Якія кнігі Міколы Мятліцкага ёсць у раённай бібліятэцы
Не ўчора з’явілася меркаванне, што наша мова – адна з самых прыгожых і мілагучных. Калі слухаеш яе, адчуваеш сапраўднае задавальненне. Творы на беларускай мове кранаюць душу.
А дзе знайсці цікавыя кнігі беларускіх аўтараў? Дапаможа ў гэтым бібліятэка. І журналісты газеты.
У новым сумесным праекце «Чытаем сваё» мы раскажам і падкажам, на каго з беларускіх літаратараў звярнуць увагу; якія творы пачытаць і чаму; якія навінкі з’явіліся ў фондах раённай бібліятэкі.
Так што чытаем разам – выбіраем сваё!
Мікола Мятліцкі – вядомы беларускі паэт, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1998), літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2011), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2013), міжнароднай літаратурнай прэміі «Алаш» (Казахстан, 2017). Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2019).
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёcцы Бaбчын Xoйнiцкaгa paёнa Гoмeльcкaй вoблacцi.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977) працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1983 года – рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 2002–2014 гадах – галоўны рэдактар часопіса «Полымя».
У апошнія гады шмат і плённа займаўся перакладамі. Асабліва яго цікавіла кітайская паэзія.
Памёр 27 лістапада 2021 года.
Творчасць Міколы Мятліцкага – адна з яскравых старонак беларускай літаратуры ХХ–ХХІ ст. Гэта паэт, які паказаў, што чалавек здольны пераадолець любыя цяжкасці, супрацьстаяць глабальным праблемам гісторыі, і бязмежна любіць жыццё.
Кнігаагляд ад бібляітэкіГлыбінныя віры Міколы Мятліцкага
Прапануем увазе некаторыя з кніг Міколы Мятліцкага, якія ёсць у раённай бібліятэцы.
«Жыцця глыбінныя віры: вершы і балады».
Чарнобыльская тэма – асноўная ў паэзіі Міколы Мятліцкага. Чарнобыльская трагедыя стала для яго магутным штуршком для паглыблення філасофскай думкі, аналітычнага стаўлення да жыцця і гісторыі народа. Паэт больш востра стаў адчуваць адказнасць перад продкамі і нашчадкамі.
«Шлях чалавечы: вершы, паэмы».
Кніга пра тpaгeдыю poднaгa кpaю, знiшчaнaгa бядoй. Толькі душой адчуваючы родны край, можна напісаць пра яго такія шчырыя радкі. Пісьменнік, чыя родная старонка засталася за калючым дротам зоны адчужэння, заклікае, каб гэты боль быў пачуты ў маштабах усяго чалавецтва.
«Бабчын: Кніга жыцця».
«Ружа вятроў: вершы і паэмы».
Беларусь пад вятрамі эпох, яе мужны лёс на скрыжаваннях гісторыі – гэта памяць і абавязак перад тымі, хто аддаў жыццё за свабоду роднай зямлі. Сумленнем палеглых жыве малады абаронца Радзімы, сучаснік паэта, пра якога ён пранікнёна піша на старонках зборніка.
«Бяссмертнік: вершы і паэма».
У кнізе паэтычна сфармулявана беларуская жыццястойкасць і чалавекалюбства, адкрываюцца вытокі тых духоўных сіл народа, якія неаднаразова дапамаглі яму выстаяць на нялёгкім гістарычным шляху, а нашай Айчыне – стаць адной з найбольш інтэлектуальна развітых дзяржаў свету.
«Існасць: вершы».
Велічы перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і сутнасці нашага пасляваеннага мірнага жыцця прысвяціў паэт сваю кнігу «Існасць» . Аўтар звяртаецца да мінулага, значных гістарычных падзей, прыадкрывае заслону будучыні.
«Абярэг: вершы і паэмы».
«Абярэг» – заключная кніга паэтычнай трылогіі (папярэднія – «Бяссмертнік», «Існасць»). Галоўны аўтарскі клопат – сабраць і захаваць у слове лёсавызначальныя каштоўнасці, на якіх спаконвечна сталююцца чалавечыя свядомасць і годнасць, зберагчы гэты спадчынны скарб ад сусветнага разбуральнага наступу.
«Сарока з праспекта: вершы».
Шчодра ілюстраваная кніга з вершаванымі гісторыямі з жыцця гарадскіх жыхароў. Пра іх прыгоды апавядае чытачам незвычайная сарока-гараджанка, якая гняздуе на мінскім праспекце ў кроне каштана.
*Мікола Мятліцкі быў частым госцем Астравеччыны: цешчына хата ў Перавозніках стала другой радзімай паэта пасля таго, як першая апынулася ў зоне адчужэння з-за Чарнобыльскай аварыі. Мноства таленавітых вершаў, прысвечаных тутэйшым цудоўным мясцінам і людзям, напісаны ім на беразе хуткаплыннай Віліі, у Перавозніках і Быстрыцы. Яны склалі аснову кніг «На беразе маім» і «Жыцця глыбінныя віры».
________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________
Падрыхтавала Інга ШЛЫКОВІЧ.