Адкуль бяруцца бяздомныя каты, хто іх ратуе і чым ім дапамагчы

14:30 / 11.11.2022

У рэдакцыю прыйшла жанчына. Імя сваё яна не хавала, тым больш што яе добра ведаюць у Астраўцы. Але я знарок не называю яе прозвішча – ніжэй растлумачу, чаму. 
Прыйшла Яніна Анатольеўна – назавём яе так – з просьбай узняць на старонках «Астравецкай праўды» праблему бяздомных катоў. 
– «Кашатніцай» я стала не па сваёй волі, – расказала жанчына. – Так, у нас дома заўсёды жыў кот, неаднойчы была магчымасць пераканацца, якія гэта разумныя і добрыя жывёліны, кожная са сваім характарам. Але цяпер…
…Цяпер катоў у Яніны Анатольеўны не адзін, не два і нават не тры – восем! Чацвёра «старажылаў», што прыбіліся да двара першымі, дапушчаны ў дом, яшчэ столькі ж жывуць на панадворку. Сын гаспадыні зрабіў для іх спецыяльны домік, каб не мерзлі ў сцюжу і не моклі пад дажджом.
Жыве Яніна Анатольеўна ў прыватным сектары на ўскраіне Астраўца. І час ад часу, адкрываючы ранкам дзверы, бачыць на ганку пушысты камячок, які жаласліва мяўкае…
– Ну не магу я не накарміць няшчасніка! Гэта ж жывая істота, божае стварэнне! – ледзь не плача жанчына. – Я не ведаю, чаму яны не ідуць да некага з суседзяў, а толькі да мяне!
Яніна Анатольеўна ў роспачы. Гадаванцаў жа адной пяшчотай ды ласкай не накорміш! І мышэй у наваколлі на ўсіх не хопіць. Са сваёй не вельмі вялікай зарплаты жанчына закупляе оптам самыя танныя макароны і рыбу і штодня варыць сваім разнамасным кватарантам шасцілітровую каструлю ежы – усё з’ядаюць за мілую душу! А яшчэ іх перыядычна трэба лячыць і клапаціцца, каб не размнажаліся ў геаметрычнай прагрэсіі – паслугі ветэрынара таксама каштуюць нятанна.
– Я не ведаю, што мне рабіць, – разводзіць рукамі жанчына. – Расходы на догляд катоў адчувальна б’юць па кішэні. Аднойчы зазлавалася, вырашыла: адвязу на ферму, як іншыя робяць! Што я, самая багатая ў Астраўцы? Падумала пра гэта – і тры дні не спала, пакуль нявестка, заўважыўшы мой стан, не сказала: «Ніхто ж вас не прымушае гэтага рабіць». У мяне нібы гара з плеч звалілася…
Яніна Анатольеўна расказвае, што «падкідышы» сталі з’яўляцца ў яе двары ў апошні час. Яна лічыць, з-за таго, што з завяршэннем будаўніцтва многіх аб’ектаў Беларускай АЭС Астравец пакідаюць сем’і, якія жылі тут месяцы і гады. Пасяліўшыся ў нашым гора­дзе, з найлепшых намераў ці саступіўшы просьбам дзяцей, людзі бралі ў дом кацянят. А цяпер, калі трэба ад’язджаць, не хочуць важдацца з хатнімі гадаванцамі: выехаўшы за горад, выпускаюць іх, каб не браць грэх на душу і не бачыць асуджальных позіркаў былых суседзяў. А кот, пабадзяўшыся па наваколлі, прыбіваецца да людзей, якія, адчувае, не пакрыўдзяць. 
Ведаю, што Яніна Анатольеўна – далёка не адзіная, хто міжволі стаў утрымальнікам «каціных прытулкаў».
– Бачна ж, што каты хатнія, дагледжаныя: кастрыраваныя, з ашыйнікамі, некаторыя – пародзістыя. Але ж аказаліся не­пат­рэбнымі… – з болем у голасе канстатуе жанчына. – Можа, варта ўзняць гэтую праблему на старонках газеты і зрабіць больш жорсткім пакаранне для людзей, якія выкідваюць на вуліцу хатніх гадаванцаў? Мы ж павінны быць у адказе за тых, каго прыручылі…
Але, на мой погляд, пакаранне справу не вырашыць. Яно можа быць якім заўгодна жорсткім, але для таго, каб яго прымяніць, трэба перш знайсці тых, хто выкінуў жывую істоту як непатрэбную цацку. А гэта праблематычна: візітак сваіх гаспадары пакінутых катоў за ашыйнікамі не пакідаюць.
І пакаранымі ў гэтай сітуацыі могуць стаць толькі сама гаспадыня «кацінага прытулку» і яго насельнікі. Яніна Анатольеўна – як парушальніца пастановы Савета Міністраў № 834 аб рэгістрацыі хатніх жывёл. Таму я і не назвала сапраўднае імя сваёй суразмоўцы – бо жанчыну з добрым сэрцам і невялікім даходам могуць аштрафаваць за парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл.
А каты, калі гаспадыня не зможа іх утрымліваць, пяройдуць у катэгорыю бадзялых і могуць стаць ахвярай якіх заўгодна жыццёвых катаклізмаў.
Дык дзе ж выйсце? У мяне няма адказу на гэтае пытанне. У вялікіх гарадах ствараюцца прытулкі для бяздомных жывёл, але Астравец да гэтага пакуль не дарос, бо, як вы разумееце, задавальненне гэта нятаннае, а займаюцца ратаваннем тых, каго прыручылі, а потым забылі пра адказнасць, як правіла, валанцёры. Ці ёсць такія ў нашым горадзе? 
І другі, прыватны бок праблемы: як дапамагчы Яніне Анатольеўне і дзясяткам такіх жа добрасардэчных людзей, якія добраахвотна, ва ўрон уласнаму бюджэту, узялі на сябе клопат аб ратаванні бяздомных жывёл? Магчыма, нехта захоча забраць аднаго з гадаванцаў жанчыны ў свой дом? Можа, хтосьці дапаможа грашыма, кормам, ветэрынарнымі паслугамі, любымі іншымі сродкамі? Яніне Анатольеўне і іншым кашатнікам не па сваёй волі любая дапамога будзе дарэчы. 
Ці нехта прапануе іншае агульнапрымальнае вырашэнне праб­лемы бяздомных жывёл?
Пішыце, тэлефануйце, пакідайце свае прапановы ў каментарыях у сацыяльных сетках – магчыма, разам мы зможам калі не вырашыць праблему, то зняць яе вастрыню.

Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета