Гісторыя раёна на старонках “Астравецкай праўды”
Нямецкі філосаф Артур Шопэнгаўэр вобразна назваў газеты секунднай стрэлкай гісторыі. Пераканацца ў праўдзівасці гэтых слоў мне неаднойчы давялося падчас работы над кнігай «Праз гады і газетныя старонкі», якая першапачаткова задумвалася як гісторыя «Астравецкай праўды». Работа над першай часткай кнігі была надзвычай цяжкай і адначасова цікавай. Было дзіўна і крыўдна ад таго, што часу мінула, здаецца, не так і многа – нейкіх 80 і менш гадоў, а многія звесткі страчаны беззваротна ці падаваліся скажона. Тым не менш, часткова ўдалося адматаць назад хранометр гісторыі, каб не толькі высветліць, якой была раённая газета ў 40-я – 80-я гады мінулага стагоддзя, але, гартаючы яе старонкі, больш-менш дакладна вызначыць, чым жыў Астравецкі раён у гэты час.
Астравецкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года. Але першы нумар раённай газеты «Большэвіцкі арганізатар», органа Астравецкага РК КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Вілейскай вобласці, выйшаў больш як праз год, 29 мая 1941 года.Мы неаднойчы расказвалі, як удалося знайсці тыя першыя 7 нумароў даваеннай «раёнкі», пра што пісала газета ў той час, таму звернемся да пасляваенных выпускаў ужо «Сталінскай праўды», каб па яе публікацыях прасачыць, хоць бы пункцірна, жыццё раёна ў той час.
Узяўшы ў рукі ў Нацыянальнай бібліятэцы першыя нумары «Сталінскай праўды», нават не чытаючы тэксты, можна адзначыць, наколькі цяжкім было пасляваеннае жыццё. У 8 разоў, з чатырох старонак фармату А3 да дзвюх фармату А4, паменшыўся яе аб’ём. Пагоршылася якасць паперы і друку, хоць і да вайны, і пасля яе газета выходзіла ў рэдакцыйнай друкарні, аб чым сведчыць запіс у выхадных дадзеных.
І ўсё ж са старонак нават гэтай невялічкай газеты, запоўненай пераважна паведамленнямі БелТА і ТАСС, можна пачэрпнуць шмат цікавай інфармацыі. Да прыкладу, пра тое, што пасля вайны ў
Астравецкім раёне было 8 591 аднаасобная гаспадарка, у валоданні якіх знаходзілася 52 805 гектараў зямлі, і толькі тры калгасы: імя Сталіна Астравецкага, імя Молатава Гервяцкага і імя Варашыла Варнянскага сельсаветаў, якія аб’ядноўвалі 63 гаспадаркі і займалі 687 гектараў.
На раённай нарадзе сельскага актыву, пра якую паведамляецца ў раённай газеце №43 ад 23 чэрвеня 1945 года, у дакладзе старшыні выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных Пермякова адзначалася, што 181 беззямельная гаспадарка атрымала 860 гектараў зямлі, паміж 426 малазямельнымі раздзелена 836 гектараў, 240 слабых гаспадарак атрымалі пазыку насеннем у 540 пудоў.
Дзякуючы «Сталінскай праўдзе», мы ведаем, што першыя трактары выйшлі на палі раёна вясной 1945 года – пра гэта паведамляе ў нумары за 10 лютага дырэктар МТС Жук: «Тракторист Волуевич Иван, работая в колхозе имени Сталина Островецкого сельсовета, с 4 по 8 марта вспахал 15 гектаров земли. Волуевич Леонард, работая на газогенераторном тракторе в колхозе «Молотова» Гервятского сельсовета, вспахал за это время 8 гектар».
Узнікае пытанне: адкуль у раёне вясной 1945 года ўзяліся мясцовыя, мяркуючы па прозвішчах, механізатары? Адказ знаходзім у №37 за 31 мая ў заметцы Алейнікава «К новым трудовым победам, трактористы-выпускники»:
«В январе месяце при Островецкой МТС были организованы курсы по подготовке … трактористов. На курсах … занималось 13 человек. … Курсанты слушали лекции по тракторному делу, которые читал старший механик МТС Олейников, лекции по агрономии читал главный агроном Островецкого Райзо тов. Матвеев; лекции на политические темы работник РК КП9(б)Б тов. Гудыно Валентина. Из выпущенных курсантов 8 человек сдали экзамены на отлично. Среди них женщины патриотки советской родины. Каятовская Леня Адамовна, Грабовский Иван Фомич, Катинель Иосиф Игнатьевич – вот курсанты отличники…»
Пра многае, у прыватнасці, пра ўзровень жыцця, сведчаць і аб’явы, якія ў 1945 годзе сталі з’яўляцца на старонках «Сталінскай праўды». У першай з іх паведамлялася, што раённая нарыхтоўчая кантора нарыхтоўвае грыбы, ягады, лекавыя расліны, скуры жывёл… А ўзамен прадае соль, цукар, запалкі, газу, мыла, баваўняную тканіну.
Аб’ява, надрукаваная ў 1946 годзе, красамоўна перадае асаблівасці жыцця таго часу: «Островецкий райфинотдел доводит до сведения граждан, что производится продажа домов и надворных построек лиц, выехавших в Польшу».
1949 год стаў пачаткам масавай калектывізацыі на Астравеччыне – практычна ў кожным нумары газеты паведамлялася, што ў той ці іншай вёсцы створаны новы калгас. У 1950 годзе іх было ўжо каля сотні, некаторыя – з аднолькавымі назвамі, і пачаўся працэс узбуйнення.
Развіццё сістэмы адукацыі таксама можна прасачыць па публікацыях у раённай газеце. У прыватнасці, старшыня Якентанскага сельсавета Іван Ушакевіч у «Сталінскай праўдзе» за 4 верасня 1949 года паведамляе, як метадам народнай будоўлі ўзведзены школы ў Новых і Вялікіх Якентанах – раней яны месціліся ў арэндных памяшканнях. Адкрылі школу і ў Байканах – тут за парты села 40 дзяцей.
Школьны інспектар райАНА М.К. Алейнік у артыкуле «Рост народнай асветы ў раёне» расказвае, што «…ў раёне на пачатак верасня 1949 года дзейнічала 2 сярэднія, 12 сямігадовых і 50 пачатковых школ».
У першыя класы ў тым годзе прыйшоў 901 вучань, у пятыя – 560. Каля дзесяці настаўнікаў у раёне было з ліку карэннага насельніцтва – яны набылі адукацыю за гады савецкай улады.
Для параўнання: сёлета ў раёне дзейнічае 13 сярэдніх школ, у тым ліку адна гімназія, дзве пачатковыя, за парты села 393 першакласнікі – у два з паловай разы менш, чым у 1949 годзе. А ўсяго ў раёне 3 605 вучняў.
Сёння ў астраўчан словазлучэнне «Янаўская ГЭС» асацыіруецца з любімым месцам адпачынку. І далёка не ўсе ведаюць, што ўзнікла яно ў 1952 годзе, калі калгасы імя Сталіна, «Чырвоны Кастрычнік» і «Новае жыццё» Астравецкага сельсавета пачалі сумеснае будаўніцтва Янаўскай гідраэлектрастанцыі магутнасцю 150 кілават. Яна, як сцвярджала газетная публікацыя, дазволіла б электрыфікаваць больш за тысячу калгасных двароў, грамадскія, культурныя і гаспадарчыя будынкі. ГЭС планавалі ўвесці ў маі 1953 года, але насамрэч гідраэлектрастанцыя дала ток у маі 1955 года.
Але толькі праз 12 гадоў,у 1967-м, напярэдадні 50-годдзя Кастрычніка, «Астравецкая праўда», надрукаваўшы фотаздымак Янаўскай ГЭС, паведамляла, што цалкам завершана электрыфікацыя раёна.
Хачу на імгненне прыпыніць секундамер гісторыі на адзнацы 31 сакавіка 1955 года. У гэты дзень «Сталінская праўда» ў заметцы К. Брайкоўскай «Выдатныя творы народных масцярыц» расказвала, што ў Маскве адкрылася выстаўка твораў выяўленчага мастацтва і народнай творчасці Беларускай ССР. «Гэтая выстаўка карысталася ў масквічэй небывалым поспехам. Дастаткова сказаць, што ў залах на Крапоткінскай выстаўцы пабывала звыш 100 тысяч чалавек. (…) Наведвальнікі не могуць прайсці раўнадушна міма твораў масцярыц Астравеччыны. Абрусы, посцілкі, ручнікі калгасніцы Ю. Бразевіч, посцілкі П. Казак, ручнікі Я. Мацкела – сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва». А праз тры гады тых майстрых раённая газета разносіла ў пух і прах у фельетоне Васіля Шкаева «Чэрнішскія дываншчыкі», бо яны замест таго, каб капаць калгасную бульбу, ткуць дываны і прадаюць іх «ажно за Масквой» па 150, а перабіраныя – ажно па 200 рублёў, набіваючы ўласныя кішэні.
Паведамленне аб тым, што вёска Астравец атрымала статус гарадскога пасёлка, было змешчана 1 мая 1958-га года ў святочным нумары ўжо не «Сталінскай …», а «Астравецкай праўды» (газета змяніла назву ў 1956 годзе). Побач з інфармацыяй – здымак, як пісалі, аднаго з прыгажэйшых будынкаў райцэнтра, адкрытага ў папярэднім 1957 годзе – новага ўнівермага. Рэпартаж Валянціны Налівайкі аб першым дні работы астравецкага ўнівермага дазваляе паглядзець іншымі вачыма не толькі на будынак адной са старэйшых гандлёвых кропак нашага райцэнтра, але і на жыццё астраўчан.
«Унізе размясціліся два аддзелы – тканіны і культтавары. На другі паверх вядзе шырокая лесвіца. Тут абутковы аддзел (…) Направа гатовае адзенне, налева – галантарэя, трыкатаж. (…)
Ёсць тут дабротныя адрэзы на паліто, касцюмы, сукенкі. Вялікі выбар розных радыёпрыёмнікаў, музычных інструментаў, швейныя машыны.
У кожным аддзеле мнагалюдна. Вось першай купляе залаты наручны гадзіннік работніца чайной райцэнтра. У аддзеле тканін вялікі попыт на бастон і шавіёт. Працоўныя набываюць сабе адрэзы на касцюмы. (…)
Знакавай навіной стала паведамленне ў нумары за 7 лістапада 1957 года аб тым, што ў клубе Астравецкай МТС устаноўлены тэлевізар, які трансліруе перадачы Вільнюскага тэлецэнтра. З публікацыі Васіля Шкаева «На новай сядзібе» можна даведацца, што тэлевізар стаіць ужо і ў клубе Варнянскай МТС – яго можна паглядзець чатыры разы на тыдзень. А ў першым нумары за 1958 год змешчана інфармацыя, што трэці тэлевізар у раёне набыў прафсаюз работнікаў медыцынскіх устаноў для клуба цэнтральнай раённай бальніцы. Але тэлепраграма ўпершыню была надрукавана ў раённай газеце толькі праз 8 гадоў, у маі 1965-га – напэўна, да таго часу тэлепрыёмнікі ў раёне вылічваліся ўжо не адзінкамі. Телепраграма была толькі адна. З яе вынікала, што пачыналася трансляцыя телеперадач пасля абеду, прыкладна ў 15-16 гадзін, апошняя перадача пачыналася ў 10 вечара. Тэлетрансляцыя вялася з Вільнюса, калі былі перадачы з Мінска, то гэта пазначалася ў праграме. А з 1967 года газета стала друкаваць ужо дзве тэлепраграмы – з Вільнюса і Масквы.
Адзін з накірункаў дзяржаўнай палітыкі, які асвятляўся на старонках газеты, – ссяленне хутароў, якое адбывалася напрыканцы 50-х гадоў. Гэтай тэме прысвячаўся перадавы артыкул «Дзень добры, вёска! Бывай, хутар!», змешчаны ў нумары за 1 верасня 1957 года. У ім расказваецца пра Андрэя Недалтоўскага, які перасяліўся з хутара ў вёску Больнікі. А ў нумары 18 верасня таго ж года ў матэрыяле «Хата пераехала» Уладзімір Царэвіч расказвае, як трактарысты МТС перавезлі, не разбіраючы, на новае месца хату Іосіфа Анімуцкага.
Яшчэ адна гістарычная падзея, якую не абмінуў увагай «секундамер гісторыі»: у жніўні 1959 года пасля расфарміравання Свірскага раёна да Астравецкага былі далучаны гаспадаркі Спондаўскага і Некрашунскага сельсаветаў – так званая завілейская зона. Да ранейшых 19 калгасаў далучыліся яшчэ тры і саўгас «Свірскі», прычым два калгасы ў Астравецкім раёне насілі аднолькавую назву «1 мая» і ў зводках пазначаліся ў дужках «Міхалішкі» і «Дрэвянікі». У снежні таго ж 59-га года рашэннем Маладзечанскага аблвыканкама Некрашунскі сельсавет быў перайменаваны ў Падольскі, а саўгас «Свірскі» – у саўгас «Падольскі». Быў перайменаваны і адзін з калгасаў «1 мая» – у «Перамогу».
Пра тое, што ў Астравецкім раёне пасля вайны існаваў дзіцячы дом, я ў свой час выпадкова даведалася ад аднаго з яго выхаванцаў, на той час – пацыента Міхалішкаўскай бальніцы сястрынскага догляду. А пазней знайшла пра гэта шматлікія матэрыялы на старонках спачатку «Сталінскай…», а затым і «Астравецкай праўды». У нумары за 22 верасня 1957 года яму прысвечаны артыкул І. Юр’евай (хутчэй за ўсё, журналісткі Ірыны Палер) «Яны ў сваім доме». 16 снежня яна распачала серыю публікацый пад рубрыкай «Пісьмы з дзіцячага дома» – выйшла чатыры матэрыялы, якія паказвалі розныя бакі жыцця выхаванцаў. Да слова, гэта адна са старонак жыцця раёна, якая яшчэ чакае свайго зацікаўленага даследчыка…
Дарэчы, у Варнянах існаваў не толькі дзіцячы дом, але і дом састарэлых на 100 ложкаў, у якім знаходзіліся нямоглыя старыя, прычым не толькі з нашага раёна. Пра гэта можна даведацца з артыкула Васіля Шкаева «Іх старасць забяспечана», надрукаванага ў раённай газеце 22 чэрвеня 1958 года.
Помнік Леніну ў Астраўцы быў устаноўлены ў дзень нараджэння правадыра сусветнага пралетарыяту 22 красавіка 1960 года. У нумары за 31 кастрычніка 1960 года раённая газета паведамляла, што пасля партыйнай канферэнцыі ўсе ўдзельнікі накіраваліся да гарадскога парку, дзе пасадзілі ліпавую алею. У 1967 годзе быў закладзены гарадскі сквер (тады яго гучна іменавалі паркам), які неўзабаве стаў любімым месцам праменаду астраўчан.
А 1 мая 1960 года «Астравецкая праўда» надрукавала здымак калгаснага Дома культуры, які адкрыўся да свята ў Міхалішках. Пабудавала яго сельгасарцель імя Кірава, затраціўшы каля 200 тысяч рублёў старыма грашыма. Цікава было даведацца, што сцены яго ўзведзены з гліны і абліцаваны цэментам.
З публікацый аб ходзе жніва, якія летам запаўнялі газету амаль цалкам, можна зрабіць выснову, што збожжаўборачныя камбайны з’явіліся на нівах раёна, замяняючы конныя жняяркі, у 1960 годзе. З паказчыкаў работы камбайнераў, надрукаваных у жніўні, вынікае, што ў раёне тады быў 21 камбайн, найбольш – шэсць – працавала ў саўгасе «Падольскі».
Адзначаючы гэтыя імгненні гісторыі Астравеччыны, зафіксаваныя раённым секундамерам, нельга не ўспомніць другую частку прыведзенай у пачатку цытаты Шопэнгаўра аб тым, што зроблены гэты секундамер не з самага лепшага металу і часта паказвае недакладны час. Незразумела, чаму, але пры ўсёй палітызаванасці газеты пра расфарміраванне Маладзечанскай вобласці, якое адбылося ў студзені 1960 года, у выніку чаго Астравецкі раён увайшоў у склад Гродзенскай, паведамленняў у раённай газеце мы не знайшлі.
Яшчэ больш незразумела маўчанне «раёнкі» пра расфарміраванне ў 1962 годзе Астравецкага раёна і ліквідацыю самой газеты. Яна перастала выходзіць у маі, хоць раён быў скасаваны толькі 26 снежня гэтага года.
З 1962 па 1965 год Астравецкі раён не існаваў – і, адпаведна, сёння цяжка знайсці інфармацыю аб тым, што тут адбывалася. Нешта можна «вывудзіць» з інфармацый смаргонскай і ашмянскай газет, паміж якімі была падзелена тэрыторыя раёна, але для гэтага трэба быць вельмі старанным «вудзільшчыкам», бо асноўная інфармацыя там усё ж прысвячалася, так бы мовіць, «тытульным» населеным пунктам, а далучаная да іх Астравеччына знаходзілася на правах пасынка.
6 студзеня 1965 года Астравецкі раён быў адноўлены ў ранейшых межах. Адпаведна сталі аднаўляцца і зачыненыя ў 1962-м арганізацыі і ўстановы.
Сярод іншых – і раённая газета «Астравецкая праўда». Першы нумар адроджанай астравецкай «раёнкі» выйшаў 8 красавіка 1965 года. Гэта можна лічыць маленькім подзвігам: рэдакцыя была створана за тыдзень да таго, новым супрацоўнікам, не ведаючы раёна, трэба было не толькі сабраць інфармацыю і напісаць артыкулы, рэпартажы, заметкі, але і набраць, і звярстаць газету. За тры гады разбурыць старое лёгка, а стварыць новае вельмі цяжка. Марыя Кувалдзіна і Ганна Хадкевіч успаміналі, што наборныя касы ім прывезлі старыя, пераблытаныя – і, перш чым набіраць тэкст, трэба было ўсё разабраць – па літарцы, па прабелу…
І зноў «Астравецкая праўда», занатоўваючы тры разы на тыдзень яркія і не вельмі імгненні жыцця, рупліва ткала летапіс жыцця раёна.
Адна з найбольш актуальных навін таго часу: у 1967 годзе аплату за працадні для калгаснікаў замянілі грашовай. У нумары за 24 кастрычніка на тэматычнай старонцы, прысвечанай калгасу імя Яўсеева, у артыкуле «Гарантаваная, штомесячная» пра гэта расказвае бухгалтар гаспадаркі: «…зарабляюць калгаснікі добра. Так, Іван Кяжун атрымаў за мінулы месяц 66 рублёў, Часлаў Кяжун – 53 рублі».
Прадстаўнікі старэйшага пакалення памятаюць, а моладзь успрымае як нешта неверагоднае расповеды аб тым, што з Астраўца ў Гродна ляталі пасажырскія самалёты. Але гэта было, і назва вуліцы Аэрадромнай у другім мікрараёне Астраўца – памяць пра той час. Захаваўся і невялікі аднапавярховы будынак колішняга аэрапорта, ён цяпер прыстасаваны пад жыллё. «Астравецкая праўда» 15 мая 1965 года паведамляла, што «…адкрыты рэгулярныя паветраныя зносіны паміж нашым гарадскім пасёлкам і абласным цэнтрам. З Гродна ў Астравец самалёт вылятае ў 7.35, з Астраўца ў Гродна – у 9.10. У паветры –1 гадзіна 25 хвілін. Кошт білета – 5 рублёў».
Ці многія ведаюць, што ў 60-х гадах у Астраўцы існавала медыцынскае вучылішча? Створана яно было ў 1964 годзе, а ў ліпені 1966 года адбыўся першы выпуск. «Астравецкая праўда» пісала, што 56 медыцынскіх сясцёр атрымалі дыпломы, трое – Ванда Буранкова, Ірына Глазко, Алена Стакун – з адзнакай, у чырвонай вокладцы, што асабліва падкрэсліў аўтар газетнай публікацыі.
«Сустрэчы моладзі ў кафэ «Рамантыка» сталі традыцыйнымі», – піша Рышард Карачун у нумары за 4 сакавіка 1967 года і расказвае пра вечарыну, прысвечаную песням Аляксандры Пахмутавай. Вядучымі яе сталі Казімір Мілаш і Алена Ермаковіч.
Дзе ж было тое кафэ, пра якое «Астравецкая праўда» потым пісала неаднойчы? Магчыма, «Рамантыка» – гэта была ўмоўная назва маладзёжных, як сёння б сказалі, тэматычных «тусовак», якія праходзілі ў адзіным на той час астравецкім рэстаране «Ёлачка», якая пазней была рэканструявана ва ўніверсам «Гермес», а цяпер – магазін «Родны кут».
У 1975 годзе, да 30-годдзя Вялікай Перамогі, у Астраўцы адкрылі помнік воінам-вызваліцелям аўтарства скульптара Яраміра Печкіна, без якога сёння немагчыма ўявіць лесапаркавую зону Астраўца. Праўда, рэпартажу пра яго ўрачыстае адкрыццё ў газеце не было – магчыма, яно злілося са святкаваннем юбілею.
21 студзеня 1969 года станцыя Гудагай стала называцца пасёлкам – тады быў прыняты адпаведны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Тады ж цэнтр Быстрыцкага сельсавета перанеслі ў вёску Трокенікі і адпаведна змянілі яго назву на Трокеніцкі – «Астравецкая праўда» паведамляла аб гэтым у №11 за 25 студзеня 1969 года.
Без асвятлення ў «Астравецкай праўдзе» не абыходзілася ніводная больш-менш значная падзея ў культурным жыцці раёна. Пра адкрыццё кінатэатра «Кастрычнік» (сённяшняй кінаканцэртнай залы «Астравец») Ала Ражко пісала ў нумары за 3 кастрычніка 1978 года. У нумары за 1 студзеня 1977 года ў артыкуле «Свята ансамбля» расказваецца пра створаны ў 1975-м па ініцыятыве тагачаснага загадчыка аддзела культуры Мікалая Ялоўскага ансамбль песні і танца «Вясёлка». Калектыў, якім кіраваў Генрых Стаціна, з’яўляўся лаўрэатам абласнога фестывалю і дыпламантам рэспубліканскага. Змешчана і фота ансамбля: на ім хор з 65 чалавек, уключаючы інструментальную групу. А была ж яшчэ і танцавальная частка калектыву, якая не трапіла ў кадр.
Калі астравецкі самадзейны тэатр атрымаў званне народнага і хто прыдачыніўся да гэтага? Як будавалі і калі ўвялі ў строй лагер «Ластаўка»? Дзе ў Астравецкім раёне і ў зімовую сцюжу вырошчвалі ружы і гваздзікі? Хто ў Астравецкім раёне стаў першым фермерам і хто з тых «першапраходцаў» пратрымаўся да гэтага часу? Хто з працаўнікоў Астравеччыны адзначаны ордэнамі і медалямі і ганаровымі званнямі? У адкрыцці якога новапабудаванага аб’екта на Астравеччыне прымалі ўдзел прэм’ер-міністры дзвюх краін?
Пра ўсё гэта і многае іншае можна даведацца, паспрабаваўшы адкруціць назад «секундную стрэлку гісторыі» – пагартаўшы падшыўкі «раёнкі». Ці, калі няма часу ці магчымасці ехаць у Нацыянальную бібліятэку, завітаць у раённую, дзе захоўваюцца «Астравецкая праўда», пачынаючы з 70-х гадоў. Альбо пачытаўшы кнігу «Праз гады і газетныя старонкі», якая ёсць у кожнай бібліятэцы раёна.