О сохранении исторической памяти, киберпреступности, безопасности детей и взрослых говорили на дне информирования в Островце

16:57 / 16.03.2023

Абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначаліў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, сустрэлася з калектывам раёна газазабеспячэння. Старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін тэмы дня інфармавання абмеркаваў з работнікамі КСУП «Міхалішкі»; кіраўнік дэпутацкага корпусу Ірына Тальчук пагутарыла з ваеннаслужачымі ўнутраных войскаў; сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў гэты дзень правялі і ўсе намеснікі старшыні райвыканкама.

IMG_2677.JPG

Спекуляцыі на гісторыі – злачынства

– Сустрэчы з насельніцтвам даюць магчымасць пагутарыць не толькі па тэмах, вызначаных у якасці асноўных, але і даведацца пра праблемы людзей, – адзначыў, адкрываючы сустрэчу ў райгазе, Віктар Пранюк. – Вы цесна ўзаемадзейнічаеце з насельніцтвам, сустракаецеся з людзьмі штодня і можаце данесці да іх інфармацыю аб тым, што ўсё, што робіцца ў нашай краіне, – дзеля кожнага грамадзяніна і ў інтарэсах дзяржавы.

Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні захавання гістарычнай памяці і заканадаўства, звязанага з генацыдам беларускага народа.

– Упэўнены, што ні ў каго не ўзнікне жадання спекуліраваць на тэме гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – гэта крымінальнае злачынства. І задача нашай інфармацыйнай групы – данесці да людзей, што любая спроба аспрэчыць праўду аб вайне будзе праследавацца не толькі законам, але і пагардай і непавагай людзей, – адзначыў Віктар Пранюк.

80 гадоў трагедыі ў Хатыні

– Трагедыя Хатыні – адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду, якую фашысты чынілі на працягу ўсяго перыяду акупацыі ў адносінах да насельніцтва Беларусі, – адзначыў пракурор раёна Аляксей Тамчанок і нагадаў, што адбылося 80 гадоў таму ў гэтай беларускай вёсцы.

Раніцай 22 сакавіка 1943 года ў шасці кіламетрах ад вёскі Хатынь у Мінскай вобласці партызаны, каб парушыць сувязь паміж гарнізонамі, у якіх знаходзіліся нямецкія падраздзяленні, абстралялі аўтакалону фашыстаў. У выніку нападу быў забіты нямецкі афіцэр.

Для пераследу партызан нямецкія захопнікі выклікалі падраздзяленні 118-га батальёна дапаможнай ахоўнай паліцыі і нямецкую роту зондэрбатальёна СС «Дзірлевангер».

22 сакавіка 1943 года карнікі з'явіліся ў Хатыні. Пачалася перастрэлка. Партызаны, страціўшы некалькі чалавек, сталі адыходзіць. Карнікі сагналі жыхароў вёскі ў хлеў і падпалілі, хто выбягаў -- расстрэльвалі. Усяго было знішчана 149 чалавек, з іх 75 дзяцей. Вёска – 26 двароў – была цалкам спалена.

Забойствам жыхароў камандавалі начальнік каманды СД гаўптштурмфюрэр СС А. Вільке, шэф-камандзір 118-га батальёна маёр ахоўнай паліцыі Э. Кернер, камандзір батальёна былы маёр польскай арміі К. Смоўскі, начальнік штаба батальёна былы старшы лейтэнант Чырвонай арміі Г. Васюра.

– На месцы спаленай вёскі 5 ліпеня 1969 года быў адкрыты Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», – нагадаў удзельнікам сустрэчы Аляксей Тамчанок. – На шматтысячным мітынгу выступілі сведкі трагедыі – Іосіф Камінскі і Аляксандр Жалабковіч. Важна, што сёння ў Беларусі памятаюць аб гэтай трагедыі і ўсё робяць для таго, каб захаваць гісторыю. У 2022 годзе ў Хатыні пачаўся капітальны рамонт. Падчас рэспубліканскага суботніка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у работах па добраўпарадкаванні комплексу.

Генацыд беларускага народа

– У красавіку 2021-га Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу па фактах генацыда беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну і ў пасляваенны перыяд, – нагадаў Аляксей Тамчанок і прывёў прыклады генацыду на тэрыторыі нашага раёна.

ЛІЧБЫ

– Па крымінальнай справе аб генацыдзе ў рэспубліцы дапытана 16 тыс. чалавек, з іх звыш 7,6 тыс. – вязні лагераў смерці.

– Прамы матэрыяльны ўрон, нанесены нашай краіне акупацыяй, складае 75 млрд рублёў (у цэнах 1941 года).

– У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе ўстаноўлена больш за 10,5 тыс. вёсак (каля 9,2 тыс. – да пачатку расследавання), якія пацярпелі ў гады акупацыі, у тым ліку не менш за 216 населеных пунктаў (186 – да ўзбуджэння крымінальнай справы), якія былі знішчаны разам з жыхарамі і не адрадзіліся пасля вайны.

– Крывавы след на беларускай зямлі пакінулі ўдзельнікі Арміі Краёвай. Украінскія карныя батальёны разам са злачынцамі з СС масава спальвалі нашы населеныя пункты разам з іх жыхарамі, – распавёў Аляксей Тамчонак.

IMG_2664.JPG

Злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій

– Барацьба з кіберзлачыннасцю – адзін з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці праваахоўнай сістэмы краіны, – адзначыў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролю РАУС Сяргей Шлыковіч. – Пераважную частку злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем ІКТ, складаюць крадзяжы грошай з карт-рахункаў грамадзян шляхам завалодання рэквізітамі банкаўскіх пластыкавых карт. У Гродзенскай вобласці такія справы фіксуюцца штодня. Нярэдкія падобныя выпадкі і ў нашым раёне.

Падман пакупнікоў падчас продажу тавараў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах, фішынг, вішынг, вымагальніцтва або шантаж, доступ да банкаўскай карты, ВEC-атакі (кампраметацыя дзелавой электроннай перапіскі) – самыя распаўсюджаныя спосабы і схемы крадзяжоў з выкарыстаннем інфармацыйна-камп'ютарных тэхналогій, ахвярамі якіх становяцца людзі рознага ўзросту і ўзроўню адукацыі.

Бяспека дзяцей на канікулах

За кожным выпадкам траўматызму або гібелі дзіцяці стаяць звычайныя жыццёвыя абставіны: бацькі пайшлі на працу, у магазін, да суседзяў, займаліся сваімі справамі, а дзеці ў гэты час заставаліся без нагляду.

– Каб не здарылася бяда, схавайце запалкі і іншыя пажаранебяспечныя прадметы. Растлумачце малышам наступствы гульняў з агнём, нагадайце ім, што трэба рабіць, калі ўзнік пажар, раскажыце, як выклікаць службы экстранага рэагавання, – нагадаў бацькам начальнік РАНС Віталій Рыбак.

Пагаварылі на сустрэчы таксама аб навядзенні парадку на зямлі і выхадзе на тонкі лёд.

ВАЖНА

За выпальванне сухой расліннасці і травы на корані і непрыняцце мер па ліквідацыі палаў пагражае адміністрацыйная адказнасць і штраф у памеры ад 10 да 30 БВ.

Текст:
Фото: Елена Ярошевич