Такія вось «сувеніры»

12:00 / 07.02.2024


Навагоднія святы закончыліся. Пра гэта сведчаць не толькі знікненне ёлак з гарадской плош­чы і пляцоўкі перад МФК, змена надвор’я і тэматыка стужак навін, але і асартымент на пры­лаўках у крамах, асабліва па­дарункава-сувенірных: ёлач­ныя ўпрыгожанні змянілі сэрцайкі розных памераў, матэрыялу і цаны. Значыць – можна і на каляндар не глядзець! – прадаўцы пачалі падрыхтоўку да так званага дня закаханых.

Сёння шмат дыскусій аб тым, ці быў святым Валянцін, у гонар якога прыдумалі гэты дзень, ці наша гэта свята і ці свята яно ўвогуле. Але я не пра тое. Кожны, як спяваў Булат Акуджава, выбірае па сабе – д’яблу служыць ці прароку. Колькі заўгодна можна спрабаваць забараняць ці прапагандаваць дзень закаханых – тыя, хто лічыць гэта святам, па-ранейшаму будуць яго адзначаць, імкнучыся падарыць каханаму/каханай якое-небудзь сэрца: аксамітнае, папяровае, вышыванае, шакаладнае, шкляное… Ці што-небудзь больш істотнае. Хай дораць – абы на карысць, на лад і згоду ў сям’і! А для каго гэта святам не было і не будзе, той зной­дзе іншы дзень і час, каб прадэманстраваць свае пачуцці.

Але для вытворцаў і пра­даўцоў сувенірнай пра­дукцыі гэта вельмі нават свята, без абмеркаванняў! Амаль што навагодні «чос»! Ёсць меркаванне, што менавіта яны яго і прыдумалі, ці, ва ўсякім выпад­ку, «раскруцілі». Галоўнае для іх – спакусіць уладальнікаў гра­шо­вых знакаў і прымусіць іх рас­ка­шэліцца. І ў ажыццяўленні гэтай задачы яны не стаяць на месцы і чым далей, тым больш разнастайваюць асартымент. Што там звычайныя сэрцайкі? Адстой! А мы вось што прапануем! Для прыколу…

…У сувенірнай краме аднаго з астравецкіх гандлёвых цэнтраў (якая размешчана ў праходзе і адкрыта ўсім цікаўным вачам, у тым ліку і дзіцячым) нядаўна выставілі «ары­гінальныя» сувеніры: імі­та­цыю мужчынскага палавога органа ў натуральную велічыню з усімі анатамічнымі асаблівасцямі, ды яшчэ і з падсветкай – каб, значыць, ніхто не прайшоў міма, усе звярнулі ўвагу і, пажадана, купілі. Гэткі арыгінальны «клубнічны» падарунак...

Пра гэта паведаміла абураная настаўніца гімназіі і пра­ілюст­равала сваё абурэнне адпа­вед­ным фотаздымкам. Раска­зала, што не вытрымала, зра­біла заў­вагу прадаўцу. На што той толькі паціснуў плячы­ма: «А што тут такога? Суве­нір як сувенір… Маю права!» І «ары­гінальны» падарунак зас­таў­ся «красавацца» на тым жа месцы…

Хацелася б ведаць: такую прадукцыю прадаўцы і сапраўды маюць права выстаўляць для ўсеагульнага агляду ў адкрытым доступе? Чаму ж тады цыгарэты хаваюць у спецыяльных жалезных скрынках? Тытунь, выходзіць, дрэнна ўплывае на выхаванне моладзі – а такія вось, з дазволу сказаць, сувеніры, – станоўча? 

Прадчуваю, што нехта па­весіць ярлыкі на мяне і на тую настаўніцу: «ханжа», «старая», «без пачуцця гумару». Вешайце што хочаце, але прыбярыце па­доб­ныя «сувеніры» з вачэй, найперш – дзіцячых: ёсць для такіх «цацак» спецыялізаваныя крамы, там і прадавайце, і купляйце, і «пры­калвайцеся» колькі заўгодна! 

А  тых, хто лічыць, што інтым­ныя месцы павінны заставацца інтымнымі, – пазбаўце, калі лас­ка, ад гэтага «задавальнення».



Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета