Даярка МТФ “Міцюны” Ніна Алексеявец: “За захаванасць жывёлы давалі бычка”

18:00 / 06.09.2025
За гады свайго існавання гервяцкая гаспадарка змяняла назвы, з цягам часу «паглынала» больш дробныя калгасы, перажывала заняпад і росквіт, але ў памяці многіх людзей яна засталася як любімая, родная, першая (і не толькі) і апошняя.

Ніна Алексеявец, прыйшла працаваць даяркай на МТФ «Міцюны» ў 1984 годзе (стаж у гаспадарцы – амаль 30 гадоў):

– Я з Валгаградскай вобласці, муж з Украіны. На Астравеччыне з бацькам яны былі на заробках: будавалі з брыгадай у Гервятах мост ля млына. І так ім спадабаліся гэтыя мясціны, што вырашылі тут асесці. Пераехала сюды і я.

Старшыня калгаса Адахоўскі сказаў, што, калі пайду на ферму, дасць кватэру. Згадзілася, тым больш па адукацыі я заатэхнік. Памятаю, што ў Міцюны на ферму прыйшла 4 мая 1984 года – тут і працавала да самай пенсіі (яшчэ і на заслужаным адпачынку паўтара года даіла кароў). Муж, якому выдалі трактар, на нашай ферме карміў жывёлу.

Спачатку кароў даілі вёдрамі, потым на ферме ўсталявалі малакапровад. Калі прыйшла, у кожнай даяркі ў групе было каля 30-ці кароў, потым – 50-60, а напачатку 2000-х даходзіла да 70-ці галоў. Нагрузка была вялізная, таму што яшчэ і цялят даглядалі. 

«Памятаю, у сярэдзіне 80-х ад каровы даілі каля 2 800 літраў малака, потым – 3 500, а перад маім выхадам на пенсію даходзіла да 6-ці тысяч. Увесь гурт летам пасвілі круглыя суткі. На полі стаяла перасоўная даільная ўстаноўка. Спачатку 3 разы на дзень прыязджалі, а потым – 2. Надоі раслі за кошт абнаўлення малочнага пагалоўя племяннымі цялушкамі, іх у нас чамусьці называлі «ленінградкамі». Гэта было пры галоўным заатэхніку Славе Віктаравічы Насуце».

У мяне, як і ў кожнай даяркі, былі любімыя каровы. У жывёл, як і ў лю­дзей, у кожнай свой характар: ёсць спакойныя, лагодныя, палахлівыя… У нас адна была, нібыта буйная, наперад не прадбачыш, у якім настроі цябе сустрэ­не. Моцна лупілася, таму з дзяўчатамі між сабой празывалі яе «кобрай».

Даводзілася і бручку ў полі рваць, і кармы ўручную разносіць. Пазней з’явіліся раздатчыкі. Адзінае, наколькі ведаю, не змянілася на маленькіх фермах – даяркі па-ранейшаму самі раздаюць канцэнтраты; яны ж, як ніхто, ведаюць, якой рагулі больш мукі насыпаць, каб яна аддзячыла малаком. 

У маю бытнасць нашы «Міцюны» лічыліся лепшай фермай у раёне. Мы пастаянна атрымлівалі граматы, падзякі, падарункі. Напрыклад за захаванасць цялят, калі за год ніводнае малое не выбыла, давалі бычка – доб­рае падспор’е ў гаспадарцы. 

Неяк Адахоўскі хацеў мяне па­ста­віць загадчыцай фермы ў Сакалойцях, не згадзілася: душой прыкіпела да людзей і да кароў. Тым больш у Міцюнах ферма на месцы.

Прызнацца, і пераехалі сюды, па вялікім рахунку, таму, што ў Гервятах усё размешчана кампактна. А ў нас школы не было, да райцэнтра 40 кіламетраў, не дарогі, а толькі адна назва… А тут усё на месцы – рукой падаць і да садка, і да школы. 

Калектыў на ферме быў хоць і невялікі, але цудоўны: загадчык, 5 даярак, з якіх – адна падменная, апе­ратар, пастухі. Усе святы, дні нара­джэн­ня адзначалі разам. А яшчэ ў нас была традыцыя: перад Новым годам заказвалі столік у калгасным кафэ.
 
«Адахоўскі проста выдатны кіраўнік быў – ад бога, за многае яму ўдзячна. Ніводнага разу мы не чулі, каб ён голас павысіў. Заўсёды з усмешкай, даярак моцна паважаў, з усімі вітаўся».

Гэты дом, у якім жывём, пачынала будаваць калгасная брыгада, потым работы на тры гады спыніліся. Вячаслаў Іосіфавіч неяк прыехаў і кажа: «Ніна, выкупляйце жыллё, давесці да толку дапамагу». Стрымаў слова старшыня. І недабудаваны дом, і неабходныя матэрыялы набылі за паўцаны.

…Ведаеце, ні аб чым не шкадую: без перабольшвання любіла сваю работу. Здароўе было б, дык лепш працавала, чым сядзела на пенсіі, але, на жаль, гады ўжо не тыя. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич