Два спаборніцтвы – два медалі
Юныя астравецкія баксёры паўдзельнічалі ў двух рэспубліканскіх спаборніцтвах, дзе заваявалі некалькі медалёў.
Першынства Беларусі сярод юніёраў 2007-2008 гадоў нараджэння.
Скараць рынг і п’едэстал паехалі трое выхаванцаў трэнера спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Аляксея Маргужа. Найбольш удала выступіў Цімур Сянкевіч. Хлопец правёў 3 выйгрышныя баі і прайшоў у фінал. Паядынак за “золата” быў напружаным і неадназначным па лідарстве. У выніку перамогу святкаваў сапернік астраўчаніна. Цімур стаў сярэбраным прызёрам.
На першынстве таксама выступалі Ілля Чункевіч і Павел Мацкевіч, аднак юнакі не змаглі справіцца з эмоцыямі і вярнуліся дадому ні з чым.
Спартакіяда Беларусі сярод СДЮШАР.
Астраўчане ўдзельнічалі ў спаборніцтве ў асабістым заліку.
Ягор Маркун выйграў першы бой з яўнай перавагай у другім раўндзе. У наступным жа паядынку хлопцу выпала выступаць супраць дзеючага чэмпіёна краіны. Астраўчанін стойкатрывала трымаўся на рынгу, дэманструючы добрую тэхніку бою, але сапернік быў мацнейшым.
Падобны лёс на спаборніцтве напаткаў і Уладзіслава Кіткевіча: юнак упэўнена выйграў першы бой, а ў наступным саступіў дзеючаму чэмпіёну Беларусі.
Затое ўдача ўсміхнулася Максіму Кежуну – хлопец дайшоў да паўфінала і вярнуўся дадому з “бронзай”.