт. Туды быў асобны адбор, праходзіў праверку па лініі розных структур. А потым пачалося навучанне: тэарэтычныя, практычныя заняткі, стажыроўка і здача залікаў па допуску да работы.
Сямён наносіць паветраную абстаноўку на планшэт – вялікі экран у вышыню большы за рост чалавека, дзе спецыяльным «маркерам» (шклографам) пазначаюцца ўмоўныя сімвалы. Прычым робіцца гэта ў адваротным адлюстраванні, каб аператыўны дзяжурны, які знаходзіцца па іншы бок экрана, мог яе прачытаць.
– Аператыўна запісваць атрымліваемую інфармацыю, ды яшчэ і ў адваротным парадку, напэўна, было самым складаным у навучанні, – дзеліцца вайсковец. – Гэта патрабуе хуткасці рэакцыі, развівае слух і ўспрыманне – у любой рабоце гэта дакладна будзе неаспрэчным плюсам.
На іншае баявое дзяжурства заступае яшчэ адзін наш зямляк камандзір аддзялення пажарнага разліку Вадзім Вайдак.
– У 2017-м прызвалі ў армію, служыў у Баранавічах. А потым полк перабазіраваўся ў наш раён – так я апынуўся на радзіме, – усміхаецца малады чалавек. – Даслужыўшы тэрміновую, застаўся на кантракт.
Вадзім пачынаў вадзіцелем-электрыкам, затым стаў камандзірам аддзялення ў групе рэгламенту і рамонту, а з часам перайшоў у пажарны разлік.
– Работа ў нас падобная да службы ў РАНС, толькі мы працуем у межах сваёй часці і адказваем за пажарную бяспеку на яе тэрыторыі, – расказвае вайсковец. – Да шчасця, рэальных надзвычайных сітуацый за ўвесь час дыслакацыі ў палку не было. А каб падтрымліваць кваліфікацыю байцоў, некалькі раз на месяц праводзяцца вучэбныя трэніроўкі – і начныя, і дзённыя. Адпрацоўваем розныя магчымыя сцэнарыі, дарэчы, пра іх не папярэджваюць, каб бачыць рэальную карціну: правільнасць дзеянняў разліку, яго зладжанасць і гатоўнасць да выканання задач.
Да слова, жонка Вадзіма нядаўна змяніла «грамадзянку» на форму – прыйшла ў полк справаводам.
– Нашы з Анастасіяй дзіцячыя мары здзейсніліся: хацелі быць ваеннымі – усміхаецца малады чалавек. – І вось служым, яшчэ і на радзіме – жонка таксама родам з Астравеччыны.