Лёсы Вялікай Айчыннай: за тыдзень да Перамогі загінуў франтавік Станіслаў Ігнатовіч з вёскі Запольныя

15:15 / 16.05.2021
Усё далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай, усё менш яе сведкаў, але не зацягваюцца шнары на сэрцы народным. І не зацягнуцца, пакуль жывуць у памяці нашчадкаў героі Перамогі. 

IMG_3578.jpg

«Прывітанне. Хацеў бы расказаць гісторыю свайго прадзядулі, які ваяваў і памёр у Берліне ў апошнія дні вайны, а пра яго ў гісторыі Астраўца нічога не напісана. Гэта вельмі важна для маёй бабулі», – звярнуўся ў суполку газеты Дзмітрый Лісоўскі. 
Малады чалавек у пошуках звестак аб прадзедзе адправіў запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, дзе яму паведамілі, што яго родзіч быў радавым 1-й пяхотнай дывізіі, прызваны ў войска 3 лістапада 1944 года.
Так мы даведаліся пра яшчэ аднаго ветэрана вайны, жыхара вёскі Запольныя Валэйкішскага сельскага Савета Станіслава Францавіча Ігнатовіча 1915 года нараджэння. 
– Паўтары гадкі я мела, як татку забралі. Пра яго ведаю толькі з расповедаў, светлай памяці, мамы Станіславы, – расказвае жыхарка вёскі Трокенікі-2 Міраслава Змітровіч. – Бацька вельмі вясёлы быў, кампанейскі. Як прыходзіў на танцы, усіх дзяўчат падрад запрашаў, казаў, што кожная патанцаваць хоча. Характар меў гарачы, але добры, хутка адходзіў. А да работы быў: як займецца, так каб зрабіць усё як след! 

IMG_3581.jpg

Бацькі Міраславы Змітровіч пабраліся шлюбам у сакавіку 1941-га. Станіслаў прывёў маладую жонку ў матчыну хату. 
– З імі ў адным доме і сястра татава з мужам жылі, і брат нежанаты. Так і былі ўсе разам, пакуль бацькі сваю хату не паставілі – таксама ў Запольных, – працягвае дачка ветэрана.  
У Ігнатовічаў нарадзілася двое дзетак, праўда, другога бацька  ўжо не ўбачыў.
– Я нарадзілася ў вайну – у лютым 1943-га, і да мяне мама цяжарная была, але страціла дзіця, – дзеліцца Міраслава Станіславаўна. – Як бацьку забралі, 1944 год быў. Мама яго прапускала аж да Гудагая на цягнік. Усе садзяцца ў вагоны, расказвала, а ён ад яе  не адыходзіў – душа рвалася ад болю. Выходзіць, адчуваў тата, што больш не ўбачацца яны… І не вярнуўся! У мамы неўзабаве хлопчык нарадзіўся, але бацька нават не ведаў, што сын у яго ёсць, – праўда, усяго месяц пажыў мой брацік. Лісты чамусьці да бацькі не даходзілі, а маці ад яго атрымлівала. Ён кожны раз пытаў, чаму яна не адказвае … 
Пра тое, што яе Стася не стала, Станіслава даведалася не адразу: як прыйшла гэтая чорная вестка, – родзічы змаўчалі. 
– Разам з бацькам ваяваў яго швагер Олісь Шыпкоўскі. Ён і ліст даслаў дахаты, што тату майго забілі – у Берліне яго «зняў» снайпер за тыдзень да Перамогі, – з болем у голасе гаворыць жанчына. – Олісь не бачыў гэтага,  але запытаў у начальніка, той і паведаміў, што  забілі бацьку…   Мама была ў Карвэлях у бабці, калі бацькавай сястры ліст з нядобрай весткай прынеслі. Яго схавалі – не ведалі, як сказаць маці. Яна часта ўспамінала той дзень, калі даведалася, што бацьку забілі: цяжка неяк стала, млосна, прылягла на ложак, а тут прыбегла дачка Оліся Юзя, ліст на ложак кінула і паляцела. Мама, прачытаўшы, усхапілася і пабегла да бярвенняў, якія яшчэ з бацькам на хату нарыхтоўвалі, завалілася на іх і загаласіла…
Стасю тады і родныя, і знаёмыя ўгаворвалі раней часу не гараваць, не губляць надзеі, магчыма, гэта памылка, – Олісь жа не бачыў яе мужа мёртвым, дасць бог, пераблыталі. Раілі жанчыне пачакаць пахаванку – калі прыйдзе, значыць, праўда. 
Станіслаў Францавіч загінуў 1 мая 1945 года – афіцыйнае сведчанне гэтаму яго жонка атрымала ў канцы чэрвеня: «Островецкий райвоенкомат извещает гр-ку Игнатович Станиславу Юзефовну в том, что муж Игнатович Станислав Францевич в бою <…>,  верный воинской присяге, проявив геройство и мужество, убит <…> в городе Берлине».

1.jpg

– Якімі дарогамі давялося прайсці, дзе пахаваны – нічога не ведаем, – засмучана глядзіць на партрэт бацькі дачка ветэрана. – Як іду на маміну магілу, заўсёды свечачку і за тату запальваю. А цяпер яго імя з’явілася на помніку загінулым землякам у Трокеніках – ён жа таксама памёр за Радзіму…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: