Адзін для аднаго жывуць цяпер саракагадовыя юбіляры Валянцін і Ганна Трамбовічы

12:00 / 19.02.2023

Як, калі, па чым людзі з соцень тых, хто сустракаецца на жыццёвым шляху, выбіраюць аднаго-адзінага – сваю палавінку?
Спрабую даведацца ў Ганны Юльянаўны і Валянціна Іванавіча Трамбовічаў сакрэт іх доўгага сумеснага жыцця і рэцэпт сямейнага шчасця.
– Ды які там сакрэт! – смяюцца яны. – Пабраліся нібыта жартам, а аказалася – на ўсё жыццё.
Яна родам з Каценавіч, ён – з Загазі. З дзяцінства ведалі адно аднаго, сустракаліся на фэстах, на танцах. Мо, і прабягала калі паміж імі іскрынка сімпатыі, ды Аня пасля школы падалася ў Вільнюс у пошуках даўжэйшага рубля ды лягчэйшага жыцця. А Валянцін застаўся дома. Атрымаў правы шафёра, стаў працаваць у калгасе «Запаветы Ільіча». 
Так, можа, і разышліся б іх жыццёвыя дарогі. Ды ў Ані захварэў бацька. Брат на той час служыў у вой­с­ку, сястра яшчэ малая, яе самую глядзець трэба. Хто маці дапаможа? Яна вярнулася дахаты.
Неяк выпадкова сустрэла на вуліцы Валянціна.
– Нешта даўно цябе не відалася, – загаварыў хлопец. І пацікавіўся тым, што хвалявала найбольш:
– Замуж не выйшла?
– Ды не – ніхто не бярэ! – пажартавала дзяўчына.
– А калі я вазьму – пойдзеш?
Незразумела, смехам спытаў ці ўсур’ёз. І яна адказала гэтак жа:
– А чаму ж не?! Пайду!
– То я ў суботу прыеду, чакай!
І насамрэч прыехаў! 
Размова тая адбылася ў ліпені, а на лістапад прызна­чылі вяселле.
– Чаму так спяшаецеся? – пільна ўглядвалася ў фігуру братавай абранніцы яго старэйшая сястра. – Мо, прычына якая ёсць?
«Прычыны» не было – першынец у Трамбовічаў нарадзіўся амаль праз два гады пасля вяселля. Але і патрэбы выпрабоўваць пачуцці яны не адчувалі.
– Калі па праўдзе, то не збіралася за яго замуж, не ведаю, як так атрымалася. Мама некалі наказвала: ідзі, дачушка, за таго, хто цябе любіць, – такі і пашкадуе, і дапаможа. Вось я і пайшла за Валюся. Падумала: ён старэйшы, разумнейшы, можа, і не памылюся, – прызнаецца Ганна Юльянаўна. – І не памылілася. Ён добры, спакойны, памяркоўны – у бацьку ўдаўся. Гэта я баявая, гарачая, языкатая, магу і пасварыцца. А ён не з такіх. 
Хоць сварыцца ім не было калі. Валянціна Іванавіча як вопытнага вадзіцеля часта адпраўлялі ў далёкія рэйсы, а яна, лічы, адна падымала дзяцей: спачатку Андрэйку, а пасля і Наташу. Дапамагала, як магла, свякроўка, якая жыла побач, час ад часу маці прыязджала, цётка. Было, што суседзяў прасіла. 
– Працавала цяжка – грошы трэба былі, – узгадвае Ганна Юльянаўна. – Адначасова дзве фермы ўзначальвала: малочную ў Загазі і па дарошчванні малых цялят у Газе. Зарплату мне добрую плацілі. Але ж і палётаць даводзілася! Першая дойка ў 4 раніцы, дзённая – у 12, вячэрняя – у 18 гадзін. Дахаты апоўначы прыходзіла. А яшчэ ж і свая гаспадарка: дзве каровы трымалі, свінні, куры, усё дагледзець трэба…
Ганна Юльянаўна са сваім няўрымслівым характарам змяніла шмат месцаў працы: была і ў школе, і ў сельпо, некалькі разоў вярталася ў калгас. Да пенсіі працавала ў ашмянскім дарожным упраўленні – у Вароне быў яго ўчастак, дзе яна «і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц». 
Калі пайшла на заслужаны адпачынак, пасядзела дома толькі год – і занудзілася: сумна! Хоць і карову яшчэ трымае, і свіней, і птушку, і дом ды агарод дагледзець трэба, і ўнука Ягорку, калі паклічуць, бавіць – а ўсё роўна маркотна! І калі прапанавалі працаваць прыбіральшчыцай на атамнай станцыі, пагадзілася з радасцю.
– Мне ж доктар наказаў, каб штодзённы маршрут быў не менш пяці кіламетраў! – прыводзіць яна важкія аргументы на карысць здаровага ладу жыцця. – А там ведаеце колькі хадзіць трэба?
З тым, як дабрацца да месца працы, праблем у жан­чыны няма: яе вадзіцельскі стаж – 35 гадоў, правы атрымала, калі мужу як перадавіку сельгасвытворчасці выдзелілі новенькія «Жыгулі».
– А што ж, ён у рэйсе і ў рэйсе. А ў нас Наташка хварэла, яе па бальніцах вазіць трэба. Нашто каго прасіць, калі машына ў двары стаіць?
А Валянцін Іванавіч, у адрозненне ад жонкі, «не лятонцы»: усё жыццё працаваў вадзіцелем у калгасе. Сёлета яму спаўняецца 70, ужо 7 гадоў ён атрымлівае пенсію – а пакінуць руль не можа: прыкіпеў за жыццё. Што тут скажаш: адналюб! Што ў сям’і, што ў рабоце.
– Цяжка жылі, шмат працавалі, – падсумоўваюць вынік 40-гадовага сямейнага марафону Трамбовічы. – Асабліва калі дзяцей вучылі: абодва вышэйшую адукацыю атрымалі, на стацыянары ў Гродне вучыліся. А цяпер што ж? Жывём для сябе і адзін для аднаго… 
Текст: Нина Рыбик