Як развівалася Астравеччына ў 60-я гады мінулага стагоддзя

09:00 / 08.09.2024


У студзені 1960 года Мала­дзечанская вобласць была расфарміравана, Астравецкі, Смаргонскі і Ашмянскі раёны увайшлі ў склад Гродзенскай. 

Напачатку 1960 года ў Астраўцы і ў раёне адбываліся значныя падзеі эканамічнага і сацыяльна-культурнага жыцця.

Так, у студзені 1960 года ў Варнянах здадзена ў эксплуатацыю новае памяшканне аптэкі – «дабротны прасторны дом з 5 пакояў, пабудаваны па тыпавым праекце. Выдзелены прыёмная, асістэнцкая, кухня, матэрыяль­ная і склеп для захоўвання медыкаментаў…». Пра гэта «раёнка» пісала ў нумары за 23 студзеня. 

У нумары за 27 красавіка 1960 года на першай паласе змешчана інфармацыя аб адкрыцці 22 красавіка помніка У.І. Леніну – таго самага, што і сёння стаіць на плошчы горада.


А за 1 мая таго ж года – здымак калгаснага Дома культуры, які адкрыўся да свята ў сельгасарцелі імя Кірава. «Абышоўся ён гаспадарцы каля 200 тысяч рублёў (старыма грашыма), бо сцены яго былі ўзведзены з гліны і абліцаваны цэментам. Засталося толькі добра абсталяваць глядзельную залу, бібліятэку і іншыя памяшканні». 

З публікацый аб ходзе ўборкі бачна, што ў жніўні 1960 года на палях раёна працуюць ужо не толькі жняяркі, з’явіліся і збожжаўборачныя камбайны. Пра гэта сведчаць здымкі таго ж В. Залескага і паказчыкі работы камбайнераў. З іх вынікае, што ў раёне ў 1960 годзе быў 21 камбайн, найбольш – 6 – у саўгасе «Падольскі».

Калі быць шчырымі, то трэба адзначыць, што для жыхароў нашага раёна аднясенне яго да Гродзенскай вобласці асаблівай радасці не прынесла. Адна справа – адлегласць да абласнога цэнтра – Маладзечна – 80 кіламетраў, і зусім іншая – 250 да Гродна. Праўда, у час, калі Літва з’яўлялася саюзнай рэспублікай, не было граніц і мытняў, адлегласць да Гродна скарачалі, выбіраючы маршрут праз Вільнюс. Тым не менш, кардынальна гэта задачу не вырашала. Астравец з прыгарада Вільнюса ў момант стаў ускраінай Гродзеншчыны.

Ды і для Гродна наш паўночны «апендыкс», як яго часта называлі, падобна, быў не самым «смачным» кавалкам. У 1962 годзе было прынята рашэнне скасаваць шэраг раёнаў рэспублікі, у тым ліку і Астравецкі.

У маі 1962 года выйшаў апошні нумар «Астравецкай праўды». А ў снежні раён расфарміравалі. Яго тэрыторыя была падзелена паміж суседнімі Смаргонскім і Ашмянскім, Астравец увайшоў у Ашмянскі.

У 1964 годзе ў нашым райцэнт­ры адкрылася медыцынскае вучылішча, якое дзейнічала да 1970 года.

У 1965 годзе рашэнне гэтае адмянілі, Астравецкі раён быў адноўлены ў ранейшых межах і зноў – у складзе Гродзенскай вобласці. Але даўно вядома: разбураць лёгка, будаваць складана. Нават па гісторыі раённай газеты відаць, які згубны ўплыў на развіццё аказаў трохгадовы перапынак у яго існаванні. 

Для хутчэйшага пераадолення адлегласці паміж абласным цэнт­рам і Астраўцом сталі лятаць пасажырскія самалёты.


У «Астравецкай праўдзе» за 15 мая 1965 года М. Атосін паведамляе, што «…адкрыты рэгулярныя паветраныя зносіны паміж нашым гарадскім пасёлкам і абласным цэнтрам. З Гродна ў Астравец самалёт вылятае ў 7.35, з Астраўца ў Гродна – у 9.10. У паветры –1 гадзіна 25 хвілін. Кошт білета – 5 рублёў».

У маі 1965 года ў газеце ўпершыню з’явілася праграма тэлеперадач – гэта дае падставу меркаваць, што тэлепрыёмнікі ў раёне вылічваліся ўжо не адзінкамі, як раней, а, як мінімум, – дзясяткамі. Тэлепраграма, праўда, была толькі адна, пачыналася трансляцыя пасля абеду, а 15-16 гадзіне, і заканчвалася ў 22.00. Вялася яна з Вільнюса, калі былі перадачы з Мінска, то гэта пазначалася ў праграме. А з 1967 года друкуецца ўжо дзве тэлепраграмы – з Вільнюса і Масквы.

У нумары за 6 студзеня 1966 года ў артыкуле «Камбінат на калёсах» Яраслаў Хадкевіч расказвае пра работу перасоўнай майстэрні камбіната бытавога абслугоўвання. У аўтафургоне выязджалі ў вёскі прыёмшчык заказаў, швачка і цырульнік і на месцы аказвалі бытавыя паслугі ці прымалі на іх заказы. 

У 1967 годзе чырвоныя следапыты знайшлі магілу героя Грамадзянскай вайны Трафіма Яўсеева. Яго астанкі перанеслі ў Быстрыцу і перапахавалі, на магіле ўзвялі помнік, мясцоваму калгасу далі імя Трафіма Яўсеева, а ў Быстрыцкай школе пачалі ствараць музей яго памяці.

Пачатак гарадскому парку, без якога сёння цяжка ўявіць наш райцэнтр, быў пакладзены ў кастрычніку 1967 года. У нумары за 31 кастрычніка раённая газета паведамляла, што пасля партыйнай канферэнцыі ўсе ўдзельнікі накіраваліся да гарадскога парку, дзе пасадзілі ліпы.

Напярэдадні 50-годдзя Кастрычніка ў 1967 годзе «Астравецкая праўда» паведамляла, што поўнасцю завершана электрыфікацыя раёна. 

У студзені 1968 года Васіль Бондар расказвае ў фотарэпартажы пра «Першыя крокі новага маслазавода». Малако на Астравецкім малаказаводзе сепарыравалася, смятанка адпраўлялася ў Ашмяны ці Смаргонь на выраб масла, у продаж мясцоваму насельніцтву ішло пастэрызаванае малако, смятана двух відаў, тлусты і абястлу­шчаны кефір, абястлушчаны тварог. 

30 студзеня 1968 года газета паведамляла, што на раённай партыйнай канферэнцыі першым сакратаром РК КПБ абраны Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя – пад яго кіраўніцтвам у Астравецкім раёне адбылося шмат пераўтварэнняў. 

21 студзеня 1969 года станцыя Гудагай стала называцца пасёлкам, тады быў прыняты адпаведны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Тады ж цэнтр Быстрыцкага сельсавета перанеслі ў вёску Трокенікі і, адпаведна, змянілі яго назву на Трокеніцкі – «Астравецкая праўда» паведамляла аб гэтым у № 11 за 25 студзеня 1969 года. 

Падзеі і даты

1960 год

▪ У студзені Астравецкі раён увайшоў у склад Гродзенскай вобласці.
▪ 22 красавіка адкрыты помнік Леніну.
▪ Да 1 мая у Міхалішках адкрыты калгасны Дом культуры. 
▪ На базе Варнянскага дзіцячага прытулку створана школа-інтэрнат, дзе навучэнцы былі на поўным дзяржаўным забеспячэнні. 
▪ Адкрыты тыповыя школы ў Гервятах (на 320 месцаў) і Міхалішках (на 160 вучняў), у Жукойнях (на 160 вучняў), адзін з будынкаў Варнянскай школы-інтэрната. 
▪ Створана дзіцячая біблія­тэка. 

1961 год

▪ Для правядзення мелія­ра­цый­ных работ на тэрыторыі Астравецкага, Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў створана бу­даў­ніча-мантажнае ўпраў­ленне.
▪ Раённая бальніца з Каменкі пераехала ў райцэнтр.
▪ Пабудавана тыповая васьмі­гадовая школа ў Трокеніках.

1962 год

▪ Май – выйшаў апошні нумар «Астравецкай праўды».
▪ 26 снежня Астравецкі раён ліквідаваны.

1963 год

▪ Агаленню міжледні­ковых глін «Ка­ма­рыш­кі» непадалёк ад вёскі Страчы на­да­дзены статус пом­ніка прыроды рэс­публіканскага зна­чэння.
▪ Гервяцкая школа пераехала ў новы будынак, дзе размяшчаецца і цяпер.
▪ У Альхоўцы пабудавана плаціна, З’явілася вулічнае асвятленне.

1964 год

▪ У Астраўцы адкрыта ме­ды­цынскае вучы­лішча (існавала да 1970-га года). 

1965 год

▪ 6 студзеня Астравецкі раён адноўлены ў ранейшых межах.
▪ 8 красавіка выйшаў першы нумар адноўленай газеты «Астравецкая праўда». 
▪ 9 мая аб’яўлена нерабочым днём. 
▪ У маі адкрыты рэгулярныя паветраныя зносіны паміж Астраўцом і Гродна. 
▪ У Астравецкі раён прыйшоў звадкаваны газ – устаноўлены першы газабалон.
 ▪ Пачала дзейнічаць аўтабаза №4.
▪ У Астравецкім раёне заснавана інспекцыя Дзяржстраху. 

1966 год 

▪ Арганізаваны Астравецкі ляс­гас на базе чатырох лясніцтваў Смаргонскага лясгаса: Кямелішкаўскага, Вар­нян­скага, Мі­ха­лішкаў­скага і Астравецкага. 

1967 год

▪ У Астраўцы адкрылася музычная школа. 
▪ Працадні ў калгасе заменены грашовай аплатай.
▪ У Трокеніках устаноўлены абеліск землякам, што загінулі на вайне, і супрацоўнікам міліцыі, забітым ворагамі савецкай улады. 
▪ Завершана  электры­фі­ка­цыя раёна.
▪ Адкрыты новы маслазавод.

1968 год

▪ На будынку раённага Дома культуры ўсталявана мемарыяльная дош­ка ў гонар партызан брыгады імя ЦК КПБ, якія вызвалілі Астравец ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

1969 год

▪ 21 студзеня станцыя Гудагай стала называцца пасёлкам. 
▪ Астравецкая біблія­тэка пераехала ў будынак па вуліцы Савецкай. 
▪ Уведзены ў эксплуатацыю новы райбыткамбінат, дзе размясціліся майстэрні па пашыве і рамонце абутку, адзення, трыкатажны цэх, пункт хімчысткі, фатаграфія, цы­рульня, радыёмайстэрня, майстэр­ня па рамонце бытавых пры­бораў. 
▪ Быстрыцкі сельсавет перайменаваны ў Тро­кеніцкі. 
▪ З’явілася аўтаматычная тэлефонная сувязь.  

Текст: Нина Рыбик