Чытач працягвае размову: калі заканчваецца маладосць і з чаго пачынаецца прыстойнасць?

18:00 / 13.03.2024


Надоечы ў мінскім метро мне саступіла месца прыемная маладая жанчына. Так, ёй трэба было выходзіць на наступным прыпынку, але ж яна не прос­та ўстала, а паклікала знакам менавіта мяне: садзіцеся, маўляў… «Мо, я ёй проста глянулася», – суцяшала я сябе, ямчэй уладкоўваючыся на вольным месцы.

З аднаго боку, прыемна, бо стамілася да таго часу, ды і сумка была цяжкаватая. З іншага – крыху засмуцілася: вось ужо не я, а мне саступаюць месца ў транспарце… Старэю…

А тут рэдакцыйная пошта пісьмо прынесла – водгук нашай даўняй чытачкі і, хочацца спадзявацца, сяброўкі, хоць яна часта з намі спрачаецца. Алена Сямашка з Міха­лішак адгукнулася на адну з маіх «заўважынак» з рубрыкі «Мімаходзь» – тую, дзе я расказвала, як розныя дактары дваім аднолькавым па ўзросце каляжанкам назвалі розныя прычыны адной і той жа хваробы: адзін, малады, сказаў, што вінаваты ўзрост, другі ж, пажылы, супакоіў: вы зусім маладзенькая! «Калі заканчваецца маладосць?» – гэтае пытанне я вынесла ў загаловак публікацыі.

І Алена Іванаўна вырашыла адказаць на яго – яна, дзявяты дзясятак размяняўшы, мае права мець уласнае меркаванне пра ўзрост…

«Пачытала я ў «АП» «Калі заканчваецца маладосць?» І задумалася. На мой погляд, ніколі! Знайшлі мне ўзрост – 40 гадоў! Смех дый годзе. Мне 84 гады, а я не лічу сябе драхлай старухай, хоць і хаджу з кавенькай і з возам хвароб. Я – жанчына ва ўзросце, а ў душы адчуваю сябе на 65 гадоў! І замуж – хоць сёння! Толькі няма за каго… Хоць пяецца:

Беларуская старонка

Хваліцца абрусамі,

Хлебам, салам, самагонкай,

Мужыкамі русымі.


Але дзе яны, тыя мужыкі?

У двары стаіць карова –

Залатыя лытачкі.

У Беларусі мужыкі

Прапілісь да нітачкі…


І без пары сышлі «в мир иной»…

Так што, дарагія жанчынкі, менш дактароў, больш песень і ўсмешак! І хваробы адыдуць на задні план. 

І яшчэ трэба больш танчыць на кухні каля пліты з каструлямі, на агародзе – з матычкай. І лячыцеся больш народнымі лекамі, пакуль маладыя. Лекі з аптэкі ўжо пойдуць гадоў у 85-90. Будзьце здаровы і не хварэйце!»

Пачытала я рэцэпты мала­дос­ці Алены Іванаўны, сама па­смяялася, калег усміхнула: у ад­ной галава перастала балець, у другой спіну адпусціла… Яе ліст, як сёння любяць гаварыць, зрабіў наш дзень. Дзякуй!

А назаўтра пошта прынесла другі ліст – таксама ад нашай даўняй чытачкі і пастаяннага аўтара Яны Галіны з Астраўца. Яна таксама тэму ўзросту зачапіла. Праўда, быў ён не такі вясёлы і аптымістычны, бо выказаць сваё меркаванне аўтар вырашыла з нагоды іншай публікацыі – «Клубнічныя» сувеніры» («АП» за 6 лютага).

«Няўжо мы, людзі пенсійнага ўзросту, – апошняе пакаленне, якое ўмее цаніць сапраўдныя каштоўнасці?» – усклікае Яна Галіна і  працягвае:

«Абурана! Да глыбіні душы абурана магазіннымі «шэдэўрамі», пра якія пісала «Астравецкая праўда». Спадзяюся, гэтая тэма стане нагодай для палемікі чытачоў на старонках газеты.

Але ж… Дала пачытаць «Клубнічныя» сувеніры» асобе, якая мае дачыненне да выхавання дзяцей, – і ў адказ пачула: «А чым тут абурацца? Усё нармальна! Усё павінна выглядаць як яно ёсць. Людзі не могуць жыць так, як жылі раней,– інакш будзе застой. Грошы зарабляюць хто як умее».

Я зніякавела… Вярнулася ў думках у мінулае. Падумала: няўжо ж нашы дзяды выстаўлялі напаказ інтымныя рэчы? Не, гэта забараняла ім сумленне, прыродная тактоўнасць, унутраная культура, хоць яны не заканчвалі ўніверсітэтаў. У майго пакалення не было дзяцінства, затое былі ўрокі паводзін за сталом, сярод людзей, у храме. Удзячна нашым продкам, якія навучылі нас сапраўднай культуры, якой не валодаюць многія сённяшнія маладыя людзі з вышэйшай адукацыяй».

Да слова сказаць, «клубніч­ныя» сувеніры пасля газетнай публікацыі знялі калі не з продажу, з вітрыны, – дзякуй і за гэта.

Але гэтыя розныя меркаванні з нагоды розных публікацый навялі на роздум: для чаго людзям патрэбна маладосць і яе неад’емны спадарожнік – здароўе, якія прысутнічаюць ва ўсіх віншаваннях і пажаданнях з абавязковым удакладненнем: гэта – самае галоўнае. Так, безумоўна, але ўзнікае пытанне: для чаго патрэбны маладосць і здароўе? Як чалавек імі распараджаецца, на што траціць? Колькі ў грамадстве маладых і здаровых пустазвонаў, нахабнікаў і нават нягоднікаў – і колькі немаладых ці нездаровых глыбока духоўных людзей, якія жывуць дзеля іншых.

Так, гэта тэма іншай размовы, мо, калі і да яе дойдзем з дапамогай нашых чытачоў…

Сёння ж хачу сказаць вялікі дзякуй нашым чытачам – Алене Сямашцы, Яне Галіне і ўсім астат­нім – за тое, што чытаеце «Астравецкую праўду», пагаджа­ецеся ці спрачаецеся з журналістамі, а час ад часу не лянуецеся і не саромеецеся выносіць свае меркаванні на суд аўтараў і іншых чытачоў. Нам вельмі патрэбна зваротная сувязь з вамі, важна ведаць, што нашы думкі знаходзяць водгук у тых, каму яны адрасаваны, а не патанаюць у балоце раўнадушша.

Так што давайце пісаць і чытаць: мы – для вас, вы – для нас. Гутарыць і спрачацца. Размаўляць за віртуальным круг­лым сталом «Астравецкай праўды» і разам шукаць адказы на важ­ныя пытанні.

Чакаем вашых водгукаў, пісь­маў і тэлефанаванняў!



Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета