Мнение: деревни будут жить

09:32 / 03.06.2023

IMG_6410.jpg

Люблю назіраць, як пасля зімы адраджаецца прырода. Неперадавальны водар чаромхі,  сакавітая зеляніна далікатных лісточкаў, цёплыя павевы  ветрыку і вясёлае стракатанне птушак! За гэта падабаецца мне май – самы яркі на гукі, колеры і пахі месяц. А калі давядзецца яшчэ і ў вёску выбрацца – вось яна, сапраўдная прыгажосць! Тут адзін на адзін з прыродай і дыхаецца лягчэй, і думаецца лепш. І адразу перастаеш спяшацца, перажываць, што нешта не паспеў…
Люблю назіраць, як адраджаецца вёска. Няхай скептыкі і прарочаць ёй выміранне, я веру, што гэтага не здарыцца. Так, адыходзяць з жыцця старыя людзі, многія дамы застаюцца без гаспадароў, дарогі да некаторых населеных пунктаў ужо зараслі – даўно не ступала там нага чалавека. Аднак…
Чамусьці менавіта вясной, калі абуджаецца прырода, заўважаю змены да лепшага: у вёсках, бліжэйшых да горада, жыццё кіпіць: старыя  двары «маладзеюць» – гаспадары, як могуць, іх «пад­будоў­ваюць», добраўпарадкуюць; на месцы тых дамоў, што сталі непрыдатнымі для жылля, з’яўляюцца новыя і «абрастаюць» маладымі дрэўцамі, дэкаратыўнымі кусцікамі, клумбамі. Вось на ціхенькай вуліцы невялічкую хацінку паднялі на новы фундамент – і яна, здаецца, памаладзела, а праз дарогу вялікая хата на два канцы зазіхацела толькі вымытым шклом у новых – бачна, нядаўна «запененых» – аконных рамах… Будоўля, рамонт – адраджэнне… І ўсё гэта сярод квітнеючай-зелянеючай прыгажосці!
Вёскі выміраюць – але застануцца. У гэта паверыш, дастаткова пацікавіцца, колькі новых жыхароў прыязджае сюды жыць. І не толькі ў дачны сезон –  на пастаянна. Каб пасадзіць агарод і сабраць ураджай, абзавесціся гаспадаркай – не для «трэба», а для радасці ад простай фізічнай працы. І каб кожную раніцу, устаючы разам з сонейкам, любавацца вялікімі кроплямі расы на шызаватым дыване разнатраўя…
Упэўнена: вёска будзе жыць – па-новаму, у сучасным фармаце. І мне гэта таксама падабаецца!

Текст:
Фото: Ольга Хотянович