Пра службу ў Афганістане расказвае воін-інтэрнацыяналіст Адам Етко
На ўліку ваеннага камісарыята ў Астравецкім раёне зарэгістравана 65 воінаў-інтэрнацыяналістаў і 2 вольнанаёмныя. Здавалася б, сухія лічбы. На справе –лёс людзей.
Пра ветэранаў-афганцаў пішу не першы год. Здавалася б, вядомая тэма, добра вывучаныя гістарычныя звесткі, з большасці знаёмыя прозвішчы і твары. Але зноў і зноў штосьці адкрываю для сябе, не перастаю здзіўляцца пачутаму і разам з героямі перажываю іх Афганскую вайну…Лёс Валерыя Буцько з Дайлідак і Адама Етко з Кемелішак у нечым падобны. Абодва вясковыя хлопцы, пасля заканчэння сярэдняй школы адвучыліся на шафёра, паспелі некалькі месяцаў папрацаваць, а восенню 1982-га пайшлі ў армію і трапілі ў Афганістан. Абодва праслужылі звышнормы, вярнуліся дадому без раненняў і паціху сталі вяртацца ў мірнае жыццё. Сёння яны дзеляцца сваімі ўспамінамі.
Расказвае Адам
Шлях у Афган
– На Астравеччыну прыехаў 35 гадоў назад па размеркаванні пасля агранамічнага тэхнікума –і застаўся. А родам з Міншчыны: Любанскі раён, вёска Жалы. Там сярэднюю школу скончыў, затым на катэгорыю “С” адвучыўся і да арміі паспеў крыху папрацаваць трактарыстам у саўгасе. У войска пайшоў 27 кастрычніка 1982-га, а ў Афганістан адправілі вясной 83-га. Спачатку накіравалі на вучобу ў Варонежскую вобласць – горад Астрагорск. Там рыхтавалі вадзіцеляў па перавозцы ядзернай зброі – трапіў у іх лік і я. Вучылі 5 месяцаў. Ніхто нічога не казаў, але мы здагадваліся, куды паедзем. Праўда, адразу трапілі ў Чырчык – падрыхтоўчы пункт дэсантуры непадалёк Ташкента, і мільгнула думка, што застанёмся там. Аднак нас пасадзілі ў самалёт, і толькі калі перасеклі мяжу Савецкага Саюза, паведамілі, што накіроўваемся дапамагаць брацкаму народу ў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан.
Шынданд
– Першыя ўражанні – самыя запамінальныя. Прыляцелі ў Шынданд, спускаемся па трапе (былі апранутыя ў парадную форму), а тут наляцеў вецер – і пазрываў з галоў фуражкі. Кінуліся іх лавіць. А вакол на аэрадроме БТР, кулямёты стаяць, байцы ў маскіровачных халатах з аўтаматамі ходзяць. Убачылі нас і давай крычаць: “Пацаны, не збірайце вы фуражкі, яны вам тут не спатрэбяцца!” Вось такім было першае знаёмства з месцам службы. Гэта пасля даведаўся, што моцны вецер тут пастаянны спадарожнік, называецца ён “афганец” і падымаецца звычайна ў другой палове дня. Шынтанд – поўдзень Афганістана, і знаходжанне тут ужо было ў некаторым сэнсе подзвігам. Летам стаяла такая спёка, што ўсё навокал распалялася. Пакладзеш руку на бампер – адразу апёк. А зімой, лічы, снега не было, толькі дажджы. Тэмпература ўсяго 0 градусаў, але нават пры ёй можна было лёгка атрымаць абмаражэнне – такі шквалісты вецер.
Жылі мы ў палатцы –цэлы ўзвод, а гэта чалавек 30. Але хапала месца, бо былі адной сям’ёй – звычайныя хлопцы з усяго Савецкага Саюза.
Абавязкі
– Я адзін з першых вадзіцеляў спецыяльных машын ЗІЛ-135, якія перавозілі ракеты – на той час самую моцную зброю ў Афганскай вайне. Дакладней, я быў механікам-вадзіцелем, таму не толькі перавозіў баявыя снарады, але і заражаў пускавыя ўстаноўкі. Мы дастаўлялі ракеты з Шынданда на аэрадром у Кандагар – 250 кіламетраў шляху. Звычайна спраўляліся за двое сутак. Ехалі калонай у суправаджэнні роты мотапехоты і двух верталётаў – дзякуючы гэтаму, напэўна, і застаўся жывы. Ці здараліся атакі? Скажу коратка: не было ніводнага спакойнага рэйса. На нас пастаянна палявалі – засада за засадай. Душманы за маю машыну аб’явілі ўзнагароду, як за збіты верталёт. А ў мяне бакі – па 500 літраў бензіна за спінай. І кабіна са шклопластыка. З абароны толькі бронекамізэлька на ветравым шкле, а другое акно закладзена матрасам і падушкай – каб я быў менш прыкметнай мішэнню. Збіраючыся ў рэйд, кожны раз выстрэльваў патрон, браў пустую гільзу і клаў туды паперу з прозвішчам і хатнім адрасам. Адно пападанне – і я факел: за 10 хвілін ад ЗІЛа нічога не засталося б. А выездаў было шмат…
На валаску…
– Пераслужыў 5 месяцаў. У той час жаўтуха страшная хадзіла, многія хварэлі – не было каму мяне змяніць. Парадокс, але самыя небяспечныя выезды прыйшліся якраз на 85-ты год, калі павінен быў ужо дэмабілізавацца. Двойчы нашу калону ледзь не знішчылі поўнасцю. Паўтару: мы перавозілі каштоўнейшы груз – мацнейшай за нашы ракеты зброі тады не існавала. Таму дзе б мы ні ехалі – “духі” былі побач і трэба было пастаянна быць гатовым да атакі. На адну з такіх нарваліся ў Кандагары: толькі сунуліся на яго тэрыторыю – а нас там ужо чакалі. Першы танк падарваўся на фугасе – увесь экіпаж загінуў, калона трапіла ў засаду. Добра, што наперадзе ехала 5 машын баявой пяхоты – яны прынялі ўдар на сябе. Пашанцавала таксама, што яны не падбілі апошнюю машыну і мы нейкім цудам заднім ходам вызваліліся.
Быў яшчэ выпадак. У рэйдзе адстаў ад калоны: у ЗІЛе нешта сапсавалася і я спыніўся на рамонт. Стаў даганяць сваіх. На адным з перавалаў мяне абагнаў наш КамАЗ – ён ішоў пустым, таму і абышоў з лёгкасцю. Але толькі гэта машына заехала за перавал – грымнуў выбух. Душманы бачылі, што я адстаў і заклалі фугас. Тая міна была мая…
Аднойчы 2 гадзіны адзін стрымліваў “духаў”, пакуль не прыйшла дапамога. Выстраліў увесь свой боекамплект, безліч разоў развітваўся з жыццём, але да машыны іх не падпусціў. Выжыў… А назаўтра заўважыў у валасах сівізну.
Дадому…
– Вярнуўся за суткі: на самалёце з Шынданда – у Ташкент, адтуль – на Мінск, вось ужо і дома. Прыехаў якраз 23 лютага. У 85-м у Беларусі мароз стаяў -25 і снегу па пояс, а я толькі вярнуўся адтуль, дзе +40. Месяц не мог выйсці з хаты, пакуль акліматызацыя прайшла.
Пасля Афганістана змяніўся, канешне, моцна. Скажу шчыра: першыя паўгода складана давялося. Пасля паступіў вучыцца – і гэта дапамагло. Ажаніўся, прыехаў на Астравеччыну, ёсць дом, тры дачкі, засталося марыць пра ўнукаў. Сям’я – вось маё шчасце.
Перш думаў, што пройдзе час – і Афган адпусціць. Мінулі гады, ён мне не сніцца, але ўсё, што там адбывалася, у памяці назаўсёды.
І 15 лютага абавязкова адзначаю. Калі ёсць магчымасць, выбіраюся ў райцэнтр. А няма – збіраю сяброў і моўчкі падымаю 100 грамаў. За пацаноў! За ўсіх жывых і тых, хто глядзіць на нас з нябёсаў.