Мары здзяйсняюцца, упэўнена Жанна Цэйка
З апошняй нашай сустрэчы Жанна Цэйка зусім не змянілася: засталася той жа светлай, як знешне, так і ўнутрана, дзюймовачкай, пра якую я пісала сем гадоў назад. У тую пару мая гераіня, у якой асаблівасці са здароўем і дастаткова няпросты лёс, пераадольвала звыш 35 кіламетраў на аўтобусе, каб трапіць на работу. Штодзень дарога ў два канцы займала тры гадзіны і дзяўчына марыла пра адно: займець уласны куток, дзе б і сцены, і падлога, і ложак былі б яе… Жанну я ўпэўнівала, што мары збываюцца, а яна ўсё не верыла. Летась дзяўчына ўпэўнілася, што нічога немагчымага ў гэтым свеце не існуе!
З гераіняй мы падтрымлівалі стасункі, зрэдзьчасу спісваючыся ў сацыяльных сетках. У мінулым годзе Жанне далі сацыяльнае жыллё. Калі некалькі месяцаў назад яна прыслала здымкі сваёй утульнай і прыгожай кватэры, якую абуладкоўвала сама, шчыра і ад душы за яе парадавался!
Напярэдадні Дня інвалідаў пагутарылі з Жаннай пра дарогу да ажыццяўлення мары, людзей, якія ёй дапамагалі, і многае іншае.
…Акінуўшы позіркам інтэр’ер невялікай кватэры, адразу можна зразумець, што тут жыве дзяўчына. Вялікі мішка, які сядзіць на падлозе, тоўстым бокам падпірае канапу. Мяккі зайчык прымасціўся ля тэлевізара… А вось сапраўдны вялізны кот, памерамі з булгакаўскага Бегемота, праўда, рыжа-белай афарбоўкі, са з’яўленнем незнаёмага чалавека рэціраваўся ў невядомым накірунку. Размову з гаспадыняй, зразумела, пачынаем з асобы яе гадаванца.
– Гэта Том, – кажа дзяўчына. – Пляменніца параіла ўзяць кацяня, маўляў, не так сумна будзе адной. Ён пераехаў са мной з інтэрнацкага пакоя. Распесціла яго! Пакуль на рабоце, Том “гаспадарыць”: адчыняе халадзільнік, лазіць на шкафчыкі…
– Памятаеш, наша мінулае інтэрв’ю заканчвалася пытаннем пра мары. Твая збылася! А ты не верыла…
– І цяпер не да канца веру.
Я разумела, што больш прыцясняць сястру не магу – у яе сям’я, што самой трэба дабівацца жылля – хоць няма каму дапамагчы, важна толькі не апускаць рукі. Схадзіла ў райвыканкам. Неўзабаве мне патэлефанавалі, што ёсць пакой у інтэрнаце. Паклеіць шпалеры дапамаглі дзяўчаты з тэрытарыяльнага цэнтра – і я справіла наваселле.
У лютым мінулага года атрымала ліст, што мне выдзяляюць сацыяльна-арэнднае жыллё – цэлую аднапакаёвую кватэру! Думаю, нарэшце, дачакалася. Гэта быў, бадай, самы шчаслівы момант у маім жыцці.
З Ленінскай на Дубраўную дапамагалі перавезці рэчы сястра са шваграм і работнікі тэрытарыяльнага цэнтра, за што ім бязмежна ўдзячна. Стала пакрысе абжывацца. Узяла ў растэрміноўку кухню і тэлевізар. Купіла люстры, карнізы. Потым захацелася нацягнутыя столі. Усё, што запланавала на гэты год, зрабіла. Засталося балкон давесці да толку.
Такія клопаты мне ў радасць. Пакуль выплачваю за тэлевізар і столь, але на пражыццё хапае тых грошай, якія застаюцца. На вялікія пакупкі – напрыклад, зімовыя куртку і боты – грошы адкладвала некалькі месяцаў. Як і любая дзяўчына, люблю прыгожа апранацца. (Усміхаецца.)
– Раней ты шмат часу траціла на дарогу. А цяпер колькі часу займае твой шлях на работу?
– Да трэцяга садка, дзе працую падменнай нянечкай, пешшу хвілін 10-15.
– Не цяжка з дзеткамі?
– Не, я іх моцна люблю – і яны мне адказваюць тым жа. Сястры пляменніц дапамагала гадаваць, лічы, з пялюшак. Ёсць выхаванцы з характарам, але мне дапамагаюць жарты і ўсмешкі.
З калектывам пашанцавала. Загадчыца садка харошая. Называе мяне “зорачкай нашай”. (Сарамліва ўсміхаецца.) Летась ад дзіцячага садка ўдзельнічала ў творчым конкурсе: спявала калядкі – заняла 3-е месца.
– Ты была актыўным удзельнікам і пераможцам многіх конкурсаў і спаборніцтваў, якія ладзіла аддзяленне дзённага знаходжання маладых інвалідаў. А ў апошні час нешта прапала…
– Больш вольнага часу было. Старалася не прапускаць ніводных спаборніцтваў і конкурсаў для людзей з інваліднасцю. Цяпер няма ранейшых сіл.
– А чым займаешся ў вольны час?
– Штовечар хаджу ў касцёл – добра, што храм блізка. Хутка пачнуцца Рараты. Адведваю сяброўку, з якой пазнаёміліся ў інтэрнаце на Ленінскай.
Люблю фатаграфавацца. Прашу калег ці знаёмых, каб паздымалі мяне. Нават холст з адным здымкам зрабіла.
– Жанна, што б ты параіла не толькі людзям з інваліднасцю, але ўсім, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, страціў веру ў дабрыню ці не ведае, як жыць далей?
– Не апускайце рукі, ідзіце наперад, нягледзячы ні на што. Абавязкова з’явяцца людзі, якія выслухаюць, дапамогуць… Я дакладна ведаю, што мары здзяйсняюцца!