Валентина Мастяница дружит с «Астравецкай» почти 40 лет

14:00 / 05.05.2024


Фото: из архива героини

Пра сяброўства з «раёнкай» расказала жыхарка вёскі Александрыя Валянціна Масцяніца

– Праглядваць газету – гэта з дзяцінства ў крыві. (Усміхаецца.) Я родам з Мядзельшчыны. Колькі помню, у нашай сям’і заўсёды выпісвалі «раёнку». Маме 82 гады, але яна і цяпер не ўяўляе жыцця без «Нарачанскай зары». Дарэчы, першы ганарар я таксама атрымала, напісаўшы ў газету ў 6-м класе пра наш школьны легкаатлетычны крос. І зараз памятаю, як паштальёнка прынесла за гэта 67 капеек. Якая ж я была радая! 

У 1987 годзе выйшла замуж і пераехала на Астравеччыну. Ці трэба казаць, што тады ж пазнаёмілася з нашай «раёнкай» і ўсе гэтыя гады з’яўляюся пастаянным падпісчыкам. Наогул не разумею, як можна не выпісваць мясцовую газету – тут жа пра ўсё падрабязна напісана. Вось жыву я ў аддаленым ад райцэнт­ра месцы, а пачытаю пра мерапрыемствы, конкурсы, сходы – і быццам сама на іх пабываю. Або аб’явы пра тое, дзе кірмаш адбудзецца ці ўрачыстасць, – адкуль даведаешся, як не з газеты? І віншаванні люблю пачытаць, асабліва калі юбіляры знаёмыя. А ўжо калі выходзяць апавяданні Ніны Рыбік – гэта сапраўдны рэлакс для душы. Вельмі хораша і, галоўнае, пра жыццёвае піша аўтарка. Талент! 

Яшчэ падабаецца чытаць артыкулы пра людзей, пра землякоў, пра прафесіяналаў сваёй справы. Навіны таксама не абыходжу ўвагай – трэба ж быць у курсе падзей. Словам, усё чытаю ў «раёнцы». А калі аднавіўся конкурс «Што б гэта значыла?», аднойчы рашылася ў ім паўдзельнічаць – і цяпер працягваю. Некаторыя жартам пытаюць, калі маю час прыдумваць допісы да здымка. Ды я ж спецыяльна над гэтым не карпею. Раблю штосьці па гаспадарцы, успомню фота – глядзіш, радкі нейкія і з’явяцца. Дарэчы, дзякуй рэдакцыі за конкурсы і магчымасць у іх удзельнічаць.

Чаго «раёнцы» не хапае? Не ведаю, на мой погляд, усё там ёсць. А жадаю газеце і ўсім яе супрацоўнікам далейшага росквіту, невычарпальнага натхнення, удзячных чытачоў і толькі дабра і міру. 


Текст: Марина Мацкевич