35 лет спустя… В Островце почтили память воинов-интернационалистов

18:00 / 15.02.2024


Сёлета Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаецца 15 лютага, быў адметным удвая: прайшло 35 гадоў пасля вываду савецкіх войск з Афганістана.

У фае шматфункцыянальнага культурнага комплексу, дзе праходзіла мерапрыемства, размясцілі малюнкі. Вось палаючы верталёт робіць свой апошні круг, салдат схіліў галаву каля загінулага сябра, гурт хлопцаў у цяльняшках сядзіць на прывале, з падарванага танка высоўваецца галава ў касцы… Так, па расповедах, пачутых ад дарослых ці ўбачаных у дакументальных і мастацкіх фільмах, бачаць вайну ў Афганістане выхаванцы Астравецкай школы мастацтваў. Адлюстраванне на паперы падзей 1979-1989 гадоў выклікае хвалю пачуццяў – немагчыма было раўнадушна прайсці міма дзіцячай выставы.

Даніна памяці

На мерапрыемстве ў адрас воінаў-інтэрнацыяналістаў гучалі словы падзякі за гераізм і годнае выкананне інтэрнацыянальнага абавязку, захаплення мужнасцю і адвагай, пажаданняў здароўя і ўсяго найлепшага. Гаварылі многа, шчыра, пранікнёна.

З выступленняў

Ігар Шалудзін, старшыня райвыканкама:


– Амаль 10 гадоў савецкія салдаты, сярод якіх былі і нашы землякі, удалечыні ад дома выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, праяўляючы трываласць, мужнасць і гераізм. Паважаныя ветэраны Афганскай вайны, вы як ніхто разумееце важнасць захавання міру і згоды, асабліва ў цяперашніх умовах глабальнай нестабільнасці. Дзякуй вам за ўдзел ва ўсіх сферах жыцця раёна і за тое, што не застаецеся ў баку ад выхавання падрастаючага пакалення, прывіваючы моладзі грамадзянскую актыўнасць і любоў да Радзімы. Моцнага вам здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, згоды і міру на роднай зямлі.

Узнагароджаны: Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – Аляксандр Андралойць і Сергей Івашка, Падзячным лістом – Уладзімір Драган.

Юбілейным медалём “35 год вываду савецкіх войск з Афганістана” – воіны-інтэрнацыяналісты Астравецкага раёна.

Дзмітрый Багуслаўскі, ваенны камісар раённага ваенкамата:


– 15 лютага – гэта не толькі дата вываду савецкіх войск з Афганістана, але і дзень памяці – сустрэчы сяброў, дружба якіх апалена і загартавана вайной. Праз Афганістан прайшло звыш 30 тысяч беларусаў. Амаль 800 з іх не вярнуліся дадому. Там, у далёкім Афганістане назаўсёды засталіся маладымі двое нашых землякоў: Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц. Мы заўсёды будзем памятаць тых, хто не вярнуўся з пекла баявых падзей і свята ўшаноўваць іх памяць.

Андрэй Ярохін, начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў:

– У Беларусі на дзяржаўным узроўні прызнана высокая роля подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія першымі зрабілі выклік міжнароднаму тэрарызму. Невядомая колькасць чалавечых лёсаў апалена Афганскай вайной. Ад імя ўсіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў дзякую нашым землякам, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях за гераізм і мужнасць, за сумленнае выкананне абавязку на афганскай зямлі і схіляю галаву перад светлай памяццю загінулых.

Сцяпан Ціток, старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў:


– Я трапіў у Афганістан 3 студзеня 1980 года – быў адным з першых. Стасуючыся з іншымі ветэранамі-афганцамі, слухаючы іх, лаўлю сябе на думцы, што нават я, хто быў там, не вытрымаў бы таго, пра што расказваюць яны. А калі падумаць, што давялося зведаць нашым бацькам і дзядам у Вялікую Айчынную вайну! Мы бачылі толькі дзясятую частку таго, праз што прайшлі яны. Вайна – гэта жах. Таму звяртаюся да ваенных і падрастаючага пакалення: абараняйце нашу краіну і захавайце мір.

Іван Шышкевіч, вучань СШ №3:

– Я никогда не видел войны,

И ужасов её не представляю.

Но то, что мир наш хочет тишины, –

Всё это очень ясно понимаю.

Да, прошёл тот страшный час

И о войне мы знаем лишь из книжки...

Спасибо вам! Мы очень ценим вас,

Поклон вам, от девчонок и мальчишек!

Творчыя нумары

Кожны з іх быў працяты болем, спачуваннем і падзякай. І выклікаў такую буру эмоцый, што слёзы міжволі засцілалі вочы, а ўнутры нешта пераварочвалася. Глянуўшы на твары воінаў-інтэрнацыяналістаў, што былі ў зале, немагчыма перадаць тое, што адчувалі ў гэты момант яны. Хутчэй за ўсё, бачылі не сцэну, а Афганістан…







Ля памятнага знака

Па традыцыі сабраліся прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, ваенізаваных структур, арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў раёна, ветэраны працы, моладзь і проста нераўнадушныя грамадзяне, каб пакланіцца загінулым ахвярам Афганскай вайны, ускласці кветкі і запаліць у іх памяць лампадкі.

Пасля воіны-інтэрнацыяналісты праведалі на могілках землякоў, якія не вярнуліся дадому: Іосіфа Канстовіча і Станіслава Бялячыца.






 


Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич