Як кямелішкаўцы ў Полацк з’ездзілі

16:00 / 18.11.2022


“Ад Еўфрасінні, ад Скарыны… ад Полацка пачаўся Свет…” Гэтыя словы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна натхнілі вучняў Кямелішскай сярэдняй школы адправіцца ў вандроўку на старажытную Полаччыну.

Полацка-Лепельская партызанская зона мае непасрэднае дачыненне да нашага раёна. Менавіта з удзелам партызан у гады вайны здзейснены вызваленчы паход на Вільнюс, а на тэрыторыі Сарачанскіх азёр захавалася зямлянка, дзе жыў Пётр Машэраў.

Ушацкі раён

16 партызанскіх атрадаў пад кіраўніцтвам В. Лабанка здолелі прарваць нямецкую блакаду і выйсці з акружэння 11 красавіка 1944 года каля вёсак Паперна і Пліна Ушацкага раёна. 17 185 партызан перамаглі 60 000 ворагаў. 450 чалавек ахвяравалі сваё жыццё ў імя Перамогі. Зараз тут знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Прарыў”.

Уздоўж Полацкага тракта захаваліся 3 абарончыя дзоты.

Полацк: месцы баявой славы

Працягам экскурсіі па месцах баявой славы стала наведванне Алеі Герояў Савецкага Саюза, якая вядзе да Музея баявой славы і Кургана Бессмяротнасці. Тут знаходзіцца зямля з брацкіх магіл Полацкага, Аршанскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Лепельскага, Расонскага, Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці, Брэсцкай крэпасці, з могілкаў савецкім воінам на Альшанцы ў Празе. Капсулу з пасланнем нашчадкам завешчана ўскрыць у час святкавання 1200-годдзя Полацка. Хвілінай маўчання ўшанавалі астравецкія турысты подзвіг абаронцаў.

На агляднай пляцоўцы – баявая тэхніка: верталёт, самалёт, танкі, ракетныя комплексы, вайсковыя машыны. А насупраць, на другім беразе Дзвіны – велічная Сафія…

Уздоўж набярэжнай Дзвіны ўзносяцца ў неба журавы. Так сімвалічна змаглі ўвасобіць памяць аб 23 гвардзейцах, якія мужна трымалі абарону да прыходу асноўных сіл. На жаль, з 23 салдат у жывых тады застаўся толькі адзін.


Музейнымі сцежкамі

За адзін дзень наведаць усё немагчыма, таму далейшае знаёмства са старажытным Полацкам мы пачалі са стацыянарнай выставы “Прагулка па Ніжне-Пакроўскай” і дзіцячага і краязнаўчага музея.

У музеі беларускага кнігадрукавання кожны экспанат дыхае гісторыяй. Экскурсавод распавёў пра развіццё пісьменнасці ад старажытнасці да нашых дзён. Найбольш уразіла самая вялікая арыгінальная кніга, якая знаходзіцца ў музеі, вышынёй 98 см і вагой 26 кг, выдадзеная ў Маскве і выкарыстаная ў час каранацыі цара Аляксандра II. Сярод цікавых экспанатаў – карта ВКЛ з незвычайным размяшчэннем напрамкаў свету, дзе поўнач знаходзіцца не ўверсе, а справа.

Па прыступках падымаемся да Сафійскага сабора. Тут размешчаны музей архітэктуры гэтага ўнікальнага храма. Побач ляжыць трохметровы Барысаў камень, які паднялі з дна ракі 100 гадоў таму, крыху далей – каменны знак з імёнамі полацкіх князёў.

Велічнай 7-метровай фігурай сустракае нас Францыск Скарына. Крыху далей – помнікі Сімяону Полацкаму, Еўфрасінні Полацкай, памятныя знакі “Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы”.

Званы святой Ефрасінні

Праз Чырвоны мост накіроўваемся ў Свята-Еўфрасіньеўскі манастыр. Здалёку чуваць званы. У самой келлі ідуць рэстаўрацыйныя работы, але ўжо пераліваюцца на сонцы купал царквы і ўваходная арка У цэнтральным храме знаходзяцца мошчы святых, знакаміты Крыж Еўфрасінні Полацкай, адноўлены брэсцкім ювелірам М.Кузьмічом, а таксама мошчы самой святой і заступніцы зямлі беларускай. Кожны жадаючы можа пакланіцца гэтым святыням.


З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Вікторыя Іванцэвіч, Эліна Трыбоцкая, Марыя Мацкевіч, Анастасія Салавей (наперабой):

– У Полацку ўсё дыхае даўніной. Ён лічыцца цэнтрам Еўропы. Вельмі спадабаўся Сафійскі сабор, які ўразіў сваёй веліччу. Нам вельмі пашанцавала: на свае вочы ўбачылі Крыж Еўфрасінні Полацкай, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, змаглі пакланіцца машчам вялікай асветніцы. Увогуле, спадабалася ўсё, шкада толькі што часу мала, каб паспець убачыць усе знакамітыя мясціны.

Арцём Марцінкевіч, Дмітрый Дзенюш, Дзмітрый Дарашкевіч (наперабой):

– Нас найбольш уразілі дзоты часоў Вялікай Айчыннай вайны, Курган Бессмяротнасці і ваенная тэхніка.

Ягор Шляхцін:

– Я запомніў цікавы аповед экскурсавода ў Музеі беларускага кнігадрукавання і самую вялікую кнігу вагой 26 кілаграмаў!


Данута МАРЦІНКЕВІЧ, Кямелішская СШ.