Профессиональные праздники. Водитель Иван Часнойть всю жизнь за рулём

11:33 / 29.10.2023



Як атрымаў Іван вадзіцельскае пасведчанне ў далёкім 1985 годзе – так і «руліў» амаль «без адрыву ад вытворчасці» ўсё жыццё. Ды і такімі непрацяглымі былі гэтыя адрывы, што іх спакойна можна не ўспамінаць.

Працоўную дзейнасць слесар аўтапарка №4 Іван Часнойць пачаў адразу пасля школы: год перад арміяй працаваў у калгасе імя Кірава.

Тады ж Часнойць здаў «на правы»: у ДАСААФе атрымаў «грузавую» катэгорыю – «С». 

Пайшло-паехала…

Аддаўшы доўг Радзіме, Іван Часнойць вярнуўся ў родныя Заборцы. Адна­вяс­коўцы, якія ведалі, што хлопец шукае работу, параілі паехаць у Астравец: у аўтабазе, казалі, ёсць свабодныя месцы. 

Паехаў – узялі. На работу дабіраўся на аўтобусе. 

– А што тут такога? – бачачы маё здзіўленне, пытае Іван Зянонавіч. – Тады нас у Астраўцы шмат працавала з «міхаліснай» зоны. Усе так ездзілі, ды і аўтобусы хадзілі часта.

Даводзілася працаваць і недалёка ад сваёй вёскі – тады ставіў машыну каля хаты.

Але за руль грузавіка Іван Часнойць сеў не адразу: пакуль не было вакансіі вадзіцеля, дзесьці з месяц быў слесарам. Потым пайшоў на падменнага вадзіцеля на ГАЗон. Затым быў ЗіЛ, МАЗ, яшчэ адзін МАЗ… Як кажуць, пайшло-паехала – і так да 1993-га…



На фабрычным электракары

Нялёгкія для ўсіх 90-я задзелі сваім вострым крылом і Івана Зянонавіча: у аўтабазе прайшло скарачэнне – у ліку тых, каго «папрасілі», быў і Часнойць.

– Шмат тады нас, маладых, пайшло шукаць працу, – успамінае былы вадзіцель. – І хоць я ўжо адпрацаваў сем гадоў – не зусім і «зялёны» быў, – трапіў у гэты спіс. Скарачэнні былі не разава – мо, тройчы, калі памяць не падводзіць.

Некалькі месяцаў на біржы працы не далі вынікаў. Але работа, дзякуючы пасведчанню трактарыста, якія раней усе хлопцы атрымлівалі яшчэ ў старэйшых класах школы, знайшлася: на кардоннай фабрыцы ў Альхоўцы на электракарах, пагрузчыках макулатуры мужчына асвоіўся хутка.

– Жывенькая там тэхніка была, хоць і невялічкая, – узгадвае мужчына. – Цікава было працаваць. Сеў на адзін электракар, праз некалькі гадзін паставіў яго на зарадку – сеў на другі. Так і мяняў. Да таго ж яшчэ пілавінне, вугаль на пагрузчыках падвозіў… 

Пяцігодка ў прыватніка

Нішто так не цягне чалавека ў тое ці іншае месца, як свой дом. У выпадку Івана Зянонавіча – кватэра ў «аўтабазаўскіх» дамах у Астраўцы, якую ён атрымаў яшчэ да скарачэння. 

Так сям’я Часнойць, у якой ужо падрастала двое дзяцей, пераехала з Заборцаў у горад, тады яшчэ гарадскі пасёлак.

– Для ўзвядзення жылля работнікам у аўтабазе была створана будаўнічая брыгада, – расказвае Іван Зянонавіч. – Можна сказаць, свае дамы мы самі будавалі: хто каробку «ляпіў», хто цэглу з Пскова прывозіў. Канешне, атрымалі голыя сцены, нават падлогі не было, – але гэта было сваё жыллё!

…У другі прыход у аўтапарк Часнойць зноў уладкаваўся слесарам – свабодных аўтамабіляў не было. А душа мужчыны рвалася за руль. 

Таму, калі адзін з мясцовых ІПэшнікаў прапанаваў месца вадзіцеля, згадзіўся. Пяць гадоў на мікрааўтобусе і грузавой машыне вазіў тавары з мінскага рынка ў магазіны Астраўца.

Вяртанне

Той момант, калі з радасцю і палёгкай завёў матор старэнькага МАЗа, Іван Зянонавіч помніць і сёння: у 2004 го­дзе мужчына зноў уліўся ў аўтабазаўскі калектыў. Трохі машыну падрамантаваў – хапіла на два гады. Потым Часнойцю далі новую, затым яшчэ адну і яшчэ…

Так, за рулём аўтабазаўскіх грузавікоў і праляцелі працоўныя гады – Іван Зяно­навіч прырос душой да сваёй работы і больш нікуды з аўтапарка не сыходзіў. 

– Чаго шукаць, калі тут добра? – паціскае плячыма мужчына.

…Ніхто не можа прадказаць, што з намі будзе заўтра. Іван Зянонавіч не выключэнне: па стане здароўя ён нядаўна змяніў вялікую аўтамабільную «баранку» на такі ж вялікі гаечны ключ. Аднак нават працуючы слесарам мужчына не-не ды і падыдзе да свайго апошняга МАЗа – прырос душой. Каб дакрануцца да яго халоднага металічнага крыла і ўспомніць, колькі кіламетраў дарог ім разам давялося праехаць і колькі тон грузаў перавезці.



Текст:
Фото: Ольга Хотянович