Кого навещают юные читатели и библиотекарь в Михалишковской больнице

10:00 / 10.12.2023


З новымі кнігамі, добрымі словамі і падарункамі наведаліся юныя чытачы і бібліятэкар Міхалішкаўскай сельскай бібліятэкі Вольга Багдановіч да пастаяльцаў мясцовай бальніцы сястрынскага догляду. 

Візіт быў прымеркаваны да Міжнарод­нага дня інвалідаў, але гэта далёка не першая сустрэча дзяцей і бібліятэ­кара з людзьмі, якія знахо­дзяцца на сацыяльных ложках. І дакладна не апошняя.

– Прыходжу ў баль­ніцу некалькі разоў на месяц, бо тут таксама ёсць мае чытачы – і вельмі актыўныя, – расказвае бібліятэкар. – Я прыношу ім кнігі, забіраю ўжо прачытаныя, ці­каў­люся, што найбольш спадабалася. Хаця за той час, што працую ў бібліятэцы і ведаю гэтых лю­дзей, ужо добра вывучыла іх густ. Адным падабаюцца дэтэктывы, другім – раманы пра каханне, а ёсць жанчына, якая чытае толькі часопісы. Стараюся кожны раз прыносіць штосьці новенькае, каб ім не было калі сумаваць.

Але не толькі з кнігамі прыходзіць да пастаяльцаў бальніцы Вольга Аляксандраўна. Звычайна падчас святаў, яна наведваецца сюды не адна, а з юнымі памочнікамі, з якімі загадзя рыхтуе віншаванні і сувеніры, а пасля раздае адрасатам.

– Хоць Міжнародны дзень інвалідаў цяжка назваць святам, але ўвагі і клопату да людзей, каму яны патрэбны, не бывае шмат, – зазначыла жанчына. – Таму 3 снежня мы з дзецьмі наведалі чытачоў – пастаяльцаў бальніцы. Дарэчы, у аднаго з іх хутка дзень нараджэння, і мы яго таксама павіншавалі. Імянінніка завуць Юрый і яму было прыемна. 

Бібліятэкар адзначыла, што сярод юных памагатых большасць вучацца ў сярэдніх і старэйшых класах і яны могуць зрабіць пэўныя высновы пасля падобных наведванняў. Такія візіты не толькі дапамагаюць разнастаіць будні людзей на сацыяльных ложках, але вучаць дзяцей спагадзе і міласэрнасці.



Текст:
Фото: з архіва Міхалішкаўскай сельскай бібліятэкі