Пісьменнікі прызямліліся ў Астраўцы
Астравец стаў шостай кропкай на карце нашай краіны, дзе прайшла агульнарэспубліканская акцыя “Чытаем разам, чытаем па-беларуску”. На мінулым тыдні да нас завітаў вялікі пісьменніцкі дэсант, у склад якога ўваходзілі ажно тры лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь – пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Мікола Мятліцкі і Раіса Баравікова, а таксама намеснік рэдактара дзіцячага часопіса “Вясёлка” Анастасія Радзюкевіч.
Не сакрэт, што сучасныя школьнікі чытаюць мала – камп’ютар і тэлевізар у многіх трывала выцеснілі з пісьмовага стала кнігу. У яшчэ большым заняпадзе знаходзіцца кніга беларуская – карані гэтай трывожнай з’явы больш глыбокія, яны хаваюцца і ў школьнай праграме, дзе беларускай літаратуры адведзена недаравальна мала часу, і ў нашым пераважна рускамоўным асяроддзі, і ў многіх іншых аспектах – але гэта ўжо тэма іншай размовы. А мэтай акцыі “Чытаем разам, чытаем па-беларуску” якраз і з’яўляецца прыцягненне цікавасці школьнікаў да кнігі, найперш — беларускай.
У той дзень у кінаканцэртнай зале “Астравец” сабраліся вучні малодшых і сярэдніх класаў з многіх школ раёна. У арганізатараў была пэўная занепакоенасць: ці будуць дзеці ўважлівымі слухачамі і гледачамі? Ды аказалася, што апасенні іх былі дарэмнымі: дзейства, якое адбывалася на сцэне, было цікавым і захапіла школьнікаў з першай хвіліны і не адпускала да апошняй. Тым больш, што яны былі не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі яго: адгадвалі беларускія загадкі, паспрабавалі сябе ў ролі акцёраў у інсцэніроўках, танцавалі – і нават атрымлівалі падарункі ад часопіса “Вясёлка”.
Пачалася ж імпрэза з інсцэніроўкі “Казкі пра Астравец”, якую напісала журналістка “Астравецкай праўды” Ганна Чакур, а паставілі на сцэне вучні і настаўнікі гімназіі.
Затым з прывітальным словам да дзяцей і гасцей звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла – ён падзякаваў пісьменнікам за тое, што знайшлі час, каб прыехаць на Астравеччыну і сустрэцца з нашымі школьнікамі, пажадаў поспехаў агульнарэспубліканскай акцыі і нагадаў усім словы знакамітай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) аб тым, што родная мова – гэта скарб душы. Вельмі арганічна і душэўна прагучалі ў выкананні мясцовага кампазітара і выканаўцы Аляксандра Якіменкі песні на словы нашага вядомага земляка, паэта Станіслава Валодзькі.
Найбольш ж дзяцей цікавілі пісьменнікі – пагадзіцеся, не кожны дзень выпадае сустрэцца з людзьмі, чыё імя напісана друкаванымі літарамі на вокладцы кнігі, якую ты ўчора браў у бібліятэцы, ці вершы якога нядаўна задавалі вывучыць на памяць на ўроку роднай літаратуры.
Пісьменнікі аказаліся людзьмі шчырымі, адкрытымі і вясёлымі. Рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі прызнаўся, што вельмі хвалюецца перад сустрэчай з дзецьмі. І вельмі шчаслівы тым, што ўсё жыццё працуе для іх, што менавіта школьнікі – галоўныя чытачы яго кніг. Пра адну з іх – “Вясёлка над Нёманам”, дзе вялікая ўвага надаецца і нашаму раёну – расказвалі вучні ў невялікім відэа-фільме. А сам Уладзімір Сцяпанавіч прывёў вытрымкі з другой сваёй кнігі, самай дарагой для яго — “Мама. Малітва” і затым падарыў гэтую кнігу раённай бібліятэцы з надзеяй, што яна ніводнага дня не будзе стаяць на паліцы – гэта, па прызнанню пісьменніка, з’ўяляецца самым вялікім яго жаданнем і стала б для яго самым дарагім падарункам.
Для Міколы Мятліцкага, галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, Астравеччына – другая радзіма, якая стала першай пасля таго, як родная вёска Бачын у Хойніцкім раёне засталася за калючым дротам. Тут, у маляўнічай вёсцы Перовознікі, былі напісаны асноўныя старонкі кнігі “На беразе маім”, якая сёлета падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах атрымала прыз “Залаты купідон” як лепшая кніга паэзіі. Ён сказаў дзецям – ды і дарослым таксама – мудрыя словы:
—Як бы імкліва ні развіваліся сучасныя сродкі камунікацыі, кнігу нельга спісваць “у архіў”. Бо даўно вядома: хто чытае – той думае, мысліць. І край, дзе кніга аглухла, непазбежна прыходзіць у заняпад.
Не хацелася б, каб такім краем калі-небудзь стала Астравеччына…
А Раіса Баравікова выдала дзецям таямніцу, што яна з’яўляецца… галоўным астранаўтам нашай краіны (!!!) Бо як жа інакш можна было напісаць “Казкі астранаўта”? А яшчэ ёй давялося прама на сцэне даць інтэрв’ю дзецям, якіх цікавіла ўсё: як будучая пісьменніца вучылася ў школе, чым цікавілася і г.д.
Школьнікі, што прыйшлі ў той дзень у кінаканцэртную залу, таксама падрыхтавалі для гасцей падарункі. Напрыклад, інсцэніроўка казкі Алены Масла пра лыжку і талерку, якую паставілі вучні СШ №1, паказала, што дзеці ўсё ж чытаюць беларускія кнігі і ўмеюць таленавіта пераўвасабляцца і ў талерку, і ў лыжку, і ў казачную дзяўчынку Альжбетку. А некаторыя з іх атрымалі ў гэты дзень падарункі ад часопіса “Вясёлка” — тыя, хто спрабуе свае творчыя сілы і піша менавіта на беларускай мове, хто лепш за ўсіх адгадваў беларускія загадкі, хто цудоўна ведае родную мову.
Пасля таго, як на сцэне кінаканцэртнай залы “Астравец” эстафета акцыі “Чытаем разам, чытаем па-беларуску” была перададзена Любанскаму раёну Мінскай вобласці (дарэчы, Астравеччына атрымала яе ад Міёрскага раёна Віцебшчыны) пісьменнікі накіраваліся ў вандроўку па школах раёна: у гэты дзень і назаўтра іх чакалі школьнікі з Рымдзюнскай, Падольскай, Варнянскай сярэдніх школ – каб таксама судакрануцца з беларускім мастацкім словам, пачуць, як прыгожа і мілагучна яно гучыць і як прыемна размаўляць на беларускай мове, адчуваючы, як недзе ў глыбіні душы прачынаецца памяць продкаў...
І, магчыма, пасля гэтых сустрэч нашмат больш дзяцей стануць пытаць у бібліятэках кніжкі беларускіх пісьменнікаў.
Ніна РЫБІК.
Фота Адрэя ПАМЕЦЬКІ.