На Астравеччыне праверылі гатоўнасць лясных брыгад да пажаранебяспечнага сезона

15:54 / 23.03.2023

Вясной лясная пажарная ахова пераходзіць у рэжым узмоцненага дзяжурства: выявіць і патушыць узгаранне – адна з галоўных задач у гэты перыяд. Гатоўнасць да сустрэчы з лясным пажарам правяралі падчас агляду лесапажарных брыгад і тэхнікі, які прайшоў на базе Варнянскага лясніцтва з удзелам прадстаўнікоў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і абласнога лесагаспадарчага аб’яднання.

IMG_3367.JPG

Падобную праверку праводзяць штогод, праўда, у розных фарматах. Напрыклад, у 2019-м яна праходзіла ў форме спаборніцтва і складалася з некалькіх этапаў: апранання “баёўкі”, эстафеты па перасечанай мясцовасці і баявога разгортвання.

IMG_3406.JPG

Сёлета, па словах галоўнага ляснічага Астравецкага лясгаса Віктара Ляха, іншая задача: на практыцы праверыць, наколькі сілы дружыны, тэхніка і сродкі пажаратушэння гатовы да небяспечнага сезона.

Менавіта ў баявым разгортванні, па меркаванні дасведчаных, шмат падводных камянёў і дробязяў, ад якіх залежыць вынік работы каманды. Заблыталіся рукавы, не адкручаны “барашкі” ў троххадавых разгалінаваннях – вада не пойдзе. Па вялікім рахунку, менавіта ад гэтага залежыць аператыўнасць ліквідацыі ўзгарання.

IMG_3352.JPG

Старт баявому разгортванню дала каманда пажарна-хімічнай станцыі, якая без цяжкасцей справілася з задачай. Дарэчы, брыгады лясніцтваў таксама паказалі зладжанасць і веданне справы.

Акрамя гэтага, удзельнікі прадэманстравалі тэарэтычныя асновы тушэння пажара і палаў, укамплектаванасць пунктаў супрацьпажарнага інвентара сродкамі тушэння, дакументацыю і іншае.

Па выніках агляду камісія рашыла, што ўсе сілы і сродкі пажаратушэння Астравецкага лясгаса гатовы да небяспечнай пары.

IMG_3291.JPG

У дапамогу чалавеку

Ёсць 3 аўтацыстэрны, 4 перасоўныя пажарныя ёмістасці, 9 модуляў, 11 мотапомпаў, ранцавыя тушыльнікі, запальныя апараты і іншае. Пазалетась Астравецкі лясгас набыў пажарную аўтацыстэрну аб’ёмам 3,5 тоны на базе аўтамабіля “Урал”. Такія машыны ёсць толькі ў двух леагаспадарчых установах краіны.

У тэму

Урач, загадчык аддзялення хуткай дапамогі Астравецкай ЦРКБ Сяргей Часнойць даў майстар-клас па аказанні першай даўрачэбнай, дапамогі: паказаў як рабіць непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне, а таксама нагадаў, як быць пры пераломах канечнасцяў, крывацёках і іншых траўмах.

IMG_3400.JPG

Каментарыі

Юрый Касцюкевіч, інжынер па ахове і абароне лесу:

– З пацяпленнем людзі пачынаюць наводзіць парадак на прысядзібных участках, спальваюць смецце, не задумваючыся, што гэта можа прывесці да ўзгарання сухой расліннасці і лесу. Таму брыгады лясніцтваў і пажарна-хімічнай станцыі павінны быць гатовымі да любой сітуацыі. Агляд паказаў дастаткова высокі ўзровень баявой гатоўнасці лесапажарных каманд. Гэта мерапрыемства згуртавала брыгады, і кожны ўдзельнік зразумеў персанальную адказнасць: у экстрэмальнай сітуацыі часу для роздумаў не будзе, а на пажары любая дробязь важная.

 Выратавальнікі далі некалькі рэкамендацый, якія мы выканаем. Напрыклад, пажарныя рукавы, нават у новых аўтамабілях, павінны быць аснашчаны спецыяльнымі манжэтамі.

Іван Кушмар, намеснік начальніка аддзела лясной гаспадаркі Гродзенскага ДВЛГА:

– Пажаранебяспечны сезон пачынаецца ў канцы сакавіка – пачатку красавіка і працягваецца да кастрычніка. Па статыстыцы 78% узгаранняў адбываюцца менавіта ў гэты перыяд. У большасці выпадкаў да лясных пажараў прыводзіць выпальванне сухой расліннасці, парушэнне людзьмі элементарных правілаў пажарнай бяспекі. У лясной гаспадарцы перад пачаткам пажаранебяспечнага сезона фарміруюць лесапажарныя брыгады. Агляд гатоўнасці каманд праходзіць штогод – звычайна мы аб’язджаем кожнае лясніцтва. У Астравецкім раёне сёлета вырашылі зрабіць гэта цэнтралізавана.

ЛІЧБА

73 узгаранні агульнай плошчай 53,1 га зафіксавана летась у лясным фондзе Гродзеншчыны.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич