Пайшоў з жыцця паэт Мікола Мятліцкі

18:51 / 28.11.2021

На 68-м годзе пайшоў з жыцця вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва “За духоўнае адраджэнне” Мікола Мятліцкі.

Гэта вялікая страта для беларускай літаратуры. І асаблівая – для Астравеччыны, якая для Міколы, родная вёска якога апынулася за калючым дротам пасля Чарнобыльскай аварыі, стала другой радзімай. Тут, у вёсцы Перавознікі, нарадзілася і вырасла яго жонка Ірына, тут жылі іх родныя і сябры. Сюды, у “край няпужаных птушак”, штолета прыязджаў ён за грыбамі, хвойным водарам – і натхненнем. Мноства цудоўных вершаў напісаны ім на стромкім беразе Віліі, у Быстрыцы, якую ён вобразна назваў “радзімкай на рачным брыве. Адсюль – героі многіх яго твораў. Тут была напісана кніга “На беразе маім”, якая прызнана лепшай кнігай паэзіі ў 2011 годзе. У астравецкі школах ён часта сустракаўся з вучнямі, мясцовымі літаратарамі, прывозіў кніжкі, чытаў вершы, вучыў разумець і любіць родную мову.

Мікола Мятліцкі быў добрым сябрам “Астравецкай праўды”: прыязджаў з Уладзімірам Саламахам на 70-гадовы юбілей газеты, удзельнічаў у прэзентацыі кніг Ніны Рыбік і проста заходзіў пагаварыць. Дзякуючы яго падтрымцы, у часопісе “Полымя” і іншых літаратурных выданнях часта друкаваліся творы астравецкіх аўтараў.

Рэдакцыя “Астравецкай праўды” смуткуе з выпадку смерці выдатнага паэта і чалавека і выказвае спачуванне яго родным, блізкім і сябрам.

2.jpg

Калектыў рэдакцыі

Текст: Главный администратор