Да 110-летняга юбілею: пра творчы шлях Аркадзя Куляшова

13:00 / 24.02.2024


Аркадзь Куляшоў – народны паэт Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння сямігодкі ў 1928 годзе паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а ў 1931-м –  на літаратурны факультэт Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 года. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», на беларускім радыё, у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт.  Служыў у франтавой газеце «Знамя Саветаў», у Беларускім штабе партызанскага руху. Пасля Перамогі працаваў на пасадзе галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», пазней – начальнікам сцэнарнага аддзела, галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».

З’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР з першага года ўтварэння (1934). Дэпутат Вярхоў­нага Савета БССР (1947-1978). У 1961-м у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 16-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Памёр 4 лютага 1978 года ў Нясвіжы. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Пра творчасць

Аўтар кніг паэзіі «Росквіт зямлі», «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж», «У зялёнай дуброве», «Добры чалавек», «На сотай вярсце», «Новая кніга», «Сасна і бяроза», «Мая Бесядзь», «Хуткасць», «Крылы», «Профілі», «Маналог» і іншыя. 

Напісаў паэмы «Крыўда», «Аманал», «Сцяг брыгады», «Грозная пушча», «Цунамі» і іншыя.

Куляшоў напісаў сцэнарыі фільмаў «Чырвонае лісце», «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Я. Коласа «На ростанях»), «Запомнім гэты дзень».  

Пра кнігі

Прапануем увазе некаторыя з кніг Аркадзя Куляшова, якія ёсць у раённай бібліятэцы.

«Дарогі»: вершы, паэмы. Кніга пра вечную захопленасць жыццём і творчае гарэнне, яркасць пачуццяў, нястомнае напружанне душы і думкі, пазнанне сябе і людзей. 

«Маналог»: вершы, паэмы. «Куляшоўская паэзія з вя­лікай мастацкай сілай і пераконлівасцю даводзіць нам, што духоўнае станаўленне і існаванне чалавека ў свеце немагчыма без непакою, пошуку, драматычнага пераадольвання жыццёвых перашкод, пачуцця вялікай адказнасці за сябе і свой час, без плённай стваральнай дзейнасці» (Варлен Бечык). 

«Паміж наступным і былым»: вершы, паэмы. Тут чытач знойдзе лепшае з творчай спадчыны пісьменніка.

«Хуткасць»: вершы. Творы пра хуткабежнасць часу і спрад­вечнасць жыцця, клопат сённяшняга дня і адмецінкі гісторыі.

«Творы»/Аркадзь Куляшоў, Аляксей Пысін. У 23-ці том «Залатой калекцыі беларускай літаратуры» ўвайшлі выбраныя творы Куляшова, уключаны таксама мастацкія пераклады, крытычныя артыкулы.                                                                

 Падрыхтавала бібліятэкар Алена Мінкевіч.

Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 

Текст: Главный администратор
Фото: из интернета