Аўтапрабег да Дня Перамогі: па месцах памяці Варнянскага сельсавета

17:30 / 08.05.2024


Варняны, Варона, Быстрыца і Трокенікі… Кропкамі маршруту аўтапрабегу да Дня Перамогі па Астравеччыне пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Сяргея Мядзвецкаса сталі брацкія магілы, памятны знак загінулым яўрэям і абеліск загінулым землякам.

Удзельнічалі ў аўтапрабегу прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і школьнікі.

– У нашым раёне 28 памятных знакаў, з якіх 25 прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, – адзначыў Сяргей Мядзвецкас. – Падобныя аўтапрабегі патрэбны для таго, каб мы святкавалі 9 Мая не лакальна, толькі ў Астраўцы, а разам з жыхарамі ўсяго раёна, тым самым падкрэсліваючы наша адзінства. На кожнай кропцы маршруту нас сустракаюць дзеці – наша будучае. Мы, дарослыя, перадаём ім эстафету памяці, гаворачы пра страшныя падзеі, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў 1940-я гады. Як вядома, калі  ўрокі гісторыі наступныя пакаленні не вывучаць, то падзеі абавязкова паўтарацца. Каб так не здарылася, мы павінны памятаць і паважаць тых людзей, якія здабылі нам усім мірнае неба.

Ля брацкай магілы ў Варнянах сабралася шмат дарослых і дзяцей, неабыякавых да гісторыі краіны і сваёй маленькай радзімы. Кветкі і запаленыя лампадкі, хвіліна маўчання і слёзы на вачах – кожны, хто прыйшоў, нібы скурай адчуў, якім кволым можа быць мір вакол нас. А памяць – гэта тое, што не дасць паўтарыцца страшным падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Пранікнёным і вельмі хвалюючым было выступленне вучняў Варонскай пачатковай школы каля брацкай магілы,  якая знаходзіцца якраз насупраць гэтай установы адукацыі. Дрыготкім голасам у вершаванай форме дзеці расказвалі пра падзеі вайны і звярталіся да тых, каму абавязаны жыццём, з абяцаннем: будзем памятаць!








Памятны знак расстраляным яўрэям у Быстрыцы  не толькі выглядам, але і надпісам нагадвае: людзей гэтай нацыянальнасці фашысты знішчалі масава, без жалю! Кветкі леглі ля падножжа знака – як сімвал: мы ведаем і смуткуем.

Колькі ні даводзілася бываць у Трокеніках, а помнік загінулым землякам, міма якога прайсці проста нельга, уражвае – усе прысутныя адчулі: і сапраўды, памяць аб земляках жыве ў сэрцах трокенікцаў, як напісана на помніку.  І хоць імёнаў там няшмат, за кожным – лёс, узнёсак у агульную Перамогу. Хвіліна маўчання і нізкі вам паклон: мы памятаем.


Аляксандр Вярбовіч, старшыня Варнянскага сельсавета:

– Воінскія пахаванні на тэрыторыі нашага сельсавета ёсць у Вароне і Варнянах. Усяго кропак, якія напамінаюць пра страшныя падзеі 1941-1945 гадоў, – 12. Узгадаю такое выслоўе: калі ў чалавека ёсць дом, хлеб і вада, ён шчаслівы. Мы ўсё гэта маем дзякуючы тым, хто змагаўся і перамог. Няхай жа над намі заўсёды будзе мірнае неба і мы не спазнаем цяжкасцей, якія выпалі на долю нашых дзядоў і прадзедаў.

Надзея Субач, жыхарка Варнян:

– Брацкай магіле ў нашым аграгарадку заўсёды ўдзялялі шмат увагі. Таму што гэта наша памяць пра тых, хто аддаваў жыццё за сённяшні светлы дзень і мірнае неба. Дзеці і калектыў школы, мясцовыя жыхары прыглядаюць за гэтым месцам. Калі працавала ў школе, мы адшукалі родзіча аднаго з пахаваных тут салдат. Ён быў з Ташкента. Доўгі час падтрымлівалі з ім сувязь, перапісваліся. Аднойчы ён нават прыязджаў у Варняны. І кожны год варнянцы збіраюцца каля брацкай магілы, каб ушанаваць памяць загінулых і схіліць галовы перад іх подзвігам.

Анжаліка Янкойць, вучаніца Варонскай пачатковай школы:

– У брацкай магіле ў Вароне знайшлі супакой 59 вядомых і 2 невядомыя салдаты. На жаль, не дажылі да сённяшніх дзён ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Антон Антонавіч Стакун і Рыгор Вікенцьевіч Мятлеўскі, якія жылі ў нашым аграгарадку. Але мы памятаем пра іх і старанна выконваем сваю задачу – прыглядаць за месцам пахавання. #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ 







Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович