Новы кормаўборачны камбайн “Ягуар” убірае кукурузу ў КСУП “Гудагай”

14:00 / 06.09.2024


Камбайн у пары з МАЗам

Камбайн у пары з МАЗам

На Астравеччынне працягваецца актыўная ўборка кукурузы на сілас. На раніцу 5 верасня зжата 24% плошчаў. 

Агульнымі намаганнямі ўсіх гаспадарак у сярэднім за дзень у тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў закладваецца каля 5-ці тысяч тон здробненай масы. Нагадаю: у планах аграрыяў нарыхтаваць на зімне-стойлавы перыяд, з улікам так званага пераходнага запасу, без малога 169 тысяч тон гэтага віду корму. Найбольш – звыш 55 тысяч тон – у КСУП «Гудагай». 

Гэта гаспадарка дбае не толькі пра будучы ўраджай, але і пра пастаянае абнаўленне аўтапарку сельгасмашын. За стартам навюсенькага «Ягуара» на кукурузным полі паназіраў карэспандэнт «раёнкі».

Забягаючы наперад, зазначу, што ў КСУП «Гудагай» сёлета пад цеплалюбівіцу на сілас адвялі 1 650 гектараў, на зерне – 250, з іх звыш тысячы гектараў – айчыннай селекцыі. Лічыцца, што самы спрыяльны час для скошвання і здрабнення «каралевы» для закладкі ў траншэю – верасень. Граматная работа з кукурузай, пачынаючы ад выбару насення і яго пасеву і заканчваючы ўборкай, – асноўная перадспасылка для назапашвання якаснага і спажыўнага корму. 

Кукурузную масу адвозіць да траншэй Іосіф Бабіч

Кукурузную масу адвозіць да траншэй Іосіф Бабіч

Калі трыма кітамі малочнай вытворчасці лічаць кармы, кад­ры, і кароў, то ў нарыхтоўцы травяністых кармоў, у прыватнасці, сіласу, на маю думку, паспяховасць працэсу залежыць ад чатырох «Т»: тэхнікі, тэрмінаў, тэхналогіі, траншэй. 

Пра першыя два складнікі даведалася непасрэдна на ўчастку непадалёк ад вёскі Чэрнішкі. У дзень майго прыезду першыя кругі па кукурузным полі наразаў новы «Ягуар».

Новы “Ягуар”

Новы “Ягуар”

Зводдаль за работай кормаўборачнага агрэгата назіраў галоўны інжынер КСУП «Гудагай» Павел Гваздоў. 

Павел Гваздоў

– Была магчымасць набыць «Ягуар» праз фірму «Прамагралізінг», таму скарысталіся ёй. Гэта не першы кормаўборачны камбайн нямецкай вытворчасці ў нашай гаспадарцы, – патлумачыў спецыяліст. – Машыны высокапрадукцыйныя, надзейныя, ды і з абслугоўваннем прасцей, калі тэхніка адной лінейкі. Агрэгат каштуе дорага, але ў полі сваё адпрацуе. 

Заўважыўшы, што да нас набліжаецца новы кормаўборачны комплекс на пару з МАЗам, Павел Парфёнавіч даў умоўны знак камбайнеру і вадзіцелю. 

– Лепш у механізатара пацікаўцеся, які «Ягуар» у рабоце, – параіў галоўны інжынер.

– Выдатны, – з усмешкай зазначыў Віктар Грымбоўскі. – Да гэтага працаваў на падборшчыку, больш на КВК не сяду. Што ні кажы, а новая тэхніка  ёсць новая!

На выдатна ацэньвае новую тэхніку Віктар Грымбоўскі

На выдатна ацэньвае новую тэхніку Віктар Грымбоўскі


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич