Шматгадовую працу ў Астравецкім РЭС успамінаюць Станіслаў Бабраўніцкі і Валянціна Мікліс
13:00 / 22.12.2023
Ветэраны арганізацыі Станіслаў Бабраўніцкі і Валянціна Мікліс, якія ўсё працоўнае жыццё – адзін 43 гады, другая 36 – нязменна працавалі ў раёне электрычных сетак, напярэдадні Дня энергетыка расказалі карэспандэнту «АП» пра сябе, свой шлях у прафесію, пра тагачасны РЭС і яго калектыў.
Лёсавызначальная выпадковасць
Валянціна Яўгенаўна:
– Я нарадзілася ў Карэліі, у Мядзвежагорскім раёне. Пяць класаў там закончыла. А ў 1965 годзе бацькі вырашылі пераехаць у Беларусь, у Маладзечна, – хацелі, каб у дзяцей была магчымасць атрымаць добрую адукацыю. Хоць з адукацыяй напачатку было цяжка… У школе я не вывучала замежную мову – не было настаўніка, ды і беларускай не ведала – адразу дзве «замежныя» трэба было асвойваць… Да абеду займалася нямецкай, пасля абеду ішла ў школу.Пасля васьмі класаў сяброўкі сабраліся паступаць у політэхнічны тэхнікум – і я за кампанію. Класны кіраўнік адгаворвала: «Куды ты, Валечка, ты ж чысты гуманітарый!» Не паслухалася…
Валянціна Мікліс
Закончыла тэхнікум у 1970 годзе. Захацелася самастойнасці. Папрасіліся з сяброўкай у Шчучын. Але ў Гроднаэнерга, куды мы прыехалі па размеркаванні, сказалі, што ў Шчучыне толькі адно месца – туды паехала сяброўка. А мяне, удакладніўшы, дзе жывуць бацькі, адправілі бліжэй да Маладзечна, з якога я ўцякала: у Ашмянскае прадпрыемства электрычных сетак. У Ашмяны прыехала позна вечарам. Дождж ішоў. Цёмна, змрочна, холадна… Бр-р… Назаўтра мяне накіравалі ў Астравецкі РЭС. Выехалі на горачку – сонейка засвяціла, усё навокал заўсміхалася! Ну, вядома ж, 1 красавіка! Мне здавалася, што нават сонейка смяецца і вітае мой прыезд… Астравец мне спадабаўся куды больш. І нічога, што ў РЭСе ўсе сядзелі ў адным вялікім кабінеце ў сённяшнім гаражы, а замест дзвярэй была вялізная дзірка – іх толькі збіраліся ўстаўляць. Затое людзі прыязныя! Калектыў тады ўзначальваў Мар’ян Іосіфавіч Краснік. Прызначылі мяне тэхнікам, паказалі фронт работы. У куце ляжалі дзве кіпы актаў: у 1965 годзе прымалі ад калгасаў на баланс нізкавольтныя лініі, дакументы так і ляжалі неразабраныя: Альфрэда Калесніка, які прыйшоў у калектыў да мяне, вельмі хутка прызначылі майстрам, яму было не да таго. Давялося мне заводзіць пашпарты на кожную трансфарматарную падстанцыю…
Станіслаў Станіслававіч:
– Валянціна ведала ўсё! Уявіце: 2 тысячы кіламетраў электрычных сетак – да слова, іх працягласць з таго часу асабліва не змянілася, 600 падстанцый, асноўныя сродкі – і ўсё гэта вяла яна. Ды яшчэ і абавязкі сакратара выконвала, дакументацыя ўся на ёй вісела. А ў дапамогу – толькі драўляныя лічыльнікі ды пішучая машынка. І ўсё паспявала! Якое б пытанне ні ўзнікла – з закрытымі вачыма адкажа, дзе, што і калі…
Я ішоў амаль тым жа шляхам, што і Валянціна, толькі крыху пазней. Яна ў 70-м закончыла Маладзечанскі тэхнікум, а я ў той год паступіў. Таксама пасля васьмі класаў. І мне ўсё роўна было – што ў энергетыкі, што ў аграномы… А бацькам – не! Мы жылі ў Жупранах Ашмянскага раёна, яны ведалі, што такое праца ў сельскай гаспадарцы, і параілі паступаць у Маладзечна. Пасля вучобы размеркавалі ў Ашмяны – і праз два тыдні прызвалі ў армію. Пасля дэмабілізацыі пайшоў працаваць у будаўніча-мантажнае ўпраўленне, якое будавала электрычныя сеткі па ўсёй Беларусі. Нас паслалі ў Астравец. Раён быў мне знаёмы, я тут вытворчую практыку праходзіў. Таксама не без прыгод. Прыслалі нас на практыку, а працаваць паставілі будаўнікамі – якраз сённяшні двухпавярховы будынак узводзілі. Маўляў, тут вы хоць грошай заробіце. Грошы, вядома, добра, але ж нечаму навучыцца трэба! Месяц працуем, другі… Урэшце пайшоў да начальніка: мне па спецыяльнасці практыкавацца трэба, а не раствор замешваць! Альбо адпраўляйце ў брыгаду, альбо назад паеду.
Станіслаў Бабраўніцкі
Праца – дні і ночы
Валянціна Яўгенаўна:
– На Станіславе Станіслававічы ўвесь РЭС трымаўся! Ён ведаў усё: кожную лінію, кожную падстанцыю. І заўсёды быў гатовы дапамагчы… Я больш паперамі займалася, а ён – з тэхнікай.
Але і работа з паперамі не такая лёгкая, як можа падацца. Магчыма, нехта скажа: што там складанага, цяжэй за аўтаручкі нічога не падымаеш. А насамрэч…Каб вы зразумелі… Да прыкладу, у кожнага чалавека ёсць медыцынская карта, у якую заносяцца ўсе яго хваробы, абследаванні, аналізы, лячэнне. А ў нас на кожны аб’ект ёсць пашпарт – тая ж медыцынская карта. У ёй адлюстроўваецца, калі пабудавана, калі рамантавалася, што рабілі… І як урач, перш чым лячыць хворага, аналізуе яго карту, так і ў нас: перш чым выехаць на аб’ект, вывучаюць яго пашпарт. А маёй справай было дакладна і своечасова запаўняць гэтыя пашпарты.
Зрэшты, не толькі гэта. Раз у год інжынерна-тэхнічныя работнікі РЭС павінны абследаваць усе лініі: праверыць кожную апору, ацаніць, у якім яна стане, зафіксаваць усе ўводы, намаляваць схемы. Так было раней, так, наколькі ведаю, ёсць і цяпер. Я таксама штогод удзельнічала ў падобных абходах. А як інакш? Памятаю, вельмі баялася ісці на 93-ю лінію: інжынер па эксплуатацыі электрычных сетак Хмялеўскі напалохаў, што пад Філіпанамі шмат гадзюк. Але ніводнай ні разу не бачыла…
Весела мы жылі, дружна, як адна сям’я. Вядома, у сённяшняга калектыву іншыя тэхнічныя і тэхналагічныя магчымасці, але згуртаванасці, думаю, яны маглі б павучыцца ў нас…
– Наш РЭС стаў выбівацца «ў людзі» недзе ў 80-я гады. Тэхніку абнаўлялі, вытворчую базу. Гэта таксама каштавала нямала высілкаў… Памятаю, для таго, каб калгас «Рассвет» саступіў нам права набыць трактар МТЗ-82, у выхадны дзень паехалі будаваць ім вышку – начальнік, галоўны інжынер, майстар… Праца ў нас заўсёды была спецыфічнай. Ніхто не здолее прадугледзець навальніцу ці ўраган. Сёння дыспетчар можа адным шчаўчком на пульце ўключыць ці, наадварот, адключыць у выпадку неабходнасці любую падстанцыю. А раней трэба было з-за кожнага аварыйнага адключэння гнаць машыну ў Падольцы ці Спонды… Але людзі працавалі без усялякіх «не хачу», «не магу», «не буду», «у мяне працоўны дзень закончыўся». Калі здаралася надзвычайная сітуацыя, увесь РЭС выязджаў на ліквідацыю. І працавалі, колькі трэба было. Адна Валя заставалася на тэлефонах – таксама трэба было вытрымаць шквал званкоў. Зрэшты, і кліенты тады былі іншыя. Калі, скажам, праводзім рэканструкцыю падстанцыі і папярэджваем, што электрычнасці не будзе два тыдні, то гэта ўспрымалі як належнае. А цяпер паспрабуй на дзве гадзіны адключыць!
Ты ды я – дынастыя
Валянціна Яўгенаўна:
– Мужа свайго я тут сустрэла. Юра ў РЭСе вадзіцелем працаваў. Можна сказаць, штодня бачыліся – і не бачылі адзін аднаго.
А неяк на Дзень Перамогі парад арганізоўвалі: кожная арганізацыя павінна была нейкую інсталяцыю прадставіць. Нам выпала «Дарога на Берлін». А мне, як самай маладой, – роля рэгуліроўшчыцы. Патрэбна пілотка! А Юра нядаўна з войска вярнуўся, у яго была ваенная форма… Так, рыхтуючыся да свята, мы і пазнаёміліся па-сапраўднаму. У 1973 годзе пажаніліся.Кватэру нам далі на Камсамольскай вуліцы ў РЭСаўскім доме, побач з работай: блізка, зручна. Спачатку жылі з падсяленнем, але потым суседзі нашы раз’ехаліся, мы толькі засталіся. А цяпер увогуле я адна…
Двое сыноў выгадавалі. Вася пайшоў сваім шляхам, ён цяпер жыве і працуе ў Мінску. А Сяргею я параіла паступаць у той жа Маладзечанскі тэхнікум, які закончыла сама. Ён не вельмі хацеў, але я сказала: паспрабуй, правер свае сілы. Не захочаш вучыцца – кінеш. Праверыў… Пасля заканчэння тэхнікума гадоў 10 працаваў у нашым РЭСе майстрам. Цяпер – у электрацэху атамнай электрастанцыі. Так што Дзень энергетыка ў нас сямейнае свята.
Станіслаў Станіслававіч:
– Гэтак жа і ў нас. Хоць напачатку нішто, як кажуць, не прадвяшчала…
Жонку будучую я сустрэў каля свайго дома. Па праўдзе кажучы, на той час ужо збіраўся звальняцца, хацеў вяртацца ў Ашмяны. Нават з уліку зняўся. Неяк сядзім з сябрам на лавачцы, бачым – дзяўчына ідзе. Сімпатычная! «Дай, – думаю,– зачаплю яе…» Ну вось, так і зачапіў – на ўсё жыццё.
Тарэса працавала ў розных арганізацыях, а апошнія гадоў 20 – у РЭСе. І такую яны з тагачасным начальнікам Альфрэдам Станіслававічам аранжарэю развялі! Яе ж хлебам не кармі, дай толькі кветкамі заняцца. І растуць яны ў яе, бы на дражджах! А Калесннік яе падтрымліваў, заахвочваў. Тагачасны старшыня райвыканкама Адам Кавалька ў наш РЭС усе дэлегацыі вазіў, і не столькі вытворчыя справы паказваў, колькі кветкі. Яны паўсюль былі: і на тэрыторыі, і ў памяшканнях. І старэйшы сын, Валера, Дзень энергетыка адзначае як сваё свята. Гэта сёння ён падпалкоўнік міліцыі і намеснік начальніка РАУС, а пачынаў працоўную дзейнасць у нашым РЭСе электраманцёрам. Малодшы, Аляксей, таксама энергетык: закончыў БАТУ, працуе на атамнай электрастанцыі. Толькі дачка пайшла ў бухгалтары, працуе ў райвыканкаме…
Заслужаны! Адпачынак?
Станіслаў Станіслававіч:
– Дзесяць гадоў працаваў я майстрам і яшчэ 33 – галоўным інжынерам. А потым вырашыў: хопіць…
Дома я таксама без работы не сяджу. Станкі ў мяне, зварка – то адно зраблю, то другое. З апошняга – бульдозер змайстраваў на мотаблок, снег чысціць. Зручна! Суседзі Кулібіным называюць. А жонка ўсё кветкі разводзіць. Прыгожа, вядома, але хутка, мусіць, мяне яе кветкі з хаты выселяць… (Смяецца.)
Валянціна Яўгенаўна:
– Мне РЭС да гэтага часу сніцца. Тут прайшлі лепшыя гады жыцця…