На Астравеччыне ўбіраюць цукровыя буракі

11:00 / 28.09.2022
Успамінаецца нядаўні ажыятаж на цукар, калі людзі бралі яго ўпакоўкамі, маўляў, падаражэе ці ўвогуле знікне. Каб даведацца, ці будзем сёлета з цукрам, наш карэспандэнт выправіўся ў КСУП «Гудагай». 

Восьмы сезон бурака­ўборачным камбайнам «Вервайт» кіруе Віталь Мілэйша. 

– Гэты сезон нічым не адрозніваецца ад леташніх. Праўда, у гэтым годзе працую з памочнікам, – расказаў механізатар. – Меркаваць пра ўраджайнасць буракоў пакуль рана – толькі пачалі ўборку. У бункер змяшчаецца каля 15 тон, якія набіваю за 10-15 хвілін. Машыны іх адвозяць на чыгунку, дзе адбываецца адгрузка караняплодаў на Жабінкаўскі цукровы завод. 

Вопыт у Віталя Мілэйшы сёлета пераймае Аляксандр Змітровіч, які прыйшоў у КСУП «Гудагай» пасля заканчэння Ашмянскага аграрнага каледжа. Па словах маладога чалавека, яго выбар на сельскую гаспадарку паў невыпадкова. 

– Перад вачыма ў мяне заўсёды быў яскравы прыклад – бацька, які шмат гадоў працуе ў «Гудагаі». Цягам апошніх сезонаў на жніве ён заўсёды ўваходзіць у тройку першых вадзіцеляў-тысячнікаў. У пэўнай ступені я хацеў быць падобным да яго. Гэтым летам не сядзеў склаўшы рукі, а дапамагаў Анд­рэю Міхайлоўскаму ўбіраць збожжа. А падчас вучобы ў школе летам падпрацоўваў на зернескладзе, – падзяліўся малады чалавек. 

У Ашмянах Аляксандр атрымаў спецыяльнасці вадзіцеля, трактарыста і слесара.

– На ўборцы цукровых буракоў мая задача – штодзень падрыхтаваць камбайн да выхаду ў поле. На ўчастку сачу, каб камяні не засядалі ў роліках. Работа падабаецца – гэта галоўнае, – лічыць малады чалавек. 

У КСУП «Гудагай» у сярэднім за дзень цукровыя буракі выкопваюць з 10 гектараў. 

У тэму

Міхаіл Шлыковіч, загадчык сектара расліна­водства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

– Адгружаць цукровыя буракі на Жабінкаўскі завод пачалі 23 верасня тры гаспадаркі: КСУП «Гудагай», «Гервяты» і «Варняны». За першы дзень было запоўнена 14 вагонаў. 


Камбайнер Віталь Мілэйша

Памочнік Аляксандр Змітровіч


Текст:
Фото: Алёна Ганулич