Рэпарцёр высвятляў, ці чакаюць астраўчане адкрыцця дачна-агароднага сезона

09:03 / 11.04.2023

3134.jpg

Не паспеем азірнуцца, як адагрэтая веснавым сонейкам зямля пакліча руплівых гаспадароў. У астраўчан і гасцей горада карэспандэнт “АП” пацікавіўся, ці чакаюць яны адкрыцця дачна-агароднага сезона. 

Марыя Станкевіч, галоўны бухгалтар:

4181.jpg

– Прызнаюся: не чакаю. Людзі насенне звычайна набываюць у студзені, а я гэта зрабіла толькі на днях. Тым не менш, агарод у мяне ёсць. Вельмі дапамагае муж, каб не ён і дзеці, зусім нічога не садзіла б. У кожнай гаспадыні свая тэхналогія: я, напрыклад, градак не раблю – у мяне нешта накшталт барознаў. Суседка  абяцала сёлета дапамагчы. Буду чакаць! Разам весялей, а ў чатыры рукі – і шпарчэй. (Усміхаецца.)

Валянціна Стэх, пенсіянерка:

4171.jpg


– Хоць з кожным годам здароўя не дадаецца, але без агарода не ўяўляю свайго жыцця. Ды і не разумею, як на вёсцы без яго. Насенне набыла ў лютым. На падваконнях зелянее расада памідораў і перцаў. Пацяплее – і распачну сезон: пасею моркву, бурачкі, пасаджу фасолю і бульбу – словам, усяго патрошку. Мелася паставіць цяпліцу, ды дзеці і муж не дазволілі. Кажуць, што і так усяго шмат. Затое як добра зімой дастаць слоічак марынаваных агуркоў ці памідораў – смаката!

Кацярына Сямёнава, загадчык магазіна:

4187.jpg

– Канешне, чакаю! Хочацца, каб хутчэй прыйшла сапраўдная вясна і ўсё навокал зазелянела, ажыло. Мы жывём у горадзе, але кожныя выхадныя, акрамя зімы, праводзім на дачы ў Міцюнах – дом застаўся ў спадчыну мужу. Люблю пакорпацца ў зямлі. Праўда, гадавалы Максімка такі яшчэ памочнік – патрабуе маёй увагі і клопату. Стараюся пасеяць усяго, але няшмат, каб на першы час была свая гародніна. 

 Марына Шаверда, загадчык магазіна:

4191.jpg


– Пытанне для мяне не актуальнае: дачы няма, агарод не саджу. Што такое вясковая праца, ведаю не па чутках. Усё лета праводзіла ў бабулі на Гальшаншчыне: аполвала грады, дапамагала выкручваць са студні ваду і рабіла многае іншае, што і астатнія вясковыя дзеці. 
Лічу, калі чалавеку дазваляе час і здароўе, займацца агародам – цудоўна! Але цяпер можна ўсё купіць у магазіне – тая ж морква ці капуста каштуюць танна.

Уладзімір Кураловіч, пенсіянер:

4193.jpg

– Агарод у нас невялікі – усяго тры соткі. Глебу ўскопваю ўручную, колькі там той зямлі. Агуркі, памідоры, цыбуля, буракі, морква – і хопіць. Мы любім не агарод, а пасеку. Жонка заядлы пчаляр, а я ў памочніках хаджу. Можна сказаць, што сезон ужо адкрылі: у дамках, дзе трэба, даставілі рамкі, праверылі, ці хапае пчолам корму. 

Фота аўтара і Юрыя Горыда. 


Текст: