Пётр і Анастасія Ляховічы, сямейны стаж амаль 10 гадоў: “Сварыцца няма калі”

18:00 / 19.02.2023

Яны вельмі розныя. Сур’ёзны, надзейны, грунтоўны Пётр – пры знаёмстве з ім разумееш, чаму гэтае імя са старажытнагрэчаскага перакладаецца як «камень». (Зрэшты, Насця расказвае, што пры першай сустрэчы яе прывабіла яго іранічнасць, жартаўлівасць, кампанейскасць). І худзенькая, як былінка, звонкагалосая, артыстычная, пераменлівая, як вада, Анастасія.
Гледзячы на іх, міжволі ўспамінаеш пушкінскае «Яны сышліся: вада і камень…»
Але, назіраючы, з якім замілаваннем бацькі з розных куткоў пакоя пазіраюць на немаўлятка Давыда; як з паўслова, з аднаго жэста разумеюць адзін аднаго; як свабодна і разам з тым не распешчана паводзяць сябе васьмігадовы Ян і шасцігадовая Васіліна, разумееш, што яны – сям’я ў сапраўдным сэнсе гэтага слова.
…Аднойчы вядомая ў астравецкай культуры варнянская артыстка і пявуння Насця Ляховіч запрасіла ў бацькоўскі дом у Варняны калегу і сяброўку Насцю Клімашэўскую з Падольцаў. Там яна і сустрэлася з братам сяброўкі Пятром. Гэта быў 28-гадовы сур’ёзны юнак. Насця таксама не дзяўчынка з пясочніцы: мела за плячыма адукацыю, прафесію, перамогі ў конкурсах…
– Мне, вядома, падабаецца, як яна спявае, – гаворыць Пётр. – Але не гэта было галоўным. Найбольш зачапіла, што Насця простая, спакойная, памяркоўная, гатовая ва ўсім прыйсці на дапамогу, без прыкмет «зорнай хваробы» – вясковая ў лепшым сэнсе слова. Словам, сапраўдная. Не люблю залішняга пафасу, напышлівасці.
Без пафасу і прыгожых жэстаў праз паўгода пасля знаёмства Пётр спытаў у дзяўчыны: 
– Пойдзеш за мяне?
І Насця адказала гэтак жа проста:
– Так…
І ў астравецкай культуры з’явілася адразу дзве спя­вач­кі Анастасіі Ляховіч. Потым, праўда, сястра Пятра і сяброўка Насці змяніла не толькі прозвішча, але і месца жыхарства.
Гэта, дарэчы, было не адзіным «імянным» супадзеннем.
– Прыязджаю да цешчы знаёміцца, яна прадстаў­ляец­ца: Тарэса Станіславаўна. А ў мяне, як сёння б сказалі, разрыў шаблона: маю маці завуць гэтак жа…
…Яны абое выраслі ў шматдзетных сем’ях: у Насціных бацькоў трое дзяцей, у Пятра – чатыры браты і сястра (да слова, Аляксандр Ляховіч, першы астравецкі ўдзельнік Алімпійскіх гульняў, яго малодшы брат). І марылі, што ў іх будзе як мінімум трое дзяцей. Неўзабаве пасля вяселля адзін за другім нарадзіліся Ян і Васіліна.
А з трэцім замарудзілі.
– Страшнавата было, – дзеліцца Пётр. – Жывём у двух маленькіх пакойчыках у інтэрнаце – не развярнуц­ца. Доўга раіліся з Насцяй, абмяркоўвалі ўсе «за» і «супраць». І ўсё ж рашыліся… Цяжкасці прыходзяць і ады­хо­дзяць, а дзеці застаюцца.
– Калі хадзіла цяжарная дачкой, сасніла, што ў мяне два хлопчыкі. Была ўпэўнена, што другім таксама будзе сын, не паверыла нават перш, што дачушка. А трэцюю, наадварот, чакалі дзяўчынку – сон свой пазней узгадала, калі Давыд нарадзіўся, – расказвае Анастасія. 
Цяпер жыццё сям’і падпарадкавана раскладу дня Давыда, якому няма яшчэ і двух месяцаў. Пётр, які шмат працуе, каб забяспечыць сям’ю, цяпер стараецца больш бываць дома, каб дапамагчы жонцы. Хоць асноўны цяжар хатніх клопатаў кладзецца на яе худзенькія плечы. 
– Пеця дапамагае ва ўсім, – гаворыць з удзячнасцю жонка. – Для яго не праблема зайсці ў магазін і купіць усё, што я папрашу. Часам не паспяваю прыгатаваць вячэру – тады ён робіць. Ці глядзіць малога, пакуль я што-небудзь «зварганю» на хуткую руку.
– Але ў гэтым цэйтноце ёсць і станоўчыя моманты, – гаворыць Пётр. – Пасварыцца абсалютна няма калі! А калі нават якая чорная кошка прабяжыць між намі, то дзеці нас імгненна паміраць, не паспеем і заўважыць, калі…

Текст: Нина Рыбик